На 2022 год налічваў 17 прадпрыемстваў, якія выраблялі побытавую і прамысловую электроніку, плястык і аўтамабільныя вузлы, а таксама сьвяцільнікі. Шэраг прадпрыемстваў аказваў паслугі лекаваньня і адпачынку, перавозак і найму нерухомасьці. Налічваў звыш 5000 супрацоўнікаў, зь іх звыш 500 інжынэраў[1]. Асноўнымі вырабамі былі воданагравальнікі і мікрахвалёвыя печы, ноўтбукі і стэрылізатары, а таксама тэлевізары[2]. Раздробная сетка ў Беларусі ўлучала сеткі крамаў «Тэхна» і «Электрасіла», сталічныя ўнівэрмагі «Беларусь» і «На Нямізе», а таксама інтэрнэт-краму «21 век»[3]. Рамонтныя майстэрні дзейнічалі ў 9 гарадах краіны: у Менску і па 4 у Гарадзенскай і Менскай абласьцях — у Зьдзецелі і Лідзе, Наваградку і Смаргоні, а таксама ў Барысаве і Маладэчне, Нясьвіжы і Стоўпцах[4].
На 2022 год холдынг «Гарызонт» улучаў:
«Інстытут лічбавага тэлебачаньня Гарызонт» (вул. Куйбышава, д. 35)[5]. Налічваў звыш 400 супрацоўнікаў. Заснаваны ў 1959 годзе ў якасьці спэцыяльнага канструктарскага бюро ў выніку далучэньня «Менскага інструмэнтальнага заводу»[6]. Вырабляў:
блёкі кантролю гідраўлікі, рухавіка і сьпідомэтра кар'ерных самазвалаў «БелАЗ», бартавую сыстэму кантролю і кіраваньня «БСКК-01» для вузлоў збожжаўборачнага камбайна, навігацыйна-аглядную сыстэму «СНТ-01» для спадарожнікавага месцавызначэньня самахода, бартавую інфармацыйна-кіравальную сыстэму «БІКС» зь відэакамэрамі для выканаўчых прыладаў і сыстэму аўтамабільных відэапарктронікаў «СВА-1»[8];
інтэрактыўна-чуйнікавую мультыдошку «ІТС-25-65Р», манітор «ДС» зь месцавызначэньнем для суправаджэньня пасажыраў грамадзкага транспарту, інфармацыйна-чуйнікавую стойку «Ростра», празрысты дысплэй «Гарызонт Крышталь 55К» і інтэрактыўны дысплэй «Гарызонт Крышталь 55К Смарт» для прагортваньня прэзэнтацыі[9];
акустычную мішэнь для стралковай зброі, верталётнай і танкавай стральбы, сьвяцільні «ДДВ04» для пасажырскіх вагонаў, «ДДВ01» для міжвагонных пераходаў, «ДДВ09» для калідораў у вагонах, «УСВ24» для дзьвярнога замка ў прыбіральні вагона, «ДДВ05-6х1,2» для кабіны машыніста, «ДДВ05-6х0,8» для чырвонага габарытнага ліхтара вагона-дрызіны, «ДДВ04» для тамбура электрацягнікоў і «ДДВ02» для прыбіральні ў вагоне, «ДДВ01-2» і «ДДВ01-18» для мясцовага і агульнага асьвятленьня ў купэ вагона[10].
Завод электронікі і побытавай тэхнікі «Гарызонт» (Маскоўскі раён, мікрараён Пятроўшчына, зав. Кавалеўскай, д. 62)[11]. Заснаваны ў 1950 годзе ў якасьці «Менскага радыёзаводу». Выпускаў да 8000 смарт-тэлевізараў у звышвысокім разрозьненьні 8000 піксэлаў за зьмену на аснове арганічных сьвятлодыёдаў.
«Мідэа-Гарызонт» (зав. Кавалеўскай, д. 52). Выпускаў да 1,5 млн мікрахвалёвых печак за год[12].
«Менскае вытворчае аб'яднаньне вылічальнай тэхнікі» («МВАВТ»; вул. Прытыцкага, д. 62)[13]. Заснаванае ў 1956 годзе ў якасьці «Менскага заводу электронных вылічальных машынаў». Вырабляла блёкі для цяжкавікоў і камбайнаў, трактароў і кар'ерных самазвалаў, дамафоны і тэлефоны, інфармацыйныя таблё і мэдычныя шафы, а таксама касавыя апараты[14].
Завод «Вымяральнік» (Наваполацак, Вымяральніцкі праезд, д. 4а)[15]. Выпускаў аўтатрактарныя чуйнікі і індыкатары, сыстэмы кіраваньня і пераўтваральнікі напругі[16], кампутары «Сырыюс» для кіраваньня энэргаспажываньнем і кантралёры выдаткаў у газавай турбіне[17].
Менскі завод «Тэрмапляст» (вул. Кнорына, д. 50)[18]. Заснаваны ў 1944 годзе ў якасьці «Менскага тленавага заводу». Вырабляў плястыкавыяскрыні і латкі для харчаваньня, кармушкі для куранятаў і парасятаў, паілкі для птушкі і кароваў, шчылінную падлогу і кошыкі, посуд, зэдлікі і сталы[19].
Завод «Беліт» (Паставы, Вакзальная вул., д. 5)[20]. Заснаваны ў 1976 годзе ў якасьці завода радыёкампанэнтаў. Вырабляў рызьзё і ходнікавую плітку, мэталічныя кантэйнэры і брамы, агароджу і рубільныя нажы, а таксама вацін (палатно) для мэблі і ўцяпленьня вопраткі і жытла[21].
«Берасьцейскі электралямпавы завод» (Берасьце, Маскоўская вул., д. 204)[22]. Заснаваны ў 1966 годзе. Вырабляў сьвятлодыёдныя лямпы і лямпы напальваньня, натравыя газаразрадныя лямпы і кварцава-галагенныя лямпы для самаходаў[23].
«Гарызонт-Белінвэст-Дэвэлапэр» (Чырвоная вул., д. 7). Заснаваны ў 2010 годзе. Аказваў паслугі найму камэрцыйнай нерухомасьці і будаўнічага мантажу. Падлучаў тэлефонныя сеткі і ажыцьцяўляў аддзелачныя, сантэхнічныя і сьлясарныя працы.
«Гарызонтпраектбуд». Ажыцьцяўляў тэхнічны нагляд за будаўніцтвам і забудову[24].
«Гарызонт Рус» (Масква, Сакалова-Мяшчэрская вул., д. 29)[25]. Заснаванае ў 2000 годзе. Гандлёвае прадстаўніцтва ў Расеі для пастаўкі побытавай электронікі.
«Гарызонт Лягістык» (зав. Кавалеўскай, д. 52). Заснаванае ў 2008 годзе. Ладзіла міжнародныя аўтамабільныя грузаперавозкі і аказвала складзкія паслугі[26].
Мэдычны цэнтар «Гарызонт» (вул. Кісялёва, д. 12)[27]. Заснаваны ў 1950-я гады. Рабіў аналізы крыві і прышчэпкі. Ладзіў выезд лекараў на дом і меў дзённы стацыянар. Праводзіў ультрагукавое дасьледаваньне і рэнтгенадыягностыку, ручны масаж і дыхальны тэст на хэлікабактэрыю пры язвавай хваробе страўніка. Ладзіў хірургічныя апэрацыі і мэдычныя агляды кіроўцаў і абітурыентаў. Праводзіў лячэньне зубоў і кансультацыі лекараў для лячэньня зроку і дыхальных шляхоў, сэрца і плоцевых органаў, нэрвовай і эндакрыннай сыстэмаў[28].
Сацыяльны комплекс «Гарызонта». Улучаў аздараўленыя летнікі «Гарызонт» на 1300 дзяцей у Радашкавічах (Маладэчанскі раён) і «Хваля» ў Волме (Смалявіцкі раён), «Сьвітанак» у Ждановічах (Менскі раён) і працоўныя інтэрнаты ў Менску. Таксама дзейнічала 8 дзіцячых садкоў у Менску на 1500 месцаў: № 64, 103, 380, 404, 448, 460, 504 і 532[29].
17 лістапада 1950 году Міністэрства мясцовай прамысловасьці Беларускай ССР заснавала «Менскі радыёзавод». 3 чэрвеня 1957 году прадпрыемства перадалі Ўправе прыборабудаваньня і мэталавырабаў Рады народнай гаспадаркі БССР. У 1963 годзе «Менскі радыёзавод» падпарадкавалі Міністэрству радыёпрамысловасьці СССР[30].
10 жніўня 1972 году ўтварылі Вытворча-тэхнічнае аб'яднаньне «Гарызонт», у склад якога ўвайшлі «Завод радыё- і тэлевізійных футаралаў» («ЗРТФ»), заснаваны ў 1969 годзе, і спэцыяльнае канструктарскае бюро. На 1997 год вытворчае аб'яднаньне «Гарызонт» улучала аднайменны завод, завод «Альмагор», створаны ў 1992 годзе на аснове «ЗРТФ», навукова-вытворчы комплекс «Сыгнал», заснаваны ў 1989 годзе на аснове завода «Сэнсар», Навукова-дасьледчы інстытут лічбавага тэлебачаньня і «Прадпрыемства кабэльнага і спадарожнікавага тэлебачаньня», далучаныя ў 1991 годзе, Гандлёвы дом «Гарызонт», заснаваны ў 1996 годзе, і завод «Беліт» у Паставах, далучаны ў 1992 годзе. На прадпрыемстве выраблялі тэлевізары і радыёпрымачы, а таксама кабэльныя і спадарожнікавыя тэлеантэны[31].
22 сьнежня 2022 году «Гарызонт» распачаў продаж ноўтбукаў «Мак4» на 2-і дзень пасьля пачатку іх масавай вытворчасьці. Кіраўнік холдынга «Гарызонт» Юры Прадко адзначыў, што ноўтбук распрацавалі на працэсары «Інтэл Кор» 11-га пакаленьня[32]. Узровень лякалізаваньня выпусканых ноўтбукаў склаў каля 30%[33].