школа беларускай меншасьці ў Вільні From Wikipedia, the free encyclopedia
Віленская беларуская гімназія — навучальная ўстанова ў Вільні, якая дзейнічала ў 1919—1944 гадох. У розны час тут працавалі Адам Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, Рыгор Шырма, Барыс Кіт, Антон Грыневіч, Язэп Драздовіч, Антон Неканда-Трэпка, Францішак Грышкевіч і іншыя выдатныя навукоўцы, літаратары і пэдагогі. 3 гімназіі пачалі свой творчы шлях паэты Натальля Арсеньнева, Хведар Ільляшэвіч, Алесь Салагуб, Валянцін Таўлай, пісьменьнік Кастусь Акула, мастак Раман Семашкевіч, навуковец, старшыня Рады БНР Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Тут навучаліся дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Тумаш, гісторык Язэп Найдзюк, журналіст і пэдагог Янка Багдановіч, гісторык і выдавец Вацлаў Пануцэвіч, публіцыст і грамадзкі дзяяч Лявон Луцкевіч.
Віленская Беларуская гімназія | |
Gimnazjum Białoruskie w Wilnie | |
Сьвяткаваньне ўгодкаў абвяшчэньня БНР у гімназіі, 1935 год | |
Заснаваная | 1919 |
---|---|
Зачыненая | 1944 |
Дырэктар |
Міхаіл Кахановіч Браніслаў Тарашкевіч Радаслаў Астроўскі |
Адрас | Другая Рэч Паспалітая, Вільня, вул. Вострабрамская, 9 |
Геаграфічныя каардынаты | 54°41′ пн. ш. 25°17′ у. д. |
Віленская Беларуская гімназія |
Віленскую гімназію называюць беларускім нацыянальным унівэрсытэтам[1].
Віленская Беларуская гімназія была адчыненая ў 1919 годзе. У 1918 годзе ўлады Нямецкай імпэрыі перад адступленьнем далі дазвол на адкрыцьцё гімназіі. Па гэтым летувіскія ўлады дазволілі адчыніць беларускую гімназію ў памяшканьні Базылянскіх муроў. Заняткі ў гімназіі пачаліся 1 лютага 1919 году[4][5].
Гімназія была навучальнай установай мяшанага тыпу: у ён навучаліся як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Першапачаткова ў гімназіі было 8 клясаў, у ёй працавалі 18 настаўнікаў і навучаліся 387 вучняў[6]. Першы выпуск адбыўся 14 чэрвеня 1921 году[7]. Гімназію скончылі на атэстат засьпеласьці беларусы: Аляксюк, Валерыян; Арсеньнева, Натальля; Бонч-Асмалоўская, Галіна; Бонч-Асмалоўскі, Богдан; Акушчанка, Вольга; Валадзіміршчынка, Ганна; Васільева, Марыя; Клімовіч, Адольф; Лабуцянка, Ганна; Леткевіч, Мікола; Макоўшчынка, Ліда; Недзьвеччынка, Кляўдыя; Пуська, Александар; Сасноўскі, Александар; два экстэрны: Дварчанін, Ігнат і Станкевіч, Янка; апроч таго яшчэ 25 чалавек небеларусаў[8]. У 1922 годзе скончылі гімназію 36 вучняў [9]. Былі запрошаны новыя пэдагогі: пан Зянкевіч (польская мова), атрымаўшы вышэйшую зканамічную адукацыю, пан Сьнежынскі (агульная гісторыя й гісторыя славянскай літаратуры), Архімандрыт Піліп, Рэктар Віленскае Духоўнае Сэмінарыі (Славянская мова), пан Аляксандар Міхалевіч (Нямецкая мова), пані Альшэўская (Француская мова), пачалі працаваць: гурток па лацінскай мове, пад кіраўніцтвам пана Мікалая Красінскага (вольны пераклад Цэзара) і гурток па географіі пад кіраўніцтвам пана Ігната Канчэўскага (экскурсіі, практыкаваньня па зьніманьню плянаў, гульні і інш.)[10]. Доўгі час гімназія была прыватнай і фінансавалася рознымі грамадзкімі арганізацыямі, у ліку якіх былі Школьная рада ў Вільні, Таварыства беларускай школы і бацькоўскі камітэт[11]. Частка вучняў, пераважна сіроты і вучні незаможных бацькоў, навучаліся бясплатна.
Першым дырэктарам гімназіі быў Міхаіл Кахановіч.
Апроч адукацыі, у гімназіі праводзілася рознабаковае мастацкае навучаньне: працавалі літаратурны і драматычны гурткі, мастацкая студыя пад кіраўніцтвам Язэпа Драздовіча, духавы аркестар на 20 музычных інструмэтраў. Таксама быў хор, якім кіраваў Рыгор Шырма. Апроч усяго гэтага вучні займаліся выдавецтвам сваіх часопісаў, мелі свой вучнёўскі каапэратыў. Таксама ў межах гімназіі існавала скаўцкая арганізацыя.
У першыя гады па адкрыцьці пры гімназіі ўтварыўся Беларускі прытулак для дзяцей-сіротаў. У прытулак траплялі дзеці зь Вільні, Ашмяншчыны, Гарадзеншчыны, Наваградчыны.
Выпускнікамі Віленскай Беларускай гімназіі зьяўляецца значная частка заходнебеларускай інтэлігенцыі. Сярод выпускнікоў гімназіі былі такія асобы, як Барыс Кіт, Максім Танк, Наталя Арсеньнева, Міхал Вітушка, Сьвятаслаў Коўш, Вітаўт Тумаш, Вінцэнт Жук-Грышкевіч.
У 1944 годзе па сканчэньні навучальнага году гімназію зачынілі бальшавіцкія ўлады — па тым, як яны занялі Вільню.
У верасьні 1994 году беларускую гімназію ў Вільні аднавілі ў выглядзе сярэдняй школы №15 зь беларускай мовай навучаньня, пазьней ператвораную ў беларускую школу імя Францішка Скарыны.
1 лютага ў Віленскай беларускай школе імя Францішка Скарыны адзначаецца як Дзень гімназіі.
На студзень 2012 году беларусы складалі 15% навучэнцаў[12]. 15 лютага 2013 году мэрыя Вільні надала школе статус гімназіі (вул. Сеціно, д. 21). На ліпень 2013 году гімназія імя Францішка Скарыны была адзінай поўнай сярэдняй беларускай школай за межамі Беларусі. Пагатоў беларуская гімназія Вільні займала 7-е месца паводле якасьці асьветы сярод сярэдніх агульнаадукацыяных школаў Летувы. У гімназіі налічвалася 166 вучняў[13].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.