асоба, у якой памерлі бацькі From Wikipedia, the free encyclopedia
Сірата — асоба, у якой памерлі бацькі.
На 2015 год у сьвеце налічвалася звыш 15,1 млн дзяцей-сірот[1]. У Беларусі дзяржаўным забесьпячэньнем карыстаюцца дзеці-сіроты ва ўзросьце да 18 гадоў і дарослыя асобы, якія асірацелі ў дзяцінстве.
21 сьнежня 2005 г. А.Лукашэнка падпісаў Закон № 73-З «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, ...», паводле 8-га артыкула якога тыя забясьпечваліся ў дзяржаўных дзіцячых прытулках «пражываньнем, харчаваньнем, адзеньнем, абуткам, мяккім інвэнтаром і абсталяваньнем, падручнікамі, навучальнымі дапаможнікамі і прыналежнасьцямі, прадметамі асабістай гігіены, іншымі прадметамі першай неабходнасьці, а таксама па дасягненьні імі ўзросту 7 гадоў — штомесяц грашовымі сродкамі на асабістыя выдаткі па ўсталяваных нормах». Забесьпячэньне захоўваецца пры паступленьні ў дзяржаўныя навучальныя ўстановы па-за дзіцячым прытулкам. Паводле 12-га артыкула Закона, сіротам «жылыя памяшканьні сацыяльнага карыстаньня дзяржаўнага жылога фонду даюцца цягам 6 месяцаў пасьля дасягненьня імі паўналецьця» і захоўваюцца за імі на праве ўласнасьці цягам усяго жыцьця. За 2007—2012 гады колькасьць сіротаў у Беларусі скарацілася з 28,2 тысячаў да 24,7 тысячаў. У выніку зачынілі 23 сіроцкія прытулкі[2]. На 1 студзеня 2012 году ў чарзе на атрыманьне памяшканьня сацыяльнага карыстаньня стаялі звыш 11 000 сіротаў[3].
Доля сіраты шырока апісваецца ў мастацтве, як цяжкая, у тым ліку ў народных прыказках і прымаўках: «Усе бачаць, як сірата скача, але ніхто ня бачыць, як яна плача», «Ніхто ня ведае, як сірата абедае», «Сірату б’юць, а плакаць не даюць», «Як сіраце жаніцца, дык і дзень кароткі», «Сіратою жыць, сьлёзы ліць»[4].
У беларускай літаратуры творы пра сіротаў напісалі Ўладзіслаў Сыракомля (драма «Магнаты і сірата», 1859 г.)[5], Алаіза Пашкевіч (апавяданьне «Сірата», 1906 г.), Якуб Колас (апавяданьне «Сірата Юрка», 1914 г.)[6], Янка Брыль (апавяданьне «Сіроцкі хлеб», 1956 г.)[7].
У Новым Запавеце: «Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам» (Пасланьне Якава 1:27)[8].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.