From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэспу́бліка Аргенты́на, Аргенты́на, Арґенты́на (па-гішпанску: Republika Argentina, Es-Argentina.ogg ) — краіна ў Паўднёвай Амэрыцы. На поўначы мяжуе з Парагваем і Балівіяй на паўночным ўсходзе — з Бразыліяй і Уругваем, на захадзе — з Чылі. З поўдня краіна амываецца пралівам Дрэйка. Аргентына прэтэндуе на Фолклэндзкія астравы, а таксама на частку Арктыкі. Мацерыковая плошчай краіны складае 2,78 млн км². Такім чынам, Аргентына зьяўляецца восьмай паводле велічыні краінай у сьвеце, чацьвёртай у Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы, і найбуйнейшай гашпанамоўнай краінай сьвету. Дзяржава падзяляецца на дваццаць тры правінцыі і аўтаномны горад Буэнас-Айрэс, які мае адмысловы статус як фэдэральная сталіца. Усе правінцыі і сталіца маюць свае ўласныя канстытуцыі, якія, аднак, базуюцца на агульнай аргентынскай канстытуцыі. Назва паходзіць ад лацінскага «срэбра» (лац. argentum) — гэтым мэталам індзейцы ўзнагародзілі тых, хто застаўся жывым пасьля караблекрушэньня з экспэдыцыі Хуана Дыяса дэ Соліса.
Аргентына República Argentina | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: En Unión y Libertad | |||||
Дзяржаўны гімн: «Himno Nacional Argentina» | |||||
Афіцыйная мова | Гішпанская | ||||
Сталіца | Буэнас-Айрэс | ||||
Найбуйнейшы горад | Буэнас-Айрэс | ||||
Форма кіраваньня | Рэспубліка Хаўер Мілей | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
8-е месца ў сьвеце 2 780 403 км² 1,1% | ||||
Насельніцтва • агульнае (2015) • шчыльнасьць |
32-е месца ў сьвеце 43 417 000 14,4/км² | ||||
СУП • агульны (2008) • на душу насельніцтва |
31-е месца ў сьвеце $338,7 млрд $8522 | ||||
Валюта | Аргентынскі пэса (ARS) | ||||
Часавы пас • улетку |
ART (UTC-3) ARST (UTC-3) | ||||
Незалежнасьць ад Гішпаніі |
9 ліпеня 1816 | ||||
Аўтамабільны знак | RA | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .ar | ||||
Тэлефонны код | +54 | ||||
Раньняя зафіксаваная прысутнасьць чалавека на тэрыторыі сучаснай Аргентыны ўзыходзіць да часу палеаліту. У XVI стагодзьдзі пачалася гішпанская калянізацыя рэгіёну. Аргентына паўстала як правапераемніца віцэ-каралеўства Рыё-дэ-ля-Плята, гішпанскага намесніцтва, заснаванага ў 1776 годзе. Вайна за незалежнасьць у 1810—1818 гадох працягнулася шэрагам грамадзянскіх войнаў, пакуль у 1861 годзе не была створана краіна, зарганізаваная ў якасьці фэдэрацыі правінцыяў і Буэнас-Айрэсу, які стаў сталіцай новай краіны. Наступныя гады вызначаліся адносным мірам і стабільнасьцю, за часам якіх Аргентына зьведала некалькі хваляў пераважна эўрапейскай іміграцыі, што радыкальна зьмяніла культурнае і дэмаграфічнае становішча ў краіне. Амаль беспрэцэдэнтны рост дабрабыту прывёў да таго, што Аргентына сталася сёмай самай заможнай нацыяй у сьвеце на пачатку XX стагодзьдзя.
Пасьля Вялікай дэпрэсіі 1930-х гадох Аргентына ўвайшла ў пэрыяд палітычнай нестабільнасьці і эканамічнага спаду, які штурхнуў яе назад у сваім разьвіцьці[1], хоць яна і заставала пэўны час ў групе заможных краінаў. Пасьля сьмерці прэзыдэнта Хуана Пэрона ў 1974 годзе ягоная жонка Ісабэль Мартынэс дэ Пэрон заняла пасаду прэзыдэнта. Яна была зрынутая ў 1976 годзе ў выніку перавароту пры падтрымцы ЗША, і ў краіне ўсталявалася вайсковая дыктатура. Вайсковы ўрад пачаў перасьлед і практыкаваў забойства шматлікіх палітычных апанэнтаў, пераважна левых у рамках гэтак празванай бруднай вайны, пэрыяду дзяржаўнага тэрарызму, які працягваўся ажно да абраньня Рауля Альфансына на пасаду прэзыдэнта ў 1983 годзе. Некалькі лідэраў хунты былі пасьля асуджаная за свае злачынствы і прысуджаныя да пазбаўленьня волі.
Аргентына захоўвае свой гістарычны статус бачнай рэгіянальнай краіны ў Лацінскай Амэрыцы. Эканоміка гэтае дзяржавы зьяўляецца другой паводле велічыні эканомікай Паўднёвай Амэрыкі і трэцяй паводле велічыні ў Лацінскай Амэрыцы. Аргентына ёсьць чальцом G-15 і G-20, а таксама зьяўляецца адной з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Сусьветнага банку, Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, Мэркасур, Зьвязу паўднёваамэрыканскіх нацыяў, Супольнасьці дзяржаваў Лацінскай Амэрыкі і Карыбскага басэйну і Арганізацыі Ібэра-амэрыканскіх дзяржаваў. Паводле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу Аргентына займае другое месца ў Лацінскай Амэрыцы з рэйтынгам «вельмі высокі»[2]. Праз сваю стабільнасьць, памер рынку і рост сэктару высокіх тэхналёгіяў[3], Аргентына клясыфікуецца як эканоміка з высокім узроўнем прыбытку ў 2019 фінансавым годзе[4].
Да пэрыяду эўрапейскае калянізацыі Аргентына была адносна маланаселенай тэрыторыяй зь вялікім лікам розных культур. У асноўным ўсе яны жылі за кошт паляваньня і зьбіральніцтва. Паўночна-заходняя частка сучаснае краіны была заваяваная імпэрыяй інкаў каля 1480 году. У цэнтральна-заходнім рэгіёне жылі ўарпэ, якія здолелі адамашніць ламу і знаходзіліся пад моцным уплывам інкаў.
Эўрапейцы ўпершыню зьявіліся ў рэгіёне ў 1502 годзе, калі берагоў рэгіёну дасягнуў Амэрыга Вэспуччы. Гішпанскія мараплаўцы Хуан Дыяс дэ Саліс і Сэбастыян Кабат наведалі гэтую тэрыторыю ў 1516 і 1526 гадох адпаведна. У 1536 годзе Пэдра дэ Мэндоса заснаваў невялікае паселішча Буэнас-Айрэс, якое, аднак, было закінута ў 1541 годзе. Далейшыя намаганьні па калянізацыі прыйшлі з тэрыторыі сучаснага Парагваю, пасьля стварэньня губэрнатарства Рыё-дэ-ля-Плята і Чылі. Франсіска дэ Агірэ заснаваў Сант’яга-дэль-Эстэра ў 1553 годзе. Мэндоса была заснавана ў 1561 годзе, Сан-Хуан — у 1562 годзе, Сан-Мігель-дэ-Тукуман — у 1565 годзе. Хуан дэ Гарай заснаваў Санта-Фэ ў 1573 годзе, і ў тым жа годзе Хэроніма Люіс дэ Кабрэра заклаў Кордаву. Гарай адправіўся далей на поўдзень, каб зноўку заснаваць закінуты Буэнас-Айрэс у 1580 годзе.
Гішпанская імпэрыя падпарадкавала сабе тэрыторыі Аргентыны, дзе знаходзіліся вялікія запасы срэбра, а таксама Балівіі і Пэру, дзе знаходзіліся залатыя руднікі. Такім чынам гэтыя тэрыторыі сталіся часткай віцэ-каралеўства Пэру, да таго як у 1776 годзе было створана віцэ-каралеўства Рыё-дэ-ля-Плята, сталіцай якой стаў Буэнас-Айрэс.
У 1806 і 1807 гадох Буэнас-Айрэс адбіў два брытанскіх уварваньня. Ідэі эпохі Асьветы і прыклады шэрагу рэвалюцыяў у Эўропе і Паўночнай Амэрыцы спарадзілі крытычныя погляды і адмоўнае стаўленьне да абсалютнай манархіі, якая мела месца тут. Як і ў астатняй частцы гішпанскай Амэрыцы, зрынаньне Фэрдынанду VII са стальцу падчас Напалеонаўскіх войнаў выклікала перавароты ў калёніях. У 1810 годзе была зьдзейсьнена Травеньская рэвалюцыя, якая паклала канец віцэ-каралеўству на чале з намесьнікам Бальтасарам Ідальга дэ Сыснэрасам. Новы ўрад у Буэнас-Айрэсе, які атрымаў назву «першая хунта», быў складзены зь мясцовых жыхароў. У першых сутыкненьнях вайны за незалежнасьць краіны хунта разграміла контрарэвалюцыйных раялістаў у Кордаве, але ня здолела атрымаць перамогу ў Верхнім Пэру і Парагваі, якія пасьля сталі незалежнымі дзяржавамі.
Рэвалюцыянэры падзяліліся на дзьве антаганістычныя групоўкі, як то цэнтрысты і фэдэралісты, які вызначалі першыя дзесяцігодзьдзі гісторыі Аргентыны пасьля атрыманьня незалежнасьці. Напрыканцы 1812 году Другі трыюмвірат прызначыў Хэрасіё Антоніё дэ Пасадаса ў якасьці першага Вярхоўнага кіраўніка Аб’яднаных правінцыяў Рыё-дэ-ля-Плята. 9 ліпеня 1816 году Тукуманскі кангрэс аформіў дэклярацыю незалежнасьці, які на сёньня адзначаецца як Дзень незалежнасьці Аргентыны[5]. Праз год генэрал Мартын Мігель дэ Гуэмас спыніў раялістаў на поўначы, а генэрал Хасэ дэ Сан-Мартын перайшоў з войскам праз Анды і дамогся незалежнасьці Чылі. Пасьля гэтага Сан-Мартын рушыў на Ліму, гішпанскую фартэцыю, дзе атрымаў перамогу і абвесьціў незалежнасьць Пэру. У 1819 годзе рада ў Буэнас-Айрэсе прыняла канстытуцыю, якая абапіралася на цэнтрысцкую мадэлю, аднак яна была ў хуткім часе ануляваная фэдэралістамі.
Паводле вынікаў бітвы пры Сэпэда 1820 году, у якой цэнтралісты і фэдэралісты змагаліся паміж сабой, пасада вярхоўнага кіраўніка была скасавана. У 1826 годзе Буэнас-Айрэс прыняў іншую таксама цэнтралісцкую канстытуцыю, а Бэрнардына Рывадавія быў прызначаны ў якасьці першага прэзыдэнта краіны. Тым ня менш, унутраныя правінцыі Рыё-дэ-Ля-Пляты неўзабаве паўсталі супраць яго, прымусіўшы сысьці ў адстаўку і адмовіцца ад канстытуцыі. Цэнтралісты і фэдэралісты аднавілі грамадзянскую вайну. Фэдэралісты ўтварылі Аргентынскую канфэдэрацыю ў 1831 годзе, якую ачоліў Хуан Мануэль дэ Росас. Паўсталы зьвяз сутыкнуўся спрачатку з францускай блякадай (1838—1840), потым з вайной канфэдэрацыі (1836—1839), а таксама камбінаванай ангельска-францускай блякадай (1845—1850), але застаўся непераможаным, прадухіліўшы далейшую страту тэрыторыі краіны. Палітыка дэ Росаса скіраваная на абмежаваньне гандлю, аднак, прывяла да ягонага зрынаньня, і на чале канфэдэрацыі ў 1852 годзе стаў іншы генэрал Хуста Хасэ дэ Ўркіса. Як новы прэзыдэнт канфэдэрацыі Ўркіса прыняў лібэральную і фэдэральную канстытуцыю ў 1853 годзе. Буэнас-Айрэс аддзяліўся зноўку, але быў вымушаны вярнуцца ў канфэдэрацыю пасьля паразы ў 1859 годзе ў бітве пры Сэпэда.
Уркіса, аднак, пацярпеў паразу ў бітве пры Павоне ў 1861 годзе, а Барталямэ Мітрэ забясьпечыў перавагу Буэнас-Айрэсу і быў абраны першым прэзыдэнтам узьяднанай краіны. Наступнымі прэзыдэнтамі сталі Дамінга Фаўстына Сармінта і Нікаляс Авэльянэда. Гэтыя тры прэзыдэнты стварылі базу сучаснае аргентынскае дзяржавы. Пачынаючы з Хуліё Аргентына Рока з 1880 году, дзесяць фэдэральных урадаў запар праводзілі падкрэсьлена лібэральную эканамічную палітыку. Масавая хваля эўрапейскае іміграцыі, якую яны прасоўвалі, саступаючы ў гэтым пытаньні толькі ЗША, прывяла да амаль новага пераасэнсаваньня аргентынскага грамадзтва і эканомікі, якая да 1908 году забясьпечыла краіне сёмае месца паводле разьвіцьця ў сьвеце. У гэты час праз эўрапейскую хвалю міграцыі і зьніжэньня сьмяротнасьці насельніцтва Аргентыны вырасла ў пяць разоў, а эканоміка — у 15 разоў. То бок з 1870 па 1910 гады аргентынскі экспарт пшаніцы вырас з 0,1 млн тон да 2,5 млн тон у год, у той час як экспарт замарожанай ялавічыны павялічыўся з 25 тысяч тон да 365 тысяч тон у год. У выніку Аргентына ўвайшла ў пяцёрку сусьветных экспартэраў. Чыгуначная сетка вырасла з 503 км да 31 тысяч км за той жа час. Дзякуючы новай сыстэме дзяржаўнай абавязковай бясплатнай сьвецкай адукацыі, пісьменнасьць насельніцтва хутка вырасла з 22% да 65%, узровень вышэйшы, чым у большасьці краінаў Лацінскае Амэрыкі. Акрамя таго, рэальны СУП рос настолькі хутка, што, не зважаючы на велізарны прыток імігрантаў, даход на душу насельніцтва ў пэрыяд з 1862 па 1920 гады зраўняўся з паказчыкам разьвітых краінаў. У 1865 годзе Аргентына ўжо ўваходзіла ў лік 25 лепшых краінаў сьвету паводле паказчыку прыбытку на душу насельніцтва. Да 1908 году Аргентына перасягнула Данію, Канаду і Нідэрлянды, саступаючы толькі Швайцарыі, Новай Зэляндыі, Аўстраліі, ЗША, Вялікабрытаніі і Бэльгіі. Прыбытак на душу насельніцтва Аргентыны быў на 70% вышэйшы, за такі паказчык у Італіі, на 90% вышэйшы, чым паказчык у Гішпаніі, на 180% вышэйшы, чым у Японіі, і на 400% вышэйшы, чым у Бразыліі. Аднак, нават з гэтымі ўнікальнымі дасягненьнямі, краіна марудна рэалізоўвала свае першапачатковыя мэты індустрыялізацыі.
Ад 2015 да 2019 году віцэ-прэзыдэнтам Аргентыны была Габрыеля Мікецьці.
Аргентына з поўначы на поўдзень мае 3700 км, з усходу на захад 1400 у найшырэйшым месцы. Цэнтральная і паўднёва-заходняя частка Аргентыны — гэта нізіна і выпалены стэп Пампа, які мяжуе з багатым нафтай пласкаўзвышшам Патагонія. Далей на поўдзень знаходзіцца субпалярная Вогненая Зямля. Заходняя частка краіны — гэта прадузгор’е, а таксама пачатак Андаў з найвышэйшым шчытом Паўднёвай Амэрыкі пікам Аканкагуа. Цэнтральная частка — гэта пагор’е Куё. На поўначы ёсьць субтрапікальныя раўніны Гран Чако. На паўднёвым захадзе знаходзіцца Мэсапатамія.
Агульная даўжыня мяжы 14 644 км. Зь іх узьбярэжжа — 4989 км. Даўжыня межаў з суседнімі краінамі:
Найвышэйшым шчытом Аргентыны зьяўляецца пік Аканкагуа — 6962 м н. у. м.
Найдаўжэшай ракой Аргентыны зьяўляецца Парана.
У 1890—1930 гадах Аргентына належала да адной зь дзесяці найбагацейшых краінаў сьвету. Разьвіцьцё краіны падтрымлівалася, у асноўным, брытанскім капіталам і тычылася сельскай гаспадаркі ды інфраструктуры. Насельніцтва краіны расло на 4% штогод. Даходы расьлі яшчэ хучэй. На пераломе 1920—1930-х гадоў у Аргентыне, як і ў іншых краінах сьвету, пачаўся эканамічны крызіс. Падчас крызісу ў Аргентыну прыйшоўся дадатковы наплыў эмігрантаў. Гэта прывяло да таго, што Аргентыне цяжэй за іншыя краіны было вярнуцца да ранейшага ўзроўню даходаў на жыхара. У той час эканамічны лібэралізм зьмяніўся палітыкай інтэрвэнцыянізму і пратэкцыянізму.
У 50-х гадах тагачасны прэзыдэнт Хуан Дамінга Пэрон вырашыў ператварыць Аргентыну ў сацыялістычную дзяржаву па ўзорах заходніх краінаў. На жаль, сацыяльныя праграмы вымагалі вельмі шмат грошай, і ўжо ў другой палове 1950-х, калі Пэрона скінулі з пасады прэзыдэнта, пачаліся гады вострай эканоміі. З крызісам, які выклікалі сацыяльныя рэформы, здолелі справіцца ў 1960-ых гадах, якія былі адзначаныя найбольш нізкай інфляцыяй. Але ўжо праз 10 гадоў Аргентыну, як і ўвесь капіталістычны сьвет, ахапіў чарговы эканамічны крызіс, рост СУПа быў невялікі, а інфляцыі наадварот. Каб справіцца з крызісам, Аргентына набрала шмат крэдытаў у іншых краінаў, і гэта павялічыла запазычанасьць краіны, што разам зь нестабільнай палітычнай сытуацыяй толькі пагоршыла стан краіны. У 1980-ых гадах эканамічны крызіс перарос у катастрофу, некалькі дэфолтаў запар, гіпэрінфляцыю, а таксама спад вытворчасьці. Каб перамагчы крызіс, пачынаюцца эканамічныя рэформы, у якія ўваходзіць прыватызацыя і лібэралізацыя замежнага гандлю. Гэта абумовіла рост СУПу ў 1991—1998 гадах каля 6%, што было блізкім да тагачаснага росту СУП Чылі. Інфляцыя спала з 4000% у год да 1—2%. Але вялікая запазычанасьць перад іншаземнымі крэдыторамі, а таксама спад СУП у 1999 і 2000 гадах выклікалі чарговы эканамічны крызіс. Гвалтоўна павялічылася беспрацоўе. Чарговы прэзыдэнт Нэстар Кірхнэр распачаў новыя эканамічныя рэформы. Увёў абмежаваны эканамічны кантроль, але зрабіць нацыяналізацыю не наважыўся. Эфэктам такой палітыкі быў рост СУПу ў 2003—2007 гадах 7-11% штогод. Тым ня менш, у 2014 годзе шэраг фінансавых арганізацыяў адзначылі пагрозу дэфолту краіны.
Паводле перапісу 2010 году насельніцтва краіны складала 47 327 407 жыхароў[6]. Такім чынам, Аргентына займае трэцяе месца ў Паўднёвай Амэрыцы ў агульнай колькасьці насельніцтва і 33-е ва ўсім сьвеце. Шчыльнасьць насельніцтва складае 15 чал/км², што значна менш за сярэдні сусьветны паказчык у 50 чал/км². Тэмпы прыросту насельніцтва на 2010 год ацэньваліся ў 1,03% у год, з узроўнем нараджальнасьці 17,7 жыванароджаных на тысячу жыхароў і ўзроўнем сьмяротнасці у 7,4 сьмерцяў на тысячу жыхароў. Чысты каэфіцыент міграцыі вар’іраваўся ў межах 0—4 імігрантаў на тысячу жыхароў у год.
Доля людзей ва ўзросьце да 15 гадоў складае 25,6%, што зьяўляецца пазказчыкам крыху ніжэйшым у сярэднім у сьвеце, то бок 28%. Доля людзей ад 65 гадоў зьяўляецца адносна высокай — 10,8%, што ёсьць другім паказчыкам у Лацінскае Амэрыцы пасьля Ўругваю, але вышэйшы за сярэдні сусьветнага паказчыка ў 7%. Аргентына мае адзін з самых нізкіх тэмпаў росту насельніцтва Лацінскай Амэрыкі, каля 1% у год, а таксама параўнальна нізкі паказчык дзіцячай сьмяротнасьці. Каэфіцыент нараджальнасьці ў 2,3 нараджэньняў на адну жанчыну па-ранейшаму амаль у два разы вышэйшы за паказчыкі Гішпаніі і Італіі, якія маюць падобную культурную спадчыну і прапорцыі насельніцтва[7]. Сярэдні ўзрост складае каля 30 гадоў, а працягласьць жыцьця пры нараджэньні складае 77,14 гадоў[8].
Аргентына, як і шматлікія краіны Новага сьвету, як то ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зэляндыя, Бразылія, Уругвай і іншыя, лічыцца краінай імігрантаў[9][10][11]. У пэрыяд 1857—1950 гадоў Аргентына была другой краінай сьвету паводле колькасьці міграцыі ў сьвеце, прыняўшы за гэты час 6,6 мільёнаў людзей. Гэта менш за ЗША за гэты пэрыяд, але значна больш за Канаду, Бразылію і Аўстралію. За гэты час насельніцтва краіны падвойвалася кожныя два дзесяцігодзьдзі. Такім чынам, большасьць аргентынцаў зьяўляюцца нашчадкамі мігрантаў вялікай хвалі міграцыю, што ахапіла краіну ў XIX і XX стагодзьдзях[12]. Большая частка зь іх прыбыла з розных эўрапейскіх краінаў, але ў асноўным з Італіі і Гішпаніі. Паводле дасьледваньняў амаль 60% насельніцтва маюць як мінімум аднаго продка-італьянца[13].
У Аргентыне таксама мешкае значная колькасьць насельніцтва арабскага і частковага арабскага паходжаньня, у асноўным нашчадкаў сырыйцаў і лібанцаў. Большасьць зь іх зьяўляюцца хрысьціянамі, якія належаць да рыма-каталікоў, маранітаў і ўсходніх каталіцкіх цэркваў і праваслаўя. Лік мусульманаў даволі нізкі. Да прадстаўнікоў азіяцкіх народнасьцяў ў краіне належыць каля 180 тысяч асобаў, большасьць зь якіх маюць кітайскае[14] і карэйскае паходжаньне, не зважаючы на тое, што старэйшая японская супольнасьць, якая ўзыходзіць да пачатку XX стагодзьдзя, існуе ў Аргентыне і да гэтага часу. З 1970-х гадоў у Аргентыне назіраецца іміграцыя ў асноўным з Балівіі, Парагваю і Пэру, а таксама ў меншай ступені з Дамініканскай Рэспубліцы, Эквадору і Румыніі[15]. Аргентынскі ўрад лічыць, што каля 750 тысяч жыхароў ня маюць афіцыйных дакумэнтаў, таму была запушчана праграма дзеля заахвочваньня нелегальных імігрантаў да выяўленьня свайго статусу ў абмен на двухгадовую візу. У адпаведнасьці з праграмаў было апрацавана каля 670 тысячаў заяваў[16].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.