Эйшышкі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Эйшышкі

Эйшы́шкі (лет. Eišiškės) — места ў Летуве, на рацэ Вярсоцы. Уваходзяць у склад Салечніцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2010 год — 3575 чалавек. Знаходзяцца за 33 км ад Салечнікаў, за 70 км на паўднёвы захад ад Вільні, каля беларуска-летувіскай граніцы; на аўтамабільнай дарозе Вільня — Горадня.

Хуткія факты
Эйшышкі
лац. Ejšyški
лет. Eišiškės
Thumb
Касьцёл Ушэсьця Гасподняга
Thumb
Герб Эйшышкаў
Першыя згадкі: 1384
Краіна: Летува
Павет: Віленскі
Плошча: 7 км²
Вышыня: 159 м н. у. м.
Насельніцтва (2010)
колькасьць: 3575 чал.
шчыльнасьць: 510,71 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: 380
Паштовы індэкс: LT-17116
Геаграфічныя каардынаты: 54°10′0″ пн. ш. 25°0′0″ у. д.
Эйшышкі на мапе Летувы
Thumb
Эйшышкі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Закрыць

Эйшышкі[1] — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Панскага, помнік архітэктуры XIX ст.

Назва

Паводле Хронікі Быхаўца, назва паселішча ўтварылася ад імя яго заснавальніка легендарнага князя Эйкшы (Эйкшыса)[2][a]. Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, зьвяртае ўвагу на тое, што імя Эйкша (Айкша) адпавядае старажытнаму германскаму імю Aiko (Aicus, Eccho, Eigio), якое паходзіць ад гоцкага agi 'лязо, булат'[4].

Яшчэ этнограф і мовазнаўца Яўхім Карскі зьвяртаў увагу на тое, што ў латыскай Курляндыі, «большасьць беларускіх населеных месцаў заканчваюцца на -ішкі»[5], пазьней падобныя тапонімы на -ішкі азначылі як «гістарычна балтыйскія» і нават «тыпова летувіскія»[6]. Тым часам Алёхна Дайліда зазначае, што «ва ўсходнегерманскіх мовах быў пашыраны суфікс -isk-: такім парадкам, так менаваная «лінія Сафарэвіча» (мяжа перавагі паселішчаў з назовамі на -ішкі ў Панямоньні) не абавязкова зьнітаваная з балтамі»[7].

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Wesisken і Eykschissken (1384); Eyksiskindorfee (1387); Eyxyszki (1492); Ejszyszki (1400); Ейшышки (1470); Еишышки (1553 год)[8].

Гісторыя

Thumb
Праект мескага гербу, 1937 г.

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўспамін пра Эйшышкі датуецца 1384 годам і зьмяшчаецца ў дамове паміж вялікім князем Вітаўтам і Тэўтонскім ордэнам. Тым часам, паводле сьведчаньня гісторыка і этнографа першай паловы XIX ст. Ёсіфа Ярашэвіча, на юдэйскіх могілках мястэчка знаходзіўся надмагільны камень з надпісам «1170». У 1398 годзе ў Эйшышках збудавалі першы касьцёл. З 1524 году дзеяла школа.

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Эйшышкі захапіла і ўшчэнт зруйнавала маскоўскае войска, другі раз мястэчка спалілі швэды ў Вялікую Паўночную вайну.

У XVII стагодзьдзі кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў Эйшышкам Магдэбурскае права і герб[9] (адноўленае Станіславам Аўгустам у 1792 годзе). Празь мястэчка праходзіў важны гандлёвы шлях зь Вільні ў Кракаў. На 1738 тут было 56 будынкаў. У 2-й палове XVIII ст. існавалі школа і ратуша. У 1791 годзе Эйшышкі сталі цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва (з 1793 году ў Мерацкім ваяводзтве)[10].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Эйшышкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце Віленскай губэрні. На 1814 год у мястэчку было 67 будынкаў, на 1829 год — 101 (18 хрысьціянскіх і 83 юдэйскія), на 1863 год — 103. У 1866 годзе працавалі 4 бровары, 2 гарбарні, вадзяны млын.

У XIX ст. каля Эйшышак дзеяла тэлеграфная станцыя на лініі Варшава — Санкт-Пецярбург. У 1847—1852 гадох паводле праекту Тэадора Нарбута тут збудавалі мураваны касьцёл Ушэсьця Гасподняга. Паводле зьвестак за 1852—1853 гады, у Эйшышках налічвалася 40 цэхавых рамесьнікаў і найбольшая сярод мястэчак Лідчыны колькасьць рамесных спэцыяльнасьцяў.

За часамі Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Эйшышкі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Эйшышкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[11]. Увосень 1918 году тут сфармавалася самаабарона — польская вайсковая арганізацыя, мэтай якой была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Узначаліў яе капітан Казімер Ільцэвіч[12]. 7 чэрвеня 1919 году Эйшышкі разам з усім Лідзкім паветам увайшлі ў склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[13]. У 1920 годзе Эйшышкі апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны. За польскім часам мястэчка называлі «Віленкім прадмесьцем», бо перакупнікі зь Вільні прыязджалі сюды набываць разнастайныя прадукты[14].

З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году Эйшышкі занялі савецкія войскі, неўзабаве тут адбыўся мітынг, ня якім прынялі рэзалюцыю аб далучэньні мястэчка да Беларускай ССР[15]. Аднак у лістападзе таго ж году Эйшышкі перадалі Летуве. У 1941—1944 гадох мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

3 жніўня 1946 году Эйшышкі атрымалі статус места. У 1950 годзе Эйшышкі сталі цэнтрам раёну (з 1972 году ў Салечніцкім раёне). У паваенны час тут працаваў беларускі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. У 2004 годзе каля Эйшышак пагранічнікі выявілі трубаправод рэкорднай даўжыні — 3 км, прызначаны для кантрабанды сьпірту зь Беларусі ў Летуву[16].

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1820 год — 333 чал.; 1829 год — 797 чал., зь іх 75 хрысьціянаў і 722 юдэі[17]; 1863 год — 706 чал.; 1866 год — 715 чал., зь іх 89 каталікоў, 16 праваслаўных, 610 юдэяў[18]; 1869 год — 741 чал.[19]; 1885 год — 706 чал.[20]; 1897 год — 3196 чал., у тым ліку 2376 юдэяў
  • XIX стагодзьдзе: 1905 год — 2448 чал.; 1921 год — 2382 чал.; 1938 год — 3188 чал.; 1959 год — 2532 чал.; 1970 год — 3481 чал.; 1974 год — 3600 чал.; 1976 год — 3700 чал.; 1979 год — 3467 чал.; 1989 год — 3789 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 3765 чал.; 2010 год — 3575 чал.

Адукацыя

У Эйшышках працуюць 3 сярэднія, музычная і спартовая школы, дашкольныя ўстановы.

Культура і спорт

Дзеюць бібліятэка, 2 спартовыя залі.

Турыстычная інфармацыя

Славутасьці

  • Гарадзішча
  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX стагодзьдзяў; фрагмэнты)
  • Касьцёл Унебаўзяцьця Панскага (1847—1852)

Страчаная спадчына

  • Ратуша (XVIII ст.)

Галерэя

Месты-сябры

Больш інфармацыі Пералік местаў-сяброў Эйшышкаў ...
Пералік местаў-сяброў Эйшышкаў
Закрыць

Заўвагі

  1. Прыклады імёнаў з Хронікі літоўскай і жамойцкай: «Емелюс, кроль албанский, учинил Ромуля и Румулюся… Устиагес, кроль медский… кроль напреднейши гишпанский Болгорос… зостал вторым царем гишпанским по отцу своем и деду, которому то имя дано Габис… Париса сына Приамусового, кролевича троянского»[3]

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.