Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Царква́ Сьвяты́х Апо́сталаў Пятра́ і Па́ўла і манасты́р базыля́наў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Берасьці. Знаходзіўся ў Старым Месьце[a], на Базылянскай вуліцы. Твор архітэктуры віленскага барока.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў | |
Рэканструкцыя праектнага выгляду царквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыра базылянаў | |
Краіна | Беларусь |
Места | Берасьце |
Каардынаты | 52°04′59.87″ пн. ш. 23°39′32.1″ у. д. |
Канфэсія | Руская ўніяцкая царква |
Эпархія | Уладзімерская і берасьцейская япархія (уніяцкая) |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў | |
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў на Вікісховішчы |
Комплекс Берасьцейскага базылянскага манастыра складаўся з царквы, манастырскага корпуса і будынка вучэльні. Пры будаваньні Берасьцейскай фартэцыі ўлады Расейскай імпэрыі сьпярша зачынілі і зруйнавалі манастыр, а ў 1835 годзе перабудавалі царкву пад афіцэрскі клюб, які атрымаў назву «Белы палац». Па 1953 годзе савецкія ўлады загадалі разабраць будынак царквы, які пацярпеў у час Другой сусьветнай вайны. Да нашага часу захаваліся падмуркі.
Заснаваць базылянскі манастыр у Берасьці пастанавілі ў 1629 годзе, на пятай генэральнай капітуле ордэну ў Жыровічах. Прыняты дакумэнт абавязваў протаархімандрыта базылянскага закону каб той, «усмотревши, где способное мейсце, в месте Бересцейском пляц купил и потом на нем церковь и монастырок... збудовал: ажэбы зараз, прынамней иноков два там мешкало, которые её способили на материю: цэглу, вапну и дерево до выставення парадное цэркви и монастыря...»[1]. У 1629 годзе кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Язэп Руцкі і харунжы берасьцейскі Габрыель Яленскі зрабілі фундуш на заснаваньне ў Берасьці манастыра для базылянаў Кангрэгацыі Найсьвяцейшай Тройцы ў ВКЛ. Месца для яго абралі на былым пажарышчы, непадалёку ад катэдральнай царквы Сьвятога Мікалая, дзе ў 1596 годзе абвясьцілі Берасьцейскую царкоўную унію. На момант набыцьця пляцу пад царкву і манастыр ім валодалі два берасьцейскія мытнікі — юдэі Шмуль Майжашовіч і Лейзэр Лазаровіч. Пляц абмяжоўваўся з паўднёвага боку Катэдральным пляцам, з усходняга — абарончым ровам і Віленскай брамай, з поўначы і захаду — вуліцамі Жыдоўскай і Базылянскай[1]. Да 1631 году скончылася будаваньне драўляных царквы і манастыра[2]. Манастыр увайшоў у склад Літоўскай Кангрэгацыі Найсьвяцейшай Тройцы Ордэну базылянаў.
Першапачатковы фундуш манастыра, забясьпечаны 30 тыс. злотых чыншу з уладаньняў Габрыеля Яленскага, у 1687 годзе на 20 тыс. злотых павялічыў Казімер Валовіч, абозны вялікі літоўскі[1]. Пры манастыры існавалі шпіталь і рэзыдэнцыя япіскапа.
У крыніцах захаваліся імёны ігуменаў манастыра: Сэбасьцян Качынскі (1669), Нікодым Кашыц (1711), Язафат Рагінскi (1712), Пракоп Міхняк (1719), Сьцяпан Ліцьвінка (1723—1727), Ян Альшэўскі (1730), Антон Пятроўскі (1739), Ігнат Улінскі (Аленскі) (1740), Тэафан Тарасіцкі (1753), Дыянізі Дамброва-Остым (1757—1759), Язафат Янкоўскі (1761), Сэбасьцян Грышкевіч (каля 1765), Януар Гаўрыловіч (1774), (?) Эляшэвіч (1781), (?) Птак (1786—1787), (?) Якубовіч (1787), Гэракл Барэйша (1788—1794), Тэафан Медыцкі (каля 1794), Амбражэй Каліноўскі (1794), Гэракл Барэйша (1795—?), Язэп Фішэр (1799) [3].
Будаваньне новай мураванай базылянскай царквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла пачалося за ігуменам а. Дыянізіям Дамбровам, у 1762—1766 гадох «за кошт сродкаў і стараньняў правінцыі Літоўскай». У 1774 годзе, калі ігуменам быў а. Яўхім Кучынскі, у зьвязку з пачаткам палітычнай крызы ў Рэчы Паспалітай будоўлю незавершанай (бязь вежаў) мураванай царквы ў стылі барока мусілі былі тэрмінова закансэрваваць да лепшых часоў і асьвяціць. Асьвячэньне царквы зьдзейсьніў кобрынскі архімандрыт Люцыд Вейрыловіч[1].
Манастыр неаднойчы абіраўся месцам правядзеньня генэральнай капітулы Ордэну базылянаў. Такія паседжаньні адбываліся ў Берасьці ў 1747, 1751, 1759, 1772 гадох[3].
Па забароне езуітаў у 1775 годзе берасьцейскім базылянам перадалі калегіюм езуітаў, таксама яны апекаваліся павятовай школай, якую заклалі пры спрыяньні князя Адама Чартарыйскага і ўтрымлівалі за кошт места[3]. Парафіяльная школа, якая дзеяла пры манастыры, упершыню ўпамінаецца ў 1670 годзе Пахомам Агілевічам, генэральным вікарыем протаархімандрыта Ордэну базылянаў.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Берасьце апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, царква і манастыр базылянаў працягвалі дзеяць як уніяцкія. У 1819 годзе правінцыял базылянаў Цэзары Камінскі апісваў стан сьвятыні наступным чынам: «...Фасад з муру ўзьведзены зь дзьвюма вежамі і чатырма пілястрамі, дагэтуль няскончаны дзеля сьціплага фундушу». Аднак нават у няскончаным выглядзе царкву называюць адной з найбольш цікавых базылянскіх сьвятыняў, збудаваных на тэрыторыі Літоўскай правінцыі Ордэну базылянаў у трэцяй чвэрці XVIII стагодзьдзя[1]. У 1823 годзе ўпамінаюцца закладзеныя, але недабудаваныя дзьве вежы над царквой.
У час будаваньня Берасьцейскай крэпасьці ў 1831 годзе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі манастыр. У 1840-я гады будынак базылянскай царквы перабудавалі пад афіцэрскі клюб, які атрымаў назву «Белы палац», будынкі манастыра — зруйнавалі.
На пачатку Другой сусьветнай вайны будынак царквы («Белага палацу») нязначна пацярпеў падчас бамбардаваньня Берасьця 2 верасьня 1939 году. У канцы чэрвеня 1941 году будынак і ягоныя сутарэньні сталі адным з месцаў баявых дзеяньняў, дзе праз дзесяцігодзьдзі пад заваламі былі знойдзеныя парэшткі каля 130 чалавек. Аднак у цэлым, дзякуючы моцным сьценам, будынак царквы адразу пасьля вайны быў адным з найменш пацярпелых з усіх будынкаў фартэцыі.
Вайсковыя ўлады, якія гаспадарылі на тэрыторыі Берасьцейскай фартэцыі ў першыя пасьляваенныя гады, загадалі разабраць на цэглу будынак Белага палацу (базылянскай царквы) да падмуркаў для адбудовы казармаў. Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, адбылося гэта ў пэрыяд з канца лета 1945 году да канца зімы 1946 году.[4]
У 1972 годзе рэшткі падмуркаў царквы закансэрвавалі.
Царква — 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з алтарнай апсыдай і вялікім прэзьбітэрыюмам. Паміж вежамі ўзвышаўся фігурны франтон. Галоўны фасад меў плястычную хвалістую паверхню, аздобленую пілястрамі з вокнамі і нішамі паміж імі. У аснове фасаду быў руставаны цокаль.
Адметна, што новую мураваную царкву, насуперак ранейшай усходняй традыцыі, арыентавалі алтаром у кірунку Ерусаліму, у бок Магілы Гасподняй[1].
Усярэдзіне галоўны нэф і апсыда перакрываліся цыліндрычнымі, бакавыя нэфы — крыжовымі на падпружных арках скляпеньнямі[5]. Кожны з апорных слупоў падзялялі 8 пілястраў складанага профіля. У нартэксе над уваходам разьмяшчаліся хоры. Інтэр’ер упрыгожваў мураваны алтар з 2-яруснай ордэрнай кампазыцыяй, а таксама 6 бакавых алтароў.
Манастырскі корпус — П-падобны ў пляне 1-павярховы будынак, які стаяў ззаду царквы. Меў галерэйны плян.
Побач з царквой знаходзіўся 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак школы, накрыты высокім вальмавым дахам зь нізкай дэкаратыўнай вежачкай у цэнтры.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.