From Wikipedia, the free encyclopedia
Касьцёл Езуса і Сьвятога Казімера і калегіюм езуітаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Берасьці. Знаходзіўся ў цэнтры Старога Места, на рагу Рынку і Кавальскай вуліцы[lower-alpha 1]. Твор архітэктуры віленскага барока.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Езуса і Сьвятога Казімера і калегіюм езуітаў | |
Касьцёл Езуса і Сьвятога Казімера і калегіюм езуітаў | |
Краіна | Беларусь |
Места | Берасьце |
Каардынаты | 52°04′56.56″ пн. ш. 23°39′28.29″ у. д. |
Аўтар праекту | Адам Дэламарс[d] |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Касьцёл Езуса і Сьвятога Казімера і калегіюм езуітаў |
Комплекс Берасьцейскага езуіцкага кляштару складаўся з касьцёла, вежы-званіцы, будынкаў калегіюму і тэатру, гаспадарчых пабудоваў і саду, аточаных мурам. У калегіюме навучаліся Казімер Лышчынскі і Юльян Урсын Нямцэвіч. Пры будаваньні Берасьцейскай фартэцыі ўлады Расейскай імпэрыі зьнявечылі мастацкае аблічча помніка. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зруйнавалі комплекс. Да нашага часу захаваліся падмуркі.
У 1616 годзе біскуп луцкі Павал Валуцкі запрасіў у Берасьце езуітаў, якія заснавалі тут місію. У 1618 годзе езуітаў паўторна запрасіў у места біскуп А. Ліпскі. У 1622 годзе асноўныя ўнёскі на пабудову касьцёла падалі К. Газьдзельскі і А. Пяцігорская (фальварак Адамкова і сто злотых, адпаведна)[1]. 17 чэрвеня 1623 году канцлер Леў Сапега перадаў на заснаваньне калегіюму маёнтак Дзераўную зь вёскамі Мальткамі і Менявежам, а 17 чэрвеня 1650 году — фальварак і вёску Паніквы. У 1619 годзе ў Берасьці створана езуіцкая рэзыдэнцыя, пры якой існавала школа. У 1623 годзе на рагу Рынку і Кавальскай вуліцы збудавалі драўляную капліцу на сродкі, ахвяраваныя канцлерам Львом Сапегам. Каля 1630 году пры рэзыдэнцыі пачала працаваць музычная бурса.
У 1633 годзе езуіты пераўтварылі рэзыдэнцыю ў калегіюм. У 1635 годзе былі закладзеныя падмуркі пад новы, мураваны касьцёл, будаваньне якога, аднак, ішло вельмі павольна. Толькі ў 1653—1659 гадох, дзякуючы фундацыі Казімера Льва Сапегі, мураваны касьцёл сталі будаваць хутчэй, а таксама пачалося будаваньне калегіюму. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1660 годзе маскоўскія захопнікі спалілі збудаваны за год да гэтага касьцёл езуітаў. З 1676 году пры калегіюме пачала фармавацца бібліятэка, з канца XVII ст. працаваў тэатар. У 1683—1692 гадох касьцёл адбудавалі. У 1692—1702 гадох інтэр’ер касьцёлу ўпрыгожылі росьпісамі. З пачатку XVIII ст. да 1755 году вялося будаваньне мураванага калегіюму. Каля 1727 году побач з касьцёлам збудавалі вежу-званіцу. У 1772—1773 навучальны год у калегіюме было 28 выкладаньнікаў. Па скасаваньні ордэна (1773 год) будынкі перадалі базылянам[2].
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Берасьце апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр базылянаў у былым калегіюме езуітаў працягваў дзеяць. Пазьней расейскія ўлады перарабілі будынак калегіюму пад інжынэрны корпус. У час будаваньня Берасьцейскай крэпасьці касьцёл і калегіюм перабудавалі пад дом камэнданта.
У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі рэканструявалі будынак калегіюму. Па Другой сусьветнай вайне у 1945—1946 гадох савецкія ўлады дашчэнту зруйнавалі помнік.
Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з трансэптам. Цэнтральная частка галоўнага фасаду завяршалася масіўным франтонам з валютамі, бакавыя — невялікімі вежачкамі. Меў насычаную архітэктурную аздобу.
Інтэр’ер аздаблялі 9 разных алтароў з пазалотай.
Калегіюм — 2-павярховы будынак, які далучаўся да касьцёла з поўначы. Складаўся з 2 карпусоў, злучаных сьветлым калідорам. Корпус, дзе разьмяшчалася аптэка і школа, паўтараў ў пляне паварот вуліцы і заканчваўся будынкам тэатру. Уваход у калегіюм вылучаўся багата дэкараваным рызалітам, які завяршаўся фігурным франтонам[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.