Remove ads
гішпанскі маляр, графік, скульптар, рэжысэр From Wikipedia, the free encyclopedia
Сальвадо́р Дамі́нґа Фэлі́пэ Хасі́нта Далі́ і Дамэ́нэч (па-гішпанску: Salvador Domingo Felipe Jacinto Dalí i Domènech, па-каталянску: Salvador Domingo Felip Jacint Dalí Domènech), больш вядомы проста як Сальвадо́р Далі́ (па-гішпанску: Salvador Dalí, па-каталянску: Salvador Dalí; 11 траўня 1904 — 23 студзеня 1989) — гішпанскі мастак-сюррэаліст, графік, скульптар, рэжысэр. Далі быў майстэрскім мастаком, самыя вядомыя зь ягоных яскравых і дзіўных вобразаў адбіліся ў ягоных сюррэалістычных працах. Маляўнічыя навыкі Далі часта зьвязваюць з уплывам майстроў эпохі Адраджэньня[13][14]. Ягоная самая вядомая праца, «Сталасьць памяці», была завершана ў 1931 годзе. Экспансіўны мастацкі рэпэртуар Далі ўключае ў сябе фільмы, скульптуры й фатаграфіі, у супрацоўніцтве з цэлым шэрагам мастакоў.
Сальвадор Далі | |
Фатаздымак Далі, зроблены Карлам ван Вэхтэнам у 1939 годзе | |
Імя пры нараджэньні | Сальвадор Дамінґа Фэліпэ Хасінта Далі і Дамэнэч |
---|---|
Дата нараджэньня | 11 траўня 1904[1][2][3][…] |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 23 студзеня 1989[6][1][2][…] (84 гады) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | спыненьне сэрца[d][7] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | жывапіс, малюнак, фатаграфія, скульптура |
Навуковая сфэра | малярства, скульптура, direction[d] і ювэлірнае ўпрыгожаньне[d][9] |
Псэўданімы | Dali, Salvador[10] і Dalí Domènech, Salvador |
Сябра ў | Акадэмія прыгожых мастацтваў[d] і Каралеўская акадэмія навук, літаратуры і прыгожых мастацтваў Бельгіі[d] |
Жанры | натурморт[d][11], жанравае малярства[d][11], партрэт[11], пэйзаж[11], алегорыя[d][11] і рэлігійнае мастацтва[d][11] |
Плынь | сюррэалізм |
Працы | «Сталасьць памяці» |
Пад уплывам | Фрыдрых Ніцшэ, Паблё Пікаса і Геранімус Босх[12] |
Узнагароды | |
Сайт | salvador-dali.org (анг.) |
Подпіс | |
Далі шырока вядомы сваёй любоўю да ўсяго пазалочанага й празьмернага, а таксама запалам да раскошы й усходніх адзеньняў у арабскім стылі[15]. На конт гэтага сам Далі сьцьвярджаў, што ягоныя продкі былі нашчадкамі маўраў. Далі быў вельмі багатым на ўяўленьні, а таксама меў цягу да незвычайных і грандыёзных паводзінаў. Ягоная эксцэнтрычная манера прыцягвала ўвагу грамадзкасьці часам больш, чым ягоныя мастацкія працы[16].
Далі нарадзіўся 11 траўня 1904 году ў гішпанскім горадзе Фігэрасе ў правінцыі Жырона на поўдні Гішпаніі ў сям’і заможнага натарыюса. Паводле нацыянальнасьці ён быў каталёнцам, ўспрымаў сябе ў гэтай якасьці й настойваў на гэтай сваёй асаблівасьці. Меў сястру й старэйшага брата, які памёр ад мэнінгіту. Пазьней ува ўзросьце 5 гадоў, на ягонай магіле, бацькі сказалі Сальвадору, што ён рэінкарнацыя свайго старэйшага брата.
У дзяцінстве Далі быў кемлівым, але агрэсіўным і некіравальным дзіцём. Аднойчы ён нават задумаў скандал на гандлёвай плошчы дзеля ледзянца, вакол сабраўся натоўп, і паліцыянты папрасілі гаспадара крамы адкрыць яе падчас сіесты й падарыць такому непаслухмянаму хлопчыку дадзеную слодыч. Ён дамагаўся свайго капрызамі й сымуляцыяй, заўсёды імкнуўся вылучыцца й прыцягнуць да сябе ўвагу. Шматлікія комплексы й фобіі, як то страх перад конікамі, перашкаджалі яму ўключыцца ў звычайнае школьнае жыцьцё, завесьці зь дзецьмі звычайныя сувязі сяброўства й сымпатыі. Але, як і любы чалавек, выпрабоўваючы сэнсарны голад, ён шукаў эмацыйны кантакт зь дзецьмі любымі спосабамі, імкнучыся ўжыцца ў іхны калектыў калі ня ў ролі таварышча, то ў любой іншай ролі, а дакладней той адзінай, на якую быў здольны — у ролі эпатажнага й непаслухмянага дзіцяці, дзіўнага, дзівакаватага, заўсёды паступаючага насуперак чужых меркаваньняў. Прайграючы ў школьных азартных гульнях, ён вёў сябе так, быццам выйграваў ці трыюмфаваў. Часам без прычыны ладзіў бойкі. Часткова комплексы, якія прывялі да ўсяго гэтага, былі выкліканыя й самімі аднаклясьнікамі: яны ставіліся да «дзіўнага» дзіцяці даволі нетрывальна, выкарыстоўвалі ягоны страх перад конікамі, падсоўвалі яму за каўнер гэтых вусякоў, чым даводзілі Сальвадора да істэрыкі, пра што ён пазьней распавёў у сваёй кнізе «Патаемнае жыцьцё Сальвадора Далі, якое расказана ім самім».
Навучацца выяўленчаму мастацтву пачаў у муніцыпальнай мастацкай школе. З 1914 па 1918 гады выхоўваўся ў Акадэміі братоў ордэна марыстаў у Фігерасе. Адным зь сяброў дзяцінства быў футбаліст «Барсэлёны» Хасэп Саміт’ер. У 1916 годзе зь сям’ёй Рамона Пішо адправіўся на канікулы ў горад Кадакес, дзе пазнаёміўся з сучасным мастацтвам.
У 1922 годзе Сальвадор пераехаў ў «Рэзыдэнцыю студэнтаў» (гішп. Residencia de Estudiantes; студэнцкі інтэрнат у Мадрыдзе для адораных маладых людзей) і паступіў у Акадэмію Сан-Фэрнанда. У тыя гады ўсе адзначалі ягонае франтаўство. Адзінокі, маўклівы, сарамлівы, заўсёды дзіўна апрануты, па сутнасьці інфант, Далі ня ўмеў карыстацца грашыма, і заўсёды плаціў за ўсіх, калі былі грошы. Атрымаўшы вялікія чэкі, бацька зьменшыў яму грашовую падтрымку. У гэты час ён пазнаёміўся зь Люісам Буньнюэлем, Фэдэрыка Гарсія-Лёркам і Пэдра Гарфіасам. У гэты ж пэрыяд Сальвадор цікавіцца псыхааналізам, з захапленьнем чытаў працы Зыгмунда Фройда, у прыватнасьці «Тлумачэньне сноў».
У 1923 Сальвадора на год выключылі з акадэміі за сапраўдны ці ўяўны ўдзел у радыкальных арганізацыях. На кароткі тэрмін ён апынуўся ў турме ў 1924 годзе, хутчэй за ўсё за анархічныя погляды[17]. У 1925 годзе вярнуўся ў Акадэмію, каб працягнуць навучаньне. Знаёмства з новымі плынямі ў жывапісу разьвівалася — Далі экспэрымэнтаваў з мэтадамі кубізму й дадаізму. З 1925 па 1929 гады супрацоўнічаў з барсэлёнскім выданьнем «Gaceta de Arte». У 1926 годзе яго паўторна й назаўсёды выключаюць з Акадэміі, бо, атрымаўшы высокія ацэнкі францускіх мастакоў і лічачы афіцыйную адукацыю стрымліваючым фактарам, на экзамэнах ён заявіў выкладчыкам, што ведае больш іх усіх разам узятых. У тым жа годзе ён упершыню наведаў Парыж, дзе пазнаёміўся з Паблё Пікаса. Спрабуючы знайсьці ўласны стыль, у канцы 1920-х Далі стварыў шэраг працаў пад уплывам Пікасо й Жаана Міро.
У 1926 годзе ягоны сябар паэт Гарсія-Лёрка прысьвяціў маладому мастаку «Оду Сальвадору Далі», якая вельмі ўразіла адрасата. Пасьля гэтага гомасэксуал Лёрка спрабаваў спакусіць маладога Далі, але той быў шакаваны такімі паводзінамі сябра, і іхнае сяброўства абрываецца. Пазьней паміж імі наладжваецца сяброўская перапіска, але мастак і паэт ніводнага разу больш ня бачыліся. Адсечаная галава Лёркі на карціне Далі «Мёд саладзейшы за кроў» (1926) ёсьць трагічным прадчуваньнем сьмерці паэта. Карціна «Маленькія рэшткі» (1927—1928) захавала ўспаміны аб шчасьлівых часах сяброўства Далі з Гарсія-Лёркам. У 1929 годзе Сальвадор браў удзел разам з Буньюэлем у стварэньні сюррэалістычнага фільму «Андалюскі сабака».
У 1927 годзе Далі наведаў Францыю, дзе сустрэўся зь Пікаса, якому сьцьвярджае, што прыйшоў да яго раней, чым ў Люўр. У тым жа годзе Сальвадор зьехаў у Італію, дзе блізка пазнаёміўся з жывапісам Адраджэньня. Пазьней у 1928 годзе ён зноўку зьяўвіўся ў Парыжы, дзе пазнаёміўся зь сюррэалістамі. У 1929 годзе стаў чальцом іхнай групы. Тады ж ён упершыню сустрэў сваю будучую жонку Галу (Алену Дзьяканаву), якая на той момант зьяўлялася жонкай паэта Поля Элюара. Зблізіўшыся з Сальвадорам, Гала, аднак, працягвала сустракацца са сваім мужам, а таксама заводзіць спадарожныя адносіны зь іншымі паэтамі й мастакамі, што ў той час здавалася прымальным у тых багемных колах, дзе круціліся Далі, Элюар і Гала. Разумеючы, што ён фактычна адвёў у аднаго жонку, Сальвадор ў якасьці «кампэнсацыі» напісаў ягоны партрэт.
Гала ў рэшты рэшт кінула свайго мужа й дачку Сэсіль і пасялілася з мастаком у Порт-Льігаце. Старэйшая за Далі на 10 гадоў, Гала была ня толькі ягонай жонкай, але й мэнэджарам, даглядала яго, як маці, падмацоўвала ягоную рашучасьць, прымушала працаваць, чаго бязвольная, эксцэнтрычная, хоць і таленавітая натура Далі падчас патрабавала. Спачатку жывучы з Сальвадорам у беднасьці ў Порт-Льігацкай хаце, у далейшым Гала дзяліла зь вялікім мастаком і багацьце, і славу.
У 1930 годзе выйшаў фільм Люіса Буньнюэля «Залаты век», у стварэньні якога прыняў удзел Сальвадор. Аднак перад гэтым рэжысэр пасварыўся з Далі й нават не запісаў імя мастака ў тытрах сярод стваральнікаў кінастужкі. Пасьля гэтага былыя сябры разышліся. У далейшым яны час ад часу сустракаліся й наведвалі адзін аднаго. Ужо пастарэўшы, Далі прапанаваў Буньнюэлю зрабіць працяг «Андалюскага сабакі», але той адмовіўся.
У 1934 годзе Далі й Гала афіцыйна аформілі свае адносіны. У тым жа годзе Далі замірыўся з бацькам, зь якім парваў з-за нежаданьня апошняга прызнаваць адносіны сына з замужняй жанчынай. З-за камэрцыялізацыі сваёй творчасьці й несур’ёзных («сюррэалістычных») адносінаў да палітыкі Далі парваў з францускімі сюррэалістамі, якія на той час пачалі захапляцца камуністычнымі ідэямі. Сюррэалісты на чале з Андрэ Брэтонам забаранілі гішпанскаму мастаку наведваць сходы гуртка, але як і раней дазволілі ўдзельнічаць у сумесных выставах карцін. У гэтым жа годзе была спраўлена ягоная першая выстава ў Ангельшчыне, у Лёнданскай галерэі Цвэмэр. Затым Далі зьдзесьніў падарожжа ў Нью-Ёрк, якую аплаціла прыхільніца ягонага таленту Карэс Кросьбі. Сальвадор у гэты час стварыў 42 ілюстрацыі да «Песьняў Мальдора» графа Лятрэамона.
У 1935 годзе Далі браў удзел у сюррэалістычнай выставе ў Тэнэрыфэ, на Канарскіх астравах, пры падтрымцы «Gaceta de Arte» і мясцовага мастака Оскара Дамінгеса. Выстава стала адной з найбольш выдатных падзеяў у гісторыі гішпанскага сюррэалізму. У 1938 годзе Далі сустрэўся са сваім кумірам Зыгмундам Фройдам[18], чые псыхааналітычныя ідэі паўплывалі на творчасьць мастака. Падчас сустрэчы Далі зрабіў алоўкам малюнак «Марфалёгія галавы Зыгмунда Фройда». А Фройд, які на той час вельмі скептычна ставіўся да сюррэалістаў, быў прыемна ўражаны асобай свайго суразмоўцы.
У 1939 годзе пачалася вайна. У 1940 годзе Далі й Гала зьехалі ў ЗША. На шляху праз Гішпанію Далі пабачыўся са сваім бацькам, здароўе якога на той час пагоршылася: яго даканала грамадзянская вайна ў Гішпаніі. Падчас вайны быў забіты былы сябар Сальвадора Фэдэрыка Гарсія-Лёрка, які быў расстраляны жаўнерамі Франка як рэспубліканец. У ЗША Далі супрацоўнічаў з Ўолтам Дыснэем і Альфрэдам Гічкокам, напісаў кнігу «Патаемнае жыцьцё Сальвадора Далі, якое расказана ім самім» (1942). У 1948 годзе мастак і ягоная жонка вярнуліся ў Каталёнію. Далі на той час ужо быў заможным і знакамітым чалавекам. Акрамя жывапісу ён ствараў фільмы, апублікаваў эпатажную кнігу «Дзёньнік аднаго генія», дзе бессаромна прымушае чытачоў быць назіральнікамі самых інтымных фізыялягічных аспэктаў жыцьця вялікага мастака.
У 1965 годзе Далі зноўку наведаў Парыж і зноўку здзівіў горад сваёй творчасьцю і эпатажнымі паводзінамі. Адносіны з Галай пагаршаюцца, жонка проста стамілася ад жыцьця з эксцэнтрычным геніем, да якога яна падалася дзеля славы й грошаў і дзеля якога ахвяравала сваёй маладосьцю, энэргіяй і душою. Мастак у 1968 годзе купіў для жонкі замак у вёсцы Пубаль, куды ён меў права наведвацца толькі паводле пісьмовага дазволу Галы. Здароўе Далі ў гэты час пагаршаецца. У адным з францускіх начных клюбаў ён пазнаёміўся з Амандай Лір, папулярнай зоркай, якая робіцца ягонай сяброўкай і натуршчыцай позьніх палотнаў. Існуе легенда, паводле якой Аманда была мужчынай, а Сальвадор аплаціў апэрацыю на зьмену ейнай плоці.
Гала, якая аддала Далі сваю маладосьць, у апошнія гады мае шмат зносінаў з маладымі мужчынамі. Яна робіць плястычныя апэрацыі, але ўсё больш старэе. Са сваімі кавалерамі яна расплачвалася грашыма, а калі грошы час ад часу сканчаліся — карцінамі Сальвадора Далі.
У 1970-я здароўе Далі пагоршылася. Доктар выявіў, што ён хварэе на наркатычную залежнасьць ад антыдэпрэсантаў, якія яму давала Гала. Гэта нанесла вялікую шкоду ягонай нэрвовай сыстэме. Старыя і хворыя, Далі і Гала не маглі больш пераяжджаць на зіму ў ЗША ці Парыж. Жывучы ў абмежаванай прасторы, яны часта спрачаліся. Аднойчы Далі нават спіхнуў жонку з ложка, і тая зламала два рабры. У лютым 1982 г. Гала пераносіць цяжкую апэрацыю. Летам таго ж року яна ўжо не можа ўстаць з ложку. Дачка Сэсыль, якую Гала нарадзіла ад паэта Поля Элюара і назаўсёды кінула, спрабавала сустрэцца з маці, але тая не пажадала яе бачыць[19].
У 1981 годзе Гала памерла, пасьля чаго Далі пачаў пакутваць на дэпрэсію. Мастака даўно разьбівае ўшчэнт хвароба Паркінсона, шматлікія фобіі, кашмары. У 1983—1984 гадох ён вярнуўся да маляваньня, але зьнішчае многія новыя карціны, у якіх больш не пазнае сябе. Апошняй сэрыяй мастака былі «Пеўневыя баі» (1985) — прымітыўныя малюнкі, створаныя старым, паралізаваным чалавекам. У 1983 годзе самаадчуваньне мастака трохі паляпшаецца, ён устае з ложку, можа хадзіць. Але ў 1984 годзе мастак ледзь не загінуў праз пажар у сваім доме і патрапіў у шпіталь са шматлікімі апёкамі. У 1985 годзе ягонае становішча зноўку трохі паляпшаецца, Далі нават можа даваць інтэрвію. У лістападзе 1988 году быў пакладзены ў клініку з дыягназам сардэчная недастатковасьць. У апошнія гады жыцьця ён не заўважаў людзей, не вымаўляў амаль ніводнай фразы.
Памёр 23 студзеня 1989 году ва ўзросьце 84 гадоў. Сваю маёмасьць, якая была ацэнена ў 9,75 млн даляраў, ён дараваў Гішпаніі[17]. Цела мастака забальзамавалі і на цэлы тыдзень разьмясьцілі ў заснаваным ім Музэі-тэатры. Тысячы наведвальнікаў прыяжджалі, каб разьвітацца з мастаком[20]. Далі пахавалі ў цэнтры музэю, пад нічым не азначанай пліткай.
26 чэрвеня 2017 году было абвешчана аб тым, што мадрыдзкі суд замовіў эксгумацыю цела мастака для таго, каб атрымаць узоры ягонага ДНК на прадмет выяўленьня бацькоўства[21]. Марыя Піляр Абэль Мартынэс, астроляг зь Фігерасу, якая нарадзілася ў 1956 годзе, сьцьвярджала, што ейная маці, наймічка, мела інтымныя стасункі з мастаком у 1955 годзе, і, што ейная маці распавядала ёй, што тая зьяўляецца дачкой Сальвадора Далі. На момант меркаванай сувязі Далі ўжо быў абраны шлюбам з Галай[22]. Эксгумацыя адбылася вечарам 20 ліпеня, у мастака быў узяты ўзор галёначнай і сьцёгнавай косткі, пазногця й карэнных зубоў[23]. Згодна з словамі эксгуматара, вядомыя вусы Далі й дагэтуль ёсьць непашкоджанымі[24]. Паводле вынікаў экспэртызы, генэтычная сувязь паміж Далі й Піляр Абэль знойдзена не была[25].
Пасьля такога выніку паводле пастановы суду Піляр Абэль была абавязаная сплаціць кошт эксгумацыі[26]. Піляр Абэль з вынікамі не згадзілася[27]. Калі б яна сапраўды аказалася дачкой мастака, яна мела правы на чвэрць маёмасьці Далі[28].
Стварыў каля 1500 карцінаў, малюнкаў, скульптураў.
Творчасьць мастака можна падзяліць на наступныя пэрыяды:
Гэта адзін зь першых твораў Сальвадора. Выкананы ў імпрэсіянісцкім стылі.
Як і «Нацюрморт» (1924) ці «Пурыстычны нацюрморт» (1924), дадзеная карціна створана падчас пошуку Далі сваёй манеры й стылю выкананьня, па атмасфэры ж нагадвае палотны Дэ Кірыка.
Далі зваў Пікаса сваім другім бацькам. Дадзенае палатно выканана ў неўласьцівай Сальвадору кубістычнай манеры, як і раней напісаны «Кубістычны аўтапартрэт» (1923). Акрамя таго, Сальвадорам былі напісаны і некалькі партрэтаў Пікаса.
Працягваюцца экспэрымэнты з геамэтрычнымі формамі. Ужо адчуваецца тая містычная пустэча, манера напісаньня пэйзажу, уласьцівая Далі «сюррэалістычнага» пэрыяду, а таксама некаторым іншым мастакам.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.