Міхаіл Мікала́евіч Мураўё́ў, вядомы пад мянушкамі вешальнік і людаед[2] (рас. Михаил Николаевич Муравьёв; 1 (12) кастрычніка 1796 — 10 верасьня 1866) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Расейскай імпэрыі. Генэрал-губэрнатар Паўночна-Заходняга краю ў час здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Разам зь Ёсіфам Сямашкам адзін з галоўных праваднікоў палітыкі русіфікацыі Беларусі.
Міхаіл Мураўёў лац. Michaił Muraŭjoŭ | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
1 (12) кастрычніка 1796 або 1 кастрычніка 1796[1] |
Памёр: |
31 жніўня (12 верасьня) 1866 (69 гадоў) або 29 жніўня 1866[1] (69 гадоў) |
Сужэнец: | Пелагея Шарамецева[d] |
Дзеці: | Мікалай Мураўёў[d], Леанід Мураўёў[d] і Соф’я Мураўёва-Віленская[d] |
Бацька: | Мікалай Мураўёў[d] |
Маці: | Аляксандра Мардвінава[d] |
Адукацыя: | |
Узнагароды: | |
Біяграфія
Раньнія гады
Нарадзіўся ў Маскве ў сям’і марскога афіцэра. Навучаўся ў Маскоўскім унівэрсытэце, заснаваў Маскоўскае таварыства матэматыкаў, потым, разам з бацькам — вучэльню калёнаважатых (штабных афіцэраў) — правобраз будучай Акадэміі генэральнага штабу.
Удзельнічаў у Вайне 1812 году, за ўдзел у бітве пад Барадзіно атрымаў ордэн Уладзімера IV ступені з бантам. У 1813 годзе ўдзельнічаў у «бітве народаў» пад Дрэздэнам.
Па вяртаньні на радзіму зацікавіўся таемнымі таварыствамі і ў 1816 годзе ўступіў у «Саюз благадзеяньня». У час голаду ў Смаленскай губэрні браў удзел у арганізацыі дапамогі галадаючым у Рослаўскім павеце, у якім меў маёнткі. Па радыкалізацыі руху дэкабрыстаў, калі ў Статут «Саюзу» ўнесьлі пункт аб забойстве цара, не пагадзіўся з гэтым і выйшаў з арганізацыі. Быў арыштаваны за ўдзел у «Саюзе», але неўзабаве яго цалкам апраўдалі.
Кар’ерны рост
12 чэрвеня 1827 году атрымаў прызначэньне на пасаду віцэ-губэрнатара Віцебскай губэрні, 15 верасьня 1828 году — губэрнатара Магілёўскай губэрні, 24 жніўня 1831 году — губэрнатара Гарадзенскай губэрні, 11 студзеня 1835 году — губэрнатара Курскай губэрні.
У сьнежні 1831 году атрымаў званьне генэрал-лейтэнанта, 21 траўня 1849 году — генэрал-маёра, 28 жніўня 1856 году — генэрала ад інфантэрыі.
1 студзеня 1850 году стаў сябрам Дзяржаўнага савету, у 1850—1857 гадох быў віцэ-прэзыдэнтам Расейскага геаграфічнага таварыства, у 1857—1861 гадох — Міністрам дзяржаўных маёмасьцяў.
Карупцыя
У час знаходжаньня на высокіх дзяржаўных пасадах здабыў рэпутацыю буйнога карупцыянэра[3]. У 1858 годзе дзеля адной службовай паездкі ўзяў зь дзяржаўнага скарбу камандзіровачныя («прагоны») ува ўсіх трох ведамствах, дзе займаў пасады, за што атрымаў мянушку «трохпрагоннага»[3]. Дапамог старшыні Дзяржаўнага савету А. Арлову прадаць у дзяржаўны скарб дом, які Арлоў раней купіў за дзяржаўныя грошы[4]. Паспрыяў прызначэньню свайго старэйшага сына на пасаду вяцкага губэрнатара. Выдзяліў ад імя падначаленага яму Ляснога ведамства грашовую ўзнагароду за «захаваньне лясоў» вяцкаму і ніжагародзкаму губэрнатарам. Пасаду ніжагародзкага губэрнатара на той час займаў родны брат Мураўёўва[4]. Таксама прызначыў на кіроўную пасаду свайго пляменьніка А. Лашкарова[4].
Падтрымка прыгону
Адназначна адмоўна паставіўся да сялянскай рэформы 1861 году, якая мела на мэце вызваліць сялянаў ад прыгоннай залежнасьці. Разам з князем В. Далгарукавым стаў лідэрам групы найвышэйшых ураднікаў, хто рабіў усё магчымае, каб перашкодзіць вызваленьню сялянаў[4]. Аднак ня меў дастатковага ўплыву, каб спыніць рэформу: галоўным яе рухавіком стаў вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч[5].
Русіфікацыя Вялікага Княства Літоўскага
У сьнежні 1830 году даслаў маскоўскаму гаспадару Мікалаю I лічбу, у якой настойліва рэкамэндаваў забараніць выкарыстаньне ў справаводзтве Магілёўскай губэрні Статуту Вялікага Княства Літоўскага[6]. Загад Урадаваму Сэнату аб скасаваньні Статуту выйшаў ужо 1 студзеня 1831 году.
У адмысловай запісцы ад 22 сьнежня 1830 году на імя Мікалая I пра асновы адукацыі на тэрыторыі Магілёўскай губэрні пераконваў гаспадара ў тым, што трэба адхіліць ад навучальна-выхаваўчага працэсу каталіцкіх сьвятароў і цалкам перавесьці адукацыйны працэс на расейскую мову. У асобнай запісцы таксама рэкамэндаваў зачыніць Віленскі ўнівэрсытэт як месца навучаньня шмат каго зь неляяльных грамадзянаў[6].
Браў удзел у здушэньні паўстаньня 1830—1831 гадоў і наступных за ім рэпрэсіях. Выслаў у Сыбір князя Рамана Станіслава Сангушку. У 1832 годзе звольніў дырэктара вучэльняў Аляксея Сухадольскага. У 1833 годзе арыштаваў настаўніка матэматыкі ксяндза Ляскоўскага і двух вучняў другой клясы Гарадзенскай дамініканскай гімназіі. Пастанавіў выслаць ксяндза Зяленку. У выніку дамогся ліквідацыі дамініканскага кляштару і закрыцьця гімназіі пры ім. У ліпені 1833 году зацьвердзіў вырак аб павешаньні паўстанца Міхала Валовіча. У красавіку 1834 году замест зачыненай дамініканскай гімназіі адкрыў новую расейскую, дзе настаўнікамі сталі асобы расейскага паходжаньня.
Актыўна спрыяў япіскапу Ёсіфу Сямашку ў справе ўсталяваньня іканастасаў ува ўніяцкіх цэрквах. У 1833 годзе падаў запіску пра патрэбу запясьпечваць духавенства зь дзяржаўнага скарбу. У 1835 годзе ліквідаваў базылянскі манастыр у Чарлёне.
У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў атрымаў прызначэньне на генэрал-губэрнатара Паўночна-Заходняга краю з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. На гэтай пасадзе жорстка змагаўся з паўстанцамі. Сярод іншага, 2 чэрвеня 1863 году ў адмысловым лісьце настаяў на публічным расстрэле каталіцкага сьвятара Раймунда Зямацкага за чытаньне ў касьцёле Маніфэсту Літоўскага паўстанцкага ўраду[7] (вырак выканалі 5 чэрвеня), а першай ахвярай стаў ксёндз Станіслаў Ішора, расстраляны 3 чэрвеня[8]. Неўзабаве 13 чэрвеня расстралялі ксяндза Адама Фалькоўскага — таксама толькі за чытаньне ў касьцёле Маніфэсту паўстанцаў[9]. Шырока практыкаваў канфіскацыю маёмасьці і абкладаньне ўсёй шляхты вялікім «ваенным падаткам». У дадатак да тысячаў чалавек, якія загінулі ў баях, згодна з пастановамі трыбуналаў пакараў сьмерцю 128 паўстанцаў (у тым ліку нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага) і выслаў у Сыбір, паводле розных падлікаў, ад 2500 да 9423 чалавек[lower-alpha 1].
Шырокую вядомасьць атрымаў дэвіз, які прыпісваюць Мураўёву:
Што не дарабіў расейскі штык — даробіць расейская школа і царква Арыгінальны тэкст (рас.)
Что не доделал русский штык — доделает русская школа и церковь
|
||
Меў варожае стаўленьне да беларускай мовы: У Паўночна-Заходнім краі так званую беларускую мову неабходна звесьці на нішто, бо калі гэтага не зрабіць, яна бесьперапынна будзе інсьпірыраваць думку пра асобны беларускі народ і пра права гэтага народа на этнічную самастойнасьць і нацыянальна-дзяржаўную сувэрэннасьць, чаго дапусьціць нельга[10].
Запрасіў у Вільню прадстаўніка кансэрватыўнага кірунку ў «западно-руссизме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выданьня «Вестник Юго-Западной и Западной России» пад новай назвай «Вестник Западной России». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзеньне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс ня меў папулярнасьці, і ў 1871 годзе яго закрылі[11].
Стаў ініцыятарам маштабнага будаваньня цэркваў-мураўёвак на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага[12], якія ўзводзіліся паводле тыповых праектаў і мусілі ўвасобіць праваслаўна-расейскія і царкоўна-традыцыйныя рысы архітэктуры[13] Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Іхнае будаваньне мела вызначальную ідэйна-палітычную ролю[12] ў справе маскалізацыі беларусаў:
Праваслаўныя бажніцы маюць быць адвечнымі сьведкамі вялікай эпохі адраджэньня расейскай народнасьці ў Паўночна-Заходнім краі, спрадвеку расейскім, які доўгі час пакутаваў пад прыгнётам лацінска-польскай прапаганды.
Арыгінальны тэкст (рас.)
Православные храмы должны служить вековыми свидетелями великой эпохи возрождения русской народности в Северо-Западном крае, искони русском, страдавшем так долго под гнетом латинско-польской пропаганды.
|
||
У гэты ж час ажыцьцяўлялася масавае зьнішчэньне старажытных праваслаўных цэркваў Вялікага Княства Літоўскага[14], а таксама перабудова ў стылі архітэктуры Маскоўскай дзяржавы колішніх рымска-каталіцкіх, уніяцкіх і нават спрадвеку праваслаўных сьвятыняў. Падобным чынам Маскоўская царква імкнулася абазначыць «кананічную» тэрыторыю[15]. Фінансавалася гэтая справа з сродкаў, сабраных з удзельнікаў паўстаньня ў выглядзе штрафаў і кантрыбуцыяў[12][16]. У выніку падобных рэканструкцыяў адбывалася зьнявечаньне кампазыцыяў і стылёвага разьвязку помнікаў архітэктуры, зьнішчаліся высокамастацкія фрэскі, алтары, амбоны і інш.[17]
Зьвяртаючыся да шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага казаў[18]:
Забудзьцеся пра наіўныя летуценьні і мары, панове, і помніце, што калі вы ня станеце тут сваімі думкамі і пачуцьцямі расейцамі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край Арыгінальны тэкст (рас.)
Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край
|
||
Падтрымка летувіскай мовы
1 лютага 1864 году ў сваім цыркуляры дазволіў «незалежна ад расейскай мовы навучаньне мове жамойцкай як мясцовай гаворцы, а таксама і катэхізму на гэтай мове» (рас. «независимо от русского языка обучение языку жмудскому как местному наречию, а также и катехизису на этом языке»), а 5 лютага 1865 году выдаў загад «прапанаваць біскупу Валанчэўскаму, пад асабістым яго назіраньнем неадкладна распарадзіцца складаньнем зборніка або перакладу на жамойцкую мову пропаведзяў Бялабрэскага і Філіпецкага» (рас. «предложить епископу Волончевскому, под личным его наблюдением немедленно распорядиться составлением сборника или перевода на жмудский язык проповедей Бялобрежского и Филипецкого»)[19][lower-alpha 2].
Яшчэ 29 верасьня 1863 году жамойцкі біскуп Мацей Валанчэўскі (Валанчус) выступіў у Коўне з прамовамі па-польску і па-жамойцку, дзе «выкрываў усе дзеяньні, якія стымулявалі анархію і паўстаньне, раіў скарыстацца бязьмежнай міласьцю імпэратара, пакінуць паўстанцкія банды і зьявіцца з пакаяньнем перад уладамі; вучыў быць верным і прыхільным да законнай улады»[21].
Апошнія гады
1 траўня 1865 году Мураўёва звольнілі з пасады губэрнатара Паўночна-Заходняга краю з максымальна магчымым ушанаваньнем: яму надалі тытул графа з найменьнем «Віленскі» і ўзнагародзілі найвышэйшым ордэнам Расейскай імпэрыі — Сьвятога Андрэя Першазванага. Пры звальненьні з пасады ён нагадаў маскоўскаму гаспадару пра патрэбу ўзмацненьня ролі Маскоўскай царквы ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім[22]:
Я растлумачыў Яго Вялікасьці, што край гэты ўтрымліваецца за намі сілаю зброі і трэба было б яго цяпер аб'яднаць маральна-палітычна-рэлігійным элемэнтам Арыгінальны тэкст (рас.)
Я изъяснил Его Величеству, что край этот удерживается за нами силою оружия и надо бы его теперь воссоединить нравственно-политически-религиозным элементом
|
||
У красавіку 1866 году Мураўёўва прызначылі старшынём сьледчай камісіі ў справе замаху на маскоўскага гаспадара з боку Дзьмітрыя Каракозава.
Памёр 29 жніўня (10 верасьня) 1866 году ў Пецярбурзе. Спачыў у Аляксандра-Неўскай Лаўры.
Ацэнкі
Адзін з начальнікаў Мураўёва князь Пётар Далгарукаў зазначаў высокую працаздольнасьць і эфэктыўнасьць свайго падначаленага, аднак пры гэтым вельмі нізка ацэньваў ягоныя маральныя якасьці[23]:
Пачуцьцё асабістай годнасьці, гонар, сумленьне — для яго толькі пустыя словы. Ягоная рэлігія — улада і грошы[24].
Арыгінальны тэкст (рас.)
Чувство личного достоинства, честь, совесть для него не существуют; все это для него слова, пустые звуки; власть и деньги — вот его религия.
|
||
16 красавіка 1866 году на абедзе ў Ангельскім клюбе Мікалай Някрасаў зачытаў оду, прысьвечаную Мураўёву: «Бокал заздравный поднимая, Еще раз выпить нам пора Здоровье миротворца края! Так много ж лет ему! Ура!». Пры гэтым частка расейскіх літаратараў (Леў Талстой, Фёдар Цютчаў і інш.[24]) падтрымлівалі пазыцыю Някрасава, частка — яго моцна раскрытыкавалі. Расейскі пісьменьнік Карней Чукоўскі ў творы «Паэт і кат» зьвярнуў увагу на крывадушнасьць Някрасава, які з аднаго боку заклікаў моладзь змагацца за свабоду, а зь іншага прасіў Мураўёва узмацніць тэрор і заклікаў яго да новых пакараньняў сьмерцю і такім чынам здрадзіў той моладзі[25].
Расейскі пісьменьнік Аляксандар Герцэн даў наступную ацэнку поглядам, справам і вонкаваму выгляду Мураўёва[26][27]:
Такой мастацкай адпаведнасьці паміж зьверам і яго вонкавым выглядам мы ня бачылі ні ў статуях Банароці, ні ў бронзе Бэнвэнута Чэліні, ні ў клетках заалягічнага саду… Кат, замест кляйма, адзначыць сваімі рысамі паўшую частку расейскага грамадзтва, тую, якая пляскае ў далоні пакараньням сьмерцю, як перамогам, і выбрала гэтага вырадка сваім вялікім дзеячом. Усе брыльянты імпэратарскай кароны і ўвесь алей памазаньня ня выратуюць венчаны лоб чалавека, які адшукаў дзесьці закінутага людаеда, каб яго паслаць на «ўлагоджваньне» няшчаснага краю.
Арыгінальны тэкст (рас.)
Такого художественного соответствия между зверем и его наружностью мы не видали ни в статуях Бонарроти, ни в бронзах Бенвенуто Челлини, ни в клетках зоологического сада… Палач, вместо клейма, отметит своими чертами падшую часть русского общества, ту, которая рукоплещет казням, как победам, и выбрала этого урода своим великим мужем. Все брильянты императорской короны и всё масло помазания не спасут венчанный лоб человека, отыскавшего где-то заброшенного людоеда, чтоб его послать на «умиротворение» несчастного края.
|
||
Польскія гісторыкі называлі Мураўёва-вешальніка «новым расейскім Чынгісханам»[28][29]. Сучасьнік Мураўёва В. Пшыбароўскі апісваў яго наступным чынам[30]: «Ён меў найгоршую рэпутацыю злодзея, рэакцыянэра <…> Партыя Заходнікаў шчыра яго ненавідзіла за гультайства і мангольскія капрызы, Славянафілы пагарджалі ім, зрэшты, не маглі лічыць сваім, бо ён ня меў на гэты конт ніякай дакладнай рэпутацыі, апрача адной, каб напоўніць уласную кішэню і задаволіць свае арыентальныя амбіцыі. Ня меў сяброў, усе яго не цярпелі, а яго маленькая тоўстая фігура, нездарова налітая, пасаджаная на кароткія ножкі, з апухлым, хваравіта-шэрым тварам, з выразам бульдога і мангольска-маскоўскім тыпам, з тыгрынымі вочкамі, круглымі і бліскучымі, як у зьмяі, сваім выглядам выклікала агіду».
Захаваліся сьведчаньні, што сам Мураўёў ганарыўся сваёй мянушкай «вешальнік»: маючы на ўвазе павешанага ў 1826 годзе на царскі загад рэвалюцыянэра-дзекабрыста Сяргея Мураўёва-Апостала, віленскі генэрал-губэрнатар любіў паўтараць: «Я ня з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а з тых, якія самі вешаюць»[24].
У канцы XIX ст. расейскія ўлады і структуры Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) спрабавалі стварыць культ асобы Мураўёўва. У 1895 годзе ў віленскім прадмесьці Сьніпішках на Кальварыйскай вуліцы ўрачыста адкрылі царкву-школу ў імя Мураўёўва, а ў 1900 годзе ў ягоны гонар асьвяцілі будынак царкоўна-прыходзкай школы ў Горадні[31]. Апроч таго, шырокая прапагандысцкая кампанія разгарнулася ў афіцыйным друку. Некаторыя матэрыялы таго часу зьяўляюцца яскравым прыкладам расейскай шавіністычнай публіцыстыкі: «Сям’я не бяз вырадка» — гаворыць прыслоўе. У нашай славянскай сям’і такім вырадкам зьяўляюцца, бяз сумневаў, палякі[31] <…> расейскі чалавек — усечалавек <…> нездарма мы — Сьвятая Русь <…> Адзін толькі М. Мураўёў, не баючыся ні Эўропы, ні дамарослых нашых лібэралаў сьмела і адкрыта сказаў, што тут [у колішнім Вялікім Княстве Літоўскі] Расея і даў дарогу расейцам[32]. Кульмінацыяй гэтай кампаніі стала ўсталяваньне ў 1898 годзе помніка Мураўёўву ў Вільні. Напярэдадні, у час і па адкрыцьці помніка сярод віленчукоў пашыраліся праклямацыі і адозвы антымураўёўскага зьместу[33]. Вобраз помніка Мураўёву-вешальніку стаў цэнтральным адразу ў некалькіх карыкатурах. Неўзабаве да помніка мусілі прыставіць гарадавога, які фактычна ахоўваў яго ад месьцічаў. Нагодай да гэтага стала акцыя пратэсту, апісаньне якой пакінула беларуская грамадзкая дзяячка Паўліна Мядзёлка[33]: «Каля помніка шпацыруе ўзад і ўперад гарадавы. <…> Ён паявіўся пасьля адной штукі, якую выкінула віленская моладзь. Набралі хлопцы ў бойні трыбухаў і кішок, ноччу абляпілі імі помнік з галавы да ног, а на пастамэнт вылілі некалькі бутэлек валерыянкі. Зляцеліся з ўсяго места сабакі да трыбухаў, а каты на пах валерыянкі. І што там тварылася ў падножжа помніка, можна сабе ўявіць! З таго часу гарадавы днём і ноччу сьцеражэ гэты помнік».
У 1915 годзе пры падрыхтоўцы да эвакуацыі зь Вільні расейскія ўлады дэмантавалі помнік[29]. Пазьней на яго месцы збудавалі грамадзкія прыбіральні. Мінімум адна зь іх існавала яшчэ ў 1990-х гадох[34].
27 лістапада 2016 году ў Менску ў царкве Покрыва Багародзіцы з бласлаўленьня кіраўніка Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Паўла (Панамарова) прайшла канфэрэнцыя «Готов собою жертвовать…»[35] (пазыцыянавалася арганізатарамі як навуковая), прысьвечаная памяці Мураўёва, якога назвалі «яскравай і выдатнай асобай». Загаднік катэдры царкоўнай гісторыі Менскай духоўнай сэмінарыі протаярэй Аляксандар Раманчук выступіў з дакладам, у якім разглядаў маральна-этычны аспэкт учыненага на загад Мураўёва публічнага забойства 8 каталіцкіх сьвятароў за «вуснае злачынства» — чытаньне ў касьцёлах Маніфэста нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. У сваім дакладзе ён прыйшоў да наступнай высновы[36][37]:
Фактычна ён паставіў пытаньне, ці мае ў вачах Бога расейскі праваслаўны сьвет такую каштоўнасьць, каб дзеля яго караць сьмерцю каталіцкіх сьвятароў. Быўшы праваслаўным вернікам, ён адказаў на гэтае пытаньне станоўча і выканаў прысуды. Такім чынам ён пагадзіўся ў поўнай ступені несьці адказ за свае дзеяньні перад Богам у пытаньні выратаваньня душы. Такім чынам, мы ня можам адмаўляць, што граф Мураўёў, расстраляўшы 8 каталіцкіх ксяндзоў, выступіў у ролі расейскага рэлігійнага і нацыянальнага лідэра і тым зьдзейсьніў асабісты духоўны подзьвіг самаахвярнасьці. | ||
Беларускі гісторык Уладзімер Арлоў вызначае Мураўёва як «хітрага і бязьлітаснага царскага сатрапа <…>, які ня грэбаваў ніякімі сродкамі: дзейнічаў подкупамі і шантажом, падпісваў сьмяротныя выракі і загадваў заліваць магілы экскрэмэнтамі, каб не дапусціць там патрыятычных маніфэстацыяў»[38]. На думку беларускага гісторыка Сяргея Абламейкі, галоўным антыгероем беларускай гісторыі зьяўляецца не Мураўёў-вешальнік, а Ёсіф Сямашка, які «зрабіў найболей для перамогі „русского дела в Западном крае“…»[39]
Беларускі літаратуразнавец і палітоляг Аляксандар Фядута ацэньвае Мураўёва наступным чынам: «Ні вялікім патрыётам, ні пачварай дэспатызму Міхаіл Мікалаевіч ня быў. <…> Жорсткі і валявы кіраўнік ў ім спалучаўся з карупцыянэрам, а патрыёт — з сапраўдным кар’ерыстам»[40].
Заўвагі
- Паводле расейскіх зьвестак — каля 2500. Тым часам ўэльскі гісторык Норман Дэвіс падае зьвесткі пра 8000 высланых. На яго думку, гэта была найбуйнейшая высылка за ўсю гісторыю Расеі
- Выдадзеная ў 1869 годзе кніга «Последнее слово о польском вопросе в России», якая апісвала захады дзеля абмаскаленьня колішняга Вялікага Княства Літоўскага, вызначала ў «Заходнім краі» наступныя тры народнасьці: жмудзінаў, якіх прапаноўвалася ніяк не русіфікаваць і ўсяляк падтрымліваць («калі яны пачнуць паважаць расейцаў, яны стануць цалкам адданымі нам і мы ўсё наступнае стагодзьдзе можам быць пэўнымі ў іх адданасьці»); беларусаў, якія «людзі чыста расейскія, але… стаяць на найніжэйшай ступені разьвіцьця, таму ў палітычных дачыненьнях абсалютна нікчэмныя; яны будуць рабіць тое, што прымусяць абставіны»; трэцяя жа народнасьць у кнізе не называецца паводле імя, адзначаецца толькі, што яна насяляе Гарадзенскую, большую частку Віленскай і Менскай губэрняў і што, калі жмудзінаў і беларусаў можна прывязаць да Расеі, то гэтая трэцяя народнасьць ёсьць напраўду вельмі небясьпечнай праз сваю варожасьць да «маскалёў»[20]
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.