Remove ads
этнаграфічная група цюрскага паходжаньня на былых землях ВКЛ і Рэчы Паспалітай From Wikipedia, the free encyclopedia
Літо́ўскія тата́ры (у Турэччыне — лі́пкі), пазьней белару́скія тата́ры — этнаграфічная група цюрскага паходжаньня на землях Вялікага Княства Літоўскага, цяпер у Беларусі, Летуве (Віленшчына і Троччына) і Польшчы (Падляшша).
Беларускія татары | |
tatarlar, татарлар | |
Этнічны сьцяг | |
Агульная колькасьць | Беларусь — 10 тыс. чал. Польшча — 5 тыс. чал. Летува — 4 тыс. чал. |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | 26 тыс. чал |
Мовы | старабеларуская мова (беларуская мова) і татарская мова ў Беларусі |
Рэлігія | іслам |
Блізкія этнасы | татары, крымскія татары |
Засялялі пераважна тэрыторыю, якую прымяркоўваюць да Літвы ў вузкім сэнсе (у тым ліку ваколіцы Вільні і Трокаў[1]). З даўніх часоў цалкам перайшлі на беларускую мову, што засьведчылі ва ўласных літаратураных помніках (у тым ліку аль-кітабах). Акадэмік Яўхім Карскі наступным спосабам тлумачыў прычыны страты татарамі роднай мовы: «Пасяліўшыся ў Літоўскай дзяржаве, яны хутка абеларусіліся; часткова гэта залежала ад таго, што яны бралі шлюб з беларускамі, бо сваіх жанчын зь імі часта не было». «3 прычыны гэтага [жаніцьбы зь ліцьвянкамі], — дадае крымска-татарскі асьветнік Ісмаіл Гаспрынскі ў рабоце „Рускае мусульманства“[2], — што жонкі пасяленцаў-татараў не разумелі зусім па-татарску, ужо першае пакаленьне літоўскіх татараў гаварыла больш мовай маці, г. зн. па-літоўску, чым па-татарску, так што празь некалькі пакаленьняў татарская мова зьнікла з ужытку, і мова літоўская (г. зн. беларуская) стала нацыянальнай мовай тамтэйшых татараў»[3].
Самастойную этнаграфічную супольнасьць татараў у Вялікім Княстве Літоўскім ад пачатку азначалі назвай літоўскія татары. З утварэньнем Рэчы Паспалітай і адыходам да Каралеўства Польскага Падляскага ваяводзтва, дзе жыла частка літоўскіх татараў, датычна ўсё супольнасьці пачалі ўжываць назву польска-літоўскія татары. З 1920-х гадоў у рэчышчы беларусізацыі зьявіліся назвы беларуска-літоўскія татары і беларускія татары[4].
Назва ліпкі, як мяркуецца, паходзіць ад турэцкага выразу «лубка-татар», што значыць «літоўскія татары». Ліпкамі называлі татараў Вялікага Княства Літоўскага, які перасяліліся ў Асманскую імпэрыю. Азначаецца, што называньне ліпкамі ўсіх літоўскіх татараў ёсьць памылковым[5].
Існуюць зьвесткі, што ў XVI—XVIII стагодзьдзях беларускія татары выстаўлялі войска пад уласнай бела-чырвона-белай харугвай з выявай у цэнтры паўмесяца і зоркі[7]. Магчыма, праз гэта у адным з аль-кітабаў, паводле беларускіх дасьледнікаў братоў Івана і Антона Луцкевічаў, зьявілася пазьнейшае сьцьверджаньне пра ўдзел у Грунвальдзкай бітве татарскай коньніцы пад бел-чырвона-белым сьцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Аднак сучасныя дасьледнікі ня здолелі знайсьці адпаведны аль-кітаб з апісаньнем Грунвальдзкай бітвы[8].
У войску міжваеннай Польскай Рэспубліцы швадрон уланаў, у якім служылі беларускія татары, меў двузубы белы вымпэл з гарызантальнай чырвонай паласой, на якой разьмяшчаліся зялёная зорка і паўмесяц[9].
Першыя зьвесткі пра значны прыход цюрак на землі Вялікага Княства Літоўскага датуюцца кіраваньнем Гедзіміна, яны ўлучалі ў сябе як палонных, так і асобаў, якія ахвотна прыйшлі на вайсковую службу. Па разгроме Тахтамыша Тымурам у 1391—1399 гадох значная частка татараў знайшла прытулак у суседніх краінах — у Малдове, Валахіі, Літве й Маскоўскай дзяржаве. Ужо ў гэтую эпоху заходнеэўрапейскія храністы ўпамінаюць літоўскіх татараў пад Трокамі. Тыя татары, што жылі ў Малдове і Літве, у існасьці, былі адзінай этнічнай групай, і часта этнонім «ліпкі» ўжываўся ў дачыненьні да ўсіх літоўскіх (беларускіх) татараў. Тагачасным тэрмінам татары азначаліся выхадцы ня толькі з уласна казанскіх, сыбірскіх і крымскіх татараў, але й шэраг іншых этнасаў, якія бралі ўдзел у этнагенэзе цюрак (напрыклад, манголы й вугры), што абумоўлівае несупаданьне тагачаснага азначэньне татары з сучасным значэньнем гэтага тэрміну (пад якім найчасьцей маюцца на ўвазе паволскія або казанскія татары).
У 1672 годзе пад узьдзеяньнем асманскай прапаганды татары, якія жылі на Падольлі й Валыні, узьнялі паўстаньне супраць уладаў Каралеўства Польскага. Але ўласна літоўскія татары засталіся вернымі Вялікаму Княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай, у тым ліку бралі ўдзел на яе баку ў Хацінскай бітве. Па заняцьці Бару (1674 год) Ян III Сабескі абвясьціў амністыю, і шмат уцекачоў вярнуліся ў Польшчу й Літву — у асноўным яны расьсяліліся ў Кобрыні й Берасьцейскай эканоміі. Аднак асобныя іх залогі засталіся ў Камянцы Падольскім, Бары й Хаціне да 1699 году, калі яны перасяліліся, у асноўным, у Дабруджу.
Пазьней было яшчэ некалькі хваляў татарскай эміграцыі з ВКЛ у Асманскую імпэрыю, і ўсе эмігранты фігуравалі пад імем «ліпкі». Так, у 1715 годзе «літоўскія татары, не выносячы ўціску саксонскіх войскаў, сабраўшыся з усей маёмасьцю, пайшлі да Волахаў, дзе аселі». Усё XVIII стагодзьдзе літоўскія татары часта выяжджалі праз Малдову ў Турэччыну, часам атрымліваючы высокія пасады ў асманскім войску. Так, Якуб Бучацкі з Падляшша, які служыў у артылерыі Патоцкага, паехаў з Рэчы Паспалітай, калі апошні далучыўся да таргавічанаў. Гэтая эміграцыя працягвалася й па падзелах Рэчы Паспалітай. Іншым разам эмігранты мелі за плячыма больш як 20-гадовы досьвед службы ў літоўскім войску, як, напрыклад харунжы Мустафа Рамановіч, які перасяліўся ў Турэччыну на пачатку XIX стагодзьдзя. Часьцей за ўсё прычынай эміграцыі называўся ўціск з боку уладаў Расейскай імпэрыі, як у 1803 годзе, калі перасяленцы, якія прыбылі ў Хацін, скардзіліся на спробы гвалтоўна павярнуць іх у праваслаўе. Тагачасны польскі падарожнік у Турэччыну В. Хжаноўскі пісаў: «калі нехта крочыць празь мяжу, звычайна бярэ з сабой аднаго ці двух хоцімскіх янычараў, якія ёсьць татары-ліпка. Традыцыя кажа, што імя тое дадзена ім замест „Літва“, дзе яны раней былі аселі. Большая частка іх вельмі добра ўмеюць па-польску». Для параўнаньня, татары ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай наогул карысталіся набыткамі рэлігійнае талерантнасьці, а іх міграцыя ў ВКЛ і Польшчу спынілася прыкладна ў пачатку XVI стагодзьдзя.
Да падзелаў Рэчы Паспалітай «ліпкі» даволі свабодна перамяшчаліся паміж Малдовай і Літвой, пра што, напрыклад, занатаваў у сваім дзёньніку ў 1722 годзе Піліп Орлік: «наведаў мяне пан Корсак, ротмістар ліпканскі, і апавёў, што з Горадні прыехаў сюды ліпка й данёс, нібы Цар (Пётар I) меўся ўзяць у сваю пратэкцыю караля Станіслава й хоча яго пасадзіць на троне й нібы ў Літве меў выдаць унівэрсалы на правіянт для войска». У «Апісаньні Малдавіі» малдаўскі гісторык і дзяржаўны дзяяч Дзьмітры Кантэмір адзначаў: «чатыры ці больш швадроны ліпканскіх татараў — гэта залежыць ад жаданьня гаспадара. Гэтым імем называюцца тыя скіфы, якія жывуць у Літве й вызнаюць магамэтанскую веру». У «Гісторыі Асманскай імпэрыі» Кантэмір пісаў: «вядома, што літоўскія татары — ані крымскія, ані агускія, але чараміскія; таму мае землякі й сёньня называюць іх Чырымуш, хаця ў туркаў яны вядомыя як татары-„ліпка“, якое слова ёсьць перакручанае „Літва“»[10].
Ад пачатку размаўлялі на цюрскіх дыялектах (пераважна кыпчацкае групы), якія звычайна азначаюцца тэрмінам татарская мова, які, аднак, з прычыны этнічнае неаднароднасьці літоўскіх татараў нельга цалкам атаясамліваць з сучасным паняткам татарскае мовы. Іншыя крыніцы паведамляюць пра крымскататарскі кампанэнт цюрскага маўленьня татараў у ВКЛ.
З XVI—XVII ст. пачынаецца працэс моўнай асыміляцыі літоўскіх татараў праз міжнацыянальныя шлюбы, брак цюрскае мовы ў рэлігійным жыцьці (у якасьці літургічнае мовы карысталі арабскую) і выкарыстаньне іншых моваў (старабеларуская, польская) на месцы службы выхадцаў з гэтай этнічнай групы. Разам з тым, у сьвецкім і рэлігійным ужытку працягвала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо (якім на старабеларускай і польскай мовах запісваліся важныя для татараў тэксты, гл. кітабы) і арабска-пэрсыдзкая культурная лексыка (апошняя — прыкладна да ХХ ст.). Цюрскія запазычваньні існуюць у сучаснай беларускай мове і маюць працяг у тапаніміцы Беларусі (у асноўным выяўляюць сьляды пасяленьня татараў, напрыклад, Койданаў).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.