From Wikipedia, the free encyclopedia
Сымбо́ліка Белару́сі — комплекс сымбаляў Беларусі, які характарызуецца адначасным існаваньнем традыцыйнай гістарычнай беларускай (законныя дзяржаўныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня) і незаконна абвешчанай «дзяржаўнай» расейскай акупацыйнай (чырвона-зялёны сьцяг і мадыфікаваны герб БССР) сыстэмаў сымбаляў[1]. Такі падзел абумовіла несупадзеньне ўведзенай рэжымам Лукашэнкі сымболікі з нацыянальнай сымболікай беларусаў[2] і абставіны правядзеньня псэўдарэфэрэндуму 1995 году, якому папярэднічала зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнту ў залі паседжаньняў. Імітацыя ўсенароднага галасаваньня адзначалася неадпаведнасьцю Канстытуцыі краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў[3].
У 2020 годзе пры здушэньні пратэстаў беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня прыхільнікі сымбаляў рэжыму Лукашэнкі адзначыліся дзеяньнямі, якімі канчаткова дыскрэдытавалі гэтую сымболіку[4].
Вынясеньне на рэфэрэндум пытаньня аб пазбаўленьні нацыянальных сымбаляў беларусаў дзяржаўнага статусу парушала артыкулы 17, 78 і 148-2 Канстытуцыі Беларусі, а таксама закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)». Працэдура прызначэньня рэфэрэндуму адбывалася з парушэньнем закону «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь» (паводле якога дэпутат ёсьць асобай недатыкальнай) і «Часовага рэглямэнту Вярхоўнага Савету», а таксама Крымінальнага кодэксу. Агітацыя ў пытаньнях рэфэрэндуму праводзілася з парушэньнямі законаў «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)», «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь» і «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь». Галасаваньне праходзіла з парушэньнем закону «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)»[3][5].
Зьнішчэньне Лукашэнкам дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні засьведчыла аднаўленьне палітыкі русіфікацыі з мэтай атрымаць падтрымку і грошы Расеі[6]. На думку гісторыка Алега Трусава, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, гэтая ініцыятыва негалосна ішла ад уладаў Расеі[7], якія імкнуліся рэанімаваць імпэрскую ідэю[8]. Зь іншага боку правядзеньне рэфэрэндуму абумовіла жаданьне Лукашэнкі набыць папулярнасьць у Расеі з наступнай мэтай стаць прэзыдэнтам Расеі[9]. Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка, падобны плян агучваў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын, расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[10], які меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[11] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[12][13]. Ён жа, паводле неаднаразовых уласных прызнаньняў[14][15][16], стварыў прапанаваныя на рэфэрэндум сымбалі, за аснову якіх узяў сьцяг і герб Беларускай ССР. Пазьней Сініцын апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[11]:
Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў. | ||
Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка, прытым дэпутаты атрымалі эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні[17].
З 1995 году ў Беларусі паралельна існуюць дзьве сыстэмы сымбаляў[1] — традыцыйная гістарычная беларуская (законная дзяржаўная сымболіка Беларусі) і незаконна абвешчаная «дзяржаўнай» штучная сымболіка расейскай акупацыйнай адміністрацыі.
Беларуская нацыянальная сымболіка, якая захоўвае дзяржаўны статус de iure[3][18]:
Афіцыйныя сымбалі прарасейскага рэжыму Лукашэнкі[25][26], незаконная абвешчаныя «дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі» ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году на фармальнай падставе сфальсыфікаванага псэўдарэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які праводзіўся ва ўмовах тэрору супраць беларусаў[3]:
Улетку 1993 году дэпутат Аляксандар Лукашэнка выступіў за аднаўленьне СССР, а ў часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году ён насіў не дзяржаўны бел-чырвона-белы, а чырвона-зялёны дэпутацкі значак БССР. Разам з тым у афіцыйнай перадвыбарчай праграме згадкі пра магчымую зьмену сымболікі адсутнічалі[30]. Тым часам напярэдадні вызначальнага другога туру выбараў у час тэледэбатаў зь Вячаславам Кебічам Лукашэнка, увогуле, начапіў на пінжак значок з выявай бел-чырвона-белага сьцяга (апанэнт выступаў без значка)[31]. 20 ліпеня 1994 году пад бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі. 15 кастрычніка 1994 году Лукашэнка зь бел-чырвона-белым сьцягам выступіў у этэры расейскай дзяржаўнай тэлевізіі[32].
У канцы 1994 году на сэсіі гарсавету ў Гомлі Лукашэнка ў абразьлівай форме выказаўся пра беларускую мову і тых, хто на ёй размаўляе[7]. У лютым 1995 году ён заявіў пра намер прыбраць беларускую нацыянальную сымболіку і надаць дзяржаўны статус расейскай мове. Ужо 25 сакавіка адзначаліся факты зьнявагі дзяржаўнага сьцяга, калі падкантрольная Лукашэнку міліцыя пры затрыманьні грамадзянаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, вырывала сьцягі і ламала дрэўкі (на зварот дэпутатаў парлямэнту Беларусі да генэральнага пракурора паводле факту зьнявагі дзяржаўнага сьцяга нікога зь міліцыі не пакаралі), а 12 красавіка міліцыя ўжо ня толькі вырывала, але і, увогуле, рвала дзяржаўныя бел-чырвона-белыя сьцягі[33]. 16 траўня 1995 году, калі афіцыйна абвешчаныя вынікі рэфэрэндуму яшчэ фармальна не набылі законнай сілы, кіраўнік справамі Лукашэнкі Іван Ціцянкоў зьняў з даху Дома ўраду бел-чырвона-белы сьцяг і разарваў дэ-юрэ і дэ-факта (на той момант) дзяржаўны сымбаль Беларусі «на сувэніры»[34]. Ціцянкоў асабіста расьпісаўся на кожным з кавалкаў, што зафіксавалі на відэа[35].
7 чэрвеня 1995 году Лукашэнка выдаў указы № 213 «Аб зацьверджаньні эталёну Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[36] і № 214 «Аб зацьверджаньні Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь»[37] дзеля фармальнага замацаваньня сымболікі рэжыму на заканадаўчым узроўні. Тым часам бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня трапілі пад негалосную забарону[38]. Нягледзячы на яе, у Беларусі нацыянальнай сымболікай працягвалі карыстацца апазыцыйныя да рэжыму Лукашэнкі беларускія арганізацыі. Апроч таго, бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня актыўна выкарыстоўваліся ў спартовых і культурных імпрэзах па-за межамі краіны[39][40], а таксама беларускімі эмігранцкімі арганізацыямі. Тым часам у Беларусі зьявілася легендарная постаць Мірона — невядомага героя беларускага руху, які рэгулярна ўздымаў нацыянальны сьцяг у цяжкадаступных (высокіх і небясьпечных) месцах[6].
14 траўня 2007 году афіцыйны ўрад Беларусі надаў гербу Пагоні статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьці[41]. У 2010-я гады ў краіне прайшла маштабная грамадзкая кампанія ў справе папулярызацыі нацыянальный сымболікі, у межах якой у Міністэрства культуры накіравалі некалькі зваротаў з прапановай дадаць бел-чырвона-белы сьцяг у сьпіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, у тым ліку з распрацаваным навукоўцамі абгрунтаваньнем[42] і тысячамі подпісаў грамадзянаў Беларусі[43]. У падтрымку нацыянальнага сьцяга выказаліся вядомыя беларускія спартоўцы: прызэрка алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя, чэмпіён сьвету Віталь Гуркоў, гандбаліст Сяргей Рутэнка[44], прызэрка чэмпіянаў сьвету і Эўропы Аліна Талай[45], чэмпіёнка сьвету Тацяна Драздоўская[46], трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч[47], алімпійскі чэмпіён Андрэй Багдановіч[48]. Аднак на ўсе прапановы Мінкульт адказваў адмовамі з спасылкамі на фармальныя прычыны («фрагмэнтарнасьць і непаўнату абгрунтаванасьці», «брак фатаздымкаў» і г. д.), якія сьведчылі пра непасьлядоўнасьць міністэрства ў пытаньнях наданьня статусу гістарычна-культурнай каштоўнасьці і прызнаньне фактычнага браку паўнамоцтваў у разьвязаньні пытаньня зь бел-чырвона-белым сьцягам[49]. У сакавіку 2018 году пад бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшло маштабнае сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. У траўні таго ж году пад бел-чырвона-белымі сьцягамі адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Косаве[50], а ў верасьні 2019 году — урачыстае адкрыцьцё помніка вялікаму князю Гедзіміну ў Лідзе[51]. 22 лістапада 2019 году ў Вільні пад бел-чырвона-белымі сьцягамі (якіх было ў разы больш за польскія і летувіскія) адбылася найбольш масавая па-за сучаснымі межамі Беларусі шматтысячная беларуская маніфэстацыя, прысьвечаная разьвітаньню зь беларускім нацыянальным героем Кастусём Каліноўскім[52].
У 2020 годзе бел-чырвона-белы сьцяг стаў галоўным сымбалем пратэстаў супраць фальсыфікацыяў выбараў, гвалту і беззаконьня ў Беларусі[53]. Гэта прывяло да росту папулярнасьці нацыянальнага сьцяга: на яго аснове жыхары Беларусі стварылі больш за 300 новых сьцягоў сваіх паселішчаў, мікрараёнаў, вуліцаў і двароў[54][55]. Да іх таксама далучыліся і беларускія згуртаваньні за мяжой[56]. У гэты ж час фіксуюцца шматлікія выпадкі цынічнай зьнявагі нацыянальнага сьцяга беларусаў з боку супрацоўнікаў сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі, якія могуць кваліфікавацца як распальваньне варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы (артыкул 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі)[23]. У лістападзе 2020 году прыхільнікі Лукашэнкі (меркавана зь яго блізкага атачэньня) забілі за бела-чырвона-белыя стужкі жыхара Менску Рамана Бандарэнку. У сьнежні 2020 — студзені 2021 году фіксуюцца факты разьбіцьця мэталічнымі гайкамі вокнаў з рэчамі (сьняжынкі, фіранкі) у бела-чырвона-белай каляровай гаме, прытым міліцыя рэжыму Лукашэнкі адмаўляецца заводзіць крымінальныя справы, сьцьвярджаючы, што падобныя дзеяньні ёсьць «выказваньнем меркаваньня», а не злачынствам[57]. Сам Лукашэнка ўсьлед за расейскімі шавіністамі называе нацыянальны сьцяг беларусаў, пад якім у 1994 годзе прымаў прысягу прэзыдэнта Беларусі, «фашысцкай сымболікай» (рас. «фашистская символика»)[58]. Увогуле, зьвінавачваньне ў фашызьме на падставе аднаго толькі факту паўафіцыйнага цывільнага выкарыстаньня ў час нацысцкай акупацыі беларускіх нацыянальных сымбаляў выкарыстоўвала яшчэ савецкая прапаганда дзеля публічнай дыскрэдытацыі прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі. Прытым рупары такой прапаганды цалкам замоўчвалі той факт, што савецкая сымболіка ўжывалася побач з нацысцкай у час супольнага нацысцка-савецкага вайсковага параду ў Берасьці, які адбыўся ў пачатку Другой сусьветнай вайны. Тым часам цяперашні сьцяг Расеі выкарыстоўваўся вайсковым фармаваньнем Трэцяга Райху, што брала ўдзел у вайсковых дзеяньнях — Расейскай вызвольнай арміяй генэрала Ўласава (таксама гэты сьцяг выкарыстоўвалі 1-я Расейская нацыянальная армія, якая ладзіла дывэрсіі ў тыле савецкіх войскаў і змагалася з партызанамі, і дапаможныя расейскія моладзевыя арганізацыі[59], у тым ліку расейскія выхаванцы СС). Увогуле, у час Другой сусьветнай вайны калябарацыяністы, апроч расейскага, выкарыстоўвалі сучасныя сьцягі Бэльгіі, Латвіі, Летувы, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Украіны, Францыі, Эстоніі і некаторых іншых краінаў Эўропы і Азіі[42].
8 лістапада 2020 году ўдзельнікі аўтапрабегу ў падтрымку рэжыму Лукашэнкі нанесьлі на чырвона-зялёныя сьцягі партрэты Лукашэнкі і надпісы «За бацьку!»[60]. Тым часам згодна з артыкулам 8 Закона «Аб дзяржаўных сымбалях Рэспублікі Беларусь» ад 5 лiпеня 2004 году № 301-З «Не дапускаецца разьмяшчэньне на Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь надпісаў і графічных малюнкаў незалежна ад спосабу iх нанясеньня»[61]. Аднак на зварот у Генэральную пракуратуру ў зьвязку з парушэньнем закону прыйшоў адказ з Партызанскай РУУС м. Менску, дзе сьцьвярджалася аб браку падставаў да завядзеньня адміністрацыйнай або крымінальнай справы[62]. Тым часам пры здушэньні пратэстаў 2020—2021 гадоў супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі сталі вывешваць чырвона-зялёныя сьцягі над аўтазакамі і будынкамі турмаў, дзе паводле сьведчаньняў затрыманых, учыняюцца катаваньні. Апроч таго, на фоне чырвона-зялёнага сьцяга праводзяцца допыты затрыманых беларусаў (з пазнакамі фарбай на твары), якіх здымаюць на відэа[63]. Тым часам гвалтоўна вывешаныя над жылымі дамамі ЧЗ-сьцягі абносілі калючым дротам з выстаўленьнем адмысловай аховы[64][65]. Паводле гісторыка Аляксандра Пашкевіча, гэта сьведчыць пра стаўленьне да ЧЗ-сьцяга з боку яго прыхільнікаў як да сродку пазначэньня тэрыторыі, а ня як да сьвятыні[4].
29 студзеня 2021 году зьявілася афіцыйная заява ад імя сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі пра падрыхтоўку да афіцыйнага абвяшчэньня бел-чырвона-белага сьцяга «экстрэмісцкім»[66]. Падставай да гэтага назвалі зварот, падпісаны каля 100 невядомымі прыхільнікамі расейскага фашызму (галосна адзначыўся толькі ініцыятар — удзельнік псэўдаказацкай арганізацыі антысэміт Пётар Шапко[67]). Неўзабаве больш за 103 тысячы беларусаў падпісалі зварот у абарону бел-чырвона-белага сьцяга з заклікам да яго прызнаньня нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьцю на дзяржаўным узроўні[68]. Таксама ў абарону нацыянальнага сьцяга выступіла 887 беларускіх гісторыкаў[69], якія засьведчылі, што прапагандысцкая кампанія на дыскрэдытацыю і забарону нацыянальнага і дзяржаўнага сымбалю Беларусі ня мае ніякага гістарычнага абгрунтаваньня, вядзе да расколу грамадзтва і распальваньня варожасьці паміж грамадзянамі Беларусі[70]. Тым часам з боку зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі гісторыкаў-прапагандыстаў адзначаюцца выпадкі грубай фальсыфікацыі гісторыі, калі пры браку дакумэнтальных пацьверджаньняў зьяўляюцца галаслоўныя сьцьверджаньні пра выкарыстаньне нацыянальнага сьцяга беларусаў у час карных апэрацыяў нацыстаў супраць беларусаў[71].
24 траўня 2021 году мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных справаў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замяніў на адным з пляцаў места чырвона-зялёны сьцяг на нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы сьцяг з Пагоняй з наступным абгрунтаваньнем: «Сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў мескім асяродзьдзі Рыгі»[72].
11 чэрвеня 2021 году група дэпутатаў парлямэнту Швэцыі зьвярнулася да міністра замежных справаў краіны Ан Ліндэ з прапановай выкарыстоўваць на дзяржаўным узроўні ў якасьці сьцяга Беларусі замест чырвона-зялёнага нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле дэпутатаў, чырвона-зялёны сьцяг, які «шырока выкарыстоўваецца ў якасьці фону ў фільмах, у якіх апазыцыянэры вымушаныя прызнавацца ў меркаваных злачынствах, якіх яны ніколі не рабілі», у цяперашніх умовах «закліканы надаць легітымнасьць дыктатару, які не шкадуе сродкаў для перасьледу журналістаў, актывістаў і іх сваякоў». Апроч таго, ён «зьяўляецца копіяй сьцяга, які выкарыстоўваўся, калі Беларусь была часткай Савецкага Саюзу», і «сьведчыць аб шчыльных сувязях Лукашэнкі з Пуціным»[73].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.