From Wikipedia, the free encyclopedia
Касьцёл Сьвяты́х Франці́шка і Бэрна́рда і кля́штар бэ́рнардынаў — помнік архітэктуры XV—XVIII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ва ўсходняй частцы Старога Места пры Бэрнардынскай вуліцы[lower-alpha 1], на беразе ракі Вільні. Касьцёл дзее, кляштар існаваў да 1864 году. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які пазьней набыў рысы рэнэсансу і барока. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятых Францішка і Бэрнарда і кляштар бэрнардынаў | |
Касьцёл Сьвятых Францішка і Бэрнарда і кляштар бэрнардынаў, налева — касьцёл Сьвятой Ганны | |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′59.31″ пн. ш. 25°17′38.3″ у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Архітэктурны стыль | гатычная архітэктура і готыка |
Першае згадваньне | 1475 |
Сайт | parapija.bernardinai.lt |
Касьцёл Сьвятых Францішка і Бэрнарда і кляштар бэрнардынаў | |
Касьцёл Сьвятых Францішка і Бэрнарда і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы |
Комплекс Віленскага мужчынскага бэрнардынскага кляштару складаецца з касьцёла Сьвятых Францішка і Бэрнарда і кляштарных карпусоў, аточаных мурам з брамамі. Утварае адзіны архітэктурны ансамбль з касьцёлам Сьвятой Ганны. На думку беларускага дасьледніка Міколы Шчакаціхіна, касьцёл Сьвятых Францішка і Бэрнарда стаў першым абарончым храмам у Вялікім Княстве Літоўскім і выступіў прататыпам да фармаваньня адметнагай традыцыі абарончага сакральнага дойлідзтва на беларускіх землях.
У 1469 годзе вялікі князь Казімер запрасіў у Вільню манахаў-бэрнардынаў, якім перадаў пляц каля гаспадарскага млына на рацэ Вяльлі. У 1475 годзе драўляныя касьцёл і кляштар згарэлі.
У 1475—1480 гадох вялося будаваньне мураванага касьцёла пад тытулам Сьвятога Бэрнарда. У 1500 годзе з прычыны пралікаў у канструкцыі абваліліся сьцены і скляпеньні асноўнага аб’ёма, захаваліся толькі прэзьбітэрыюм і закрысьція. У 1506—1513 гадох праводзілася аднаўленьне касьцёла пад кіраўніцтвам архітэктара Марціна Эркінгэра, які дзеля ўмацаваньня сьценаў паставіў тры нарожныя вежы[1]. У 1520 годзе касьцёл асьвяцілі пад тытулам Сьвятога Францішка. Пры перабудове ў 1525—1530 гадох вежы і франтоны касьцёла набылі рысы рэнэсансу[2].
Касьцёл моцна пацярпеў ад пажараў 1560 і 1564 гадоў: згарэла ўсё ўнутранае начыньне і скляпеньні пагражалі абваліцца. У 1577—1580 годзе вяліся аднаўленчыя працы з фундацыі караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, Мікалая Радзівіла «Сіроткі» і заможных месьцічаў, у выніку чаго будынак касьцёла значна павялічылі.
Да сярэдзіны XVІІ стагодзьдзя да касьцёла дабудавалі бакавыя капліцы Сьвятога Міхаіла, Сьвятога Флярыяна (Трох Каралёў), пахавальню Войнаў (пазьней насіла імя Сьвятога Пятра з Алькантры), інтэр’ер аздобілі новымі алтарамі. У 1614 годзе на сродкі ваяводы віленскага і гетмана вялікага Яна Караля Хадкевіча і яго жонкі Соф’і зь Мялецкіх збудавалі пышны вялікі алтар з скульптурнай выявай Укрыжаваньня. На сродкі Гераніма Хадкевіча зрабілі арган, які паводле сьведчаньняў сучасьнікаў, не меў сабе роўных у Вялікім Княстве Літоўскім.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1656—1659 гадох кляштар спустошылі. Маскоўскія захопнікі забілі манахаў і мірных жыхароў, якія хаваліся ў ім, а касьцёл спалілі. У 1660—1676 гадох з фундацыі гетмана вялікага і ваяводы віленскага Міхала Казімера Паца касьцёл аднавілі і асьвяцілі пад тытулам Сьвятых Францішка Асізскага і Бэрнарда Сіенскага. У 1677 годзе стварылі ансамбль з 17 алтароў, у 1690 годзе — амбон.
У 1733, 1744—1745 і 1763 гадох праводзіліся значныя рамонты кляштарнага корпуса. У другой палове XVIII ст. працягнулася ўнутранае аздабленьне інтэр’ераў касьцёла: у 1763—1781 гадох утварыўся ансамбль з амбона, спавядальняў і 11 алтароў у стылі позьняга барока. У той жа час фасад касьцёла аздобілі фрэскай з выявай Укрыжаваньня. У 1764—1768 гадох касьцельны арган рэканструявалі і перанесьлі з бакавога нэфа на хоры ў прэзьбітэрыюм.
У 1794 годзе ў час аблогі места расейскімі войскамі ў касьцёле здарыўся пажар. Неўзабаве яго аднавілі.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. У вайну 1812 году касьцёл зноў пацярпеў, па чым яго аднавілі. У 1814 годзе біскуп Геранім Страйноўскі заснаваў пры касьцёле парафію, якая ахоплівала ўсё Зарэчча.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1864 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а кляштарныя будынкі прыстасавалі пад кашары. Касьцёл працягваў дзеяць як парафіяльны. У другой палове XІX стагодзьдзя ў касьцёл перанесьлі карціны і рэліквіі з зачыненага расейскімі ўладамі касьцёла трынітарыяў на Антокалі. Вуліца, пракладзеная ў 1869—1870 гадох побач з фасадам касьцёла Сьвятой Ганны, перарэзала Бэрнардынскі сад і разбурыла вонкавы ансамбль двух касьцёлаў і кляштару.
У пачатку XX ст. над кляштарным корпусам надбудавалі трэці паверх.
Па Другой сусьветнай вайне ў 1949 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл і неўзабаве перадалі частку яго памяшканьняў Віленскаму мастацкаму інстытуту, які выкарыстоўваў іх пад склады.
У 1989 годзе ў касьцёле знайшлі рукапісны дакумэнт на беларускай мове пад назвай «№6 Мужыцкая праўда». Тэкст газэты падрыхтавалі ў кастрычніку 1862 году, аднак зь нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт лічыцца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ[3][4]:
Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі <...> Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы. | ||
У 1992 годзе касьцёл вярнулі манахам-бэрнардынам, а ў 1994 годзе яго наноў асьвяцілі.
Помнік гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які пазьней набыў рысы рэнэсансу і барока. Сваёй архітэктурнай кампазыцыяй нагадвае Ковенскім касьцёл бэрнардынаў: яго выцягнуты 3-нэфавы каталікон пераходзіць у падоўжаную гранёную апсыду. Аднак ужо мае рысы абарончага храма тры вежы з байніцамі і шэрагі машыкуляў наверсе бакавых сьценаў. Гэта дае падставы выводзіць ад яго ўсю традыцыю абарончых храмаў Вялікага Княства Літоўскага.
Абарончыя вежы ўзвышаюцца на кутох галоўнага і паўднёвага фасадаў, яны маюць шматгранную форму і багаты дэкор. Фасады, з выняткам паўночнага, падзяляюцца высокімі контрфорсамі на асобныя праслы, якія праразаюцца сьпічастымі вокнамі. Галоўны фасад завяршаецца франтонам барокавай формы (вынік рэканструкцыі 1660—1676 гадоў). Да паўднёвага фасада далучаюцца невысокія рэнэсансавыя і барокавыя капліцы. Кампазыцыйнае значэньне галоўнага фасада падкрэсьліваецца прытворам, які закрывае пачатковы гатычны партал, багата аздоблены прафіляванай цэглай[5].
Нэфы каталікона перакрываюцца крыжовымі і сотавымі скляпеньнямі, прэзьбітэрыюм — цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі. Над уваходам месьцяцца барокавыя хоры. Інтэр’ер аздабляецца барокавымі алтарамі, амбонам, гатычнымі ажурнымі мэталічнымі кратамі дзьвярэй бакавой капліцы. Пры паўночнай сьцяне (налева ад уваходу) знаходзіцца помнік Станіславу Радзівілу (1559—1599), створаны ў 1618 годзе ў майстэрні скульптара Вільгельма Ван дэр Блоке. Насупраць яго захаваўся надмагільны помнік Пятра Весялоўскага (пам. 1556), збудаваны ў 1635 годзе. Сярод іншых мэмарыяльных помнікаў у касьёле — надмагільная пліта Уладзіслава Тышкевіча (пам. 1684), пастаўленая ў 1712 годзе, і эпітафія Гелгудаў.
Да паўночнага фасада касьцёла і бімы далучаецца 2-павярховы кляштарны корпус складанай канфігурацыі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.