From Wikipedia, the free encyclopedia
За́льцбург (па-нямецку: Salzburg, па-баварску: Såizburg, літаральна — «Замак солі») — горад на захадзе Аўстрыі, сталіца фэдэральнай зямлі Зальцбург. Чацьверты паводле велічыні горад Аўстрыі пасьля Вены, Грацу й Лінцу. Стары горад Зальцбургу сусьветнавядомы сваёй архітэктурай у стылі барока і зьяўляецца адным з найболей захаваных цэнтраў гарадоў на нямецкамоўных тэрыторыях. Цэнтральная гістарычная частка гораду ў 1997 годзе была ўключаная ў сьпіс аб’ектаў сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Радзіма Вольфганга Амадэя Моцарта і горад студэнтаў: тут разьмяшчаюцца чатыры ўнівэрсытэты.
Зальцбург | |||||
ням. Salzburg | |||||
| |||||
Краіна: | Аўстрыя | ||||
Зямля: | Зальцбург | ||||
Кіраўнік: | Гаральд Пройнэр[d] | ||||
Плошча: | 65,678 км² | ||||
Вышыня: | 424 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2019) | |||||
колькасьць: | 154 211 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 2347,99 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +43 662 | ||||
Паштовы індэкс: | 5020 | ||||
Нумарны знак: | S | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 47°48′0″ пн. ш. 13°2′42″ у. д. | ||||
Зальцбург | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.stadt-salzburg.at/ |
Зальцбург знаходзіцца на абодвух берагах ракі Зальцах ля паўночнай мяжы Альпаў. На поўдзень ад Зальцбургу разьмяшчаюцца горы, на поўнач — раўніны. Найбліжэйшая да Зальцбургу альпійская вяршыня — гара Унтэрсбэрг вышынёй 1972 мэтры. Яна знаходзіцца ўсяго за некалькі кілямэтраў ад цэнтру гораду. У частцы гораду, якая завецца Altstadt альбо «Стары горад», пераважаюць вежы і цэрквы, пабудаваныя ў стылі барока. Таксама ў цэнтры гораду знаходзіцца масіўная фартэцыя Гоэнзальцбург. Паабапал старога гораду знаходзяцца дзьве меншыя гары Мёнхсбэрг і Капуцынэрбэрг, якія зьяўляюцца зялёнымі лёгкімі гораду.
Зальцбург знаходзіцца за 150 км на ўсход ад Мюнхэну і за 300 км на захад ад Вены.
Год | Насельніцтва |
---|---|
1900 | 48 945 |
1951 | 102 927 |
1961 | 108 114 |
1971 | 129 919 |
1981 | 139 426 |
1991 | 143 978 |
2001 | 142 662 |
2007 | 150 269 |
Крыніцы: Statistik Austria[1], сайт гораду Зальцбург[2]
Кожнае трэцяе працоўнае месца ў горадзе проста ці ўскосна зьвязанае з турызмам, а велічыня беспрацоўя — самая нізкая ў Аўстрыі — каля 5 адсоткаў.
Як паказваюць археалягічныя раскопкі пасяленьні на тэрыторыі сучаснага Зальцбургу існавалі ўжо ў час нэаліту — новакаменнага стагодзьдзя. Пазьней на гэтым месцы разьмяшчалася кельцкае пасяленьне, якое ў I стагодзьдзі да н. э. было заваяванае рымлянамі. З 45 году н. э. створаная на месцы сучаснага Зальбургу калёнія Ювавум была адным з галоўных населеных пунктаў рымскай правінцыі Норык. Згодна зь легендай, у 477 годзе правадыр ругіяў Адавакар на чале аб’яднанай арміі ругіяў, гэпідаў, готаў і гэрулаў захапіў Ювавум і пакараў сьмерцю сьвятога Максіма і 50 ягоных вучняў.
У 696 годзе баварскі герцаг падараваў гэтыя землі біскупу Рупэрту (які пазьней быў кананізаваны). Каля 700 году сьв. Рупэрт заснаваў два манастыры, якія захавалія да нашых дзён і зрабіліся цэнтрам будучага гораду — мужчынскае бэнэдэктынскае абацтва Сьвятога Пятра і жаночы манастыр Нонбэрг. У 739 годзе горад стаў біскупскай рэзыдэнцыяй, а ў канцы VIII стагодзьдзя пры біскупах Віргіліі і Арно горад зрабіўся цэнтрам мэсіянэрскай актыўнасьці хрысьціянскай царквы ў альпійскім рэгіёне. З гэтых часоў горад мае назву Зальцбург, якую атрымаў ад шматлікіх радовішчаў солі ў прылеглых мясьцінах. У 798 годзе зальцбурскія біскупы падвысілі статус і зрабіліся арцыбіскупамі.
У 1077 годзе на гары над горадам быў пабудаваны замак і пазьней крэпасьць Гоэнзальцбург, які пазьней неаднаразова перабудоўваўся.
У 1278 годзе арцыбіскупства было прызнанае сувэрэнным княствам Сьвятой Рымскай імпэрыі і паступова ператварылася ў адносна незалежную клерыкальную дзяржаву. Канчатковая незалежнасьць ад Баварыі была атрыманая ў XIV стагодзьдзі. У прыкладна той жа час ад эпідэміі чумы памерла прыблізна траціна насельніцтва гораду.
Найвышэйшага росквіту княства дасягнула напрыканцы XVI — напачатку XVII стагодзьдзя. Пры арцыбіскупах Вольфу Дытрыху фот Райтэнаў, Маркусу фон Гоэмэсэ і Парысу Лядрону горад быў моцна перабудаваны пад кіраўніцтвам італьянскіх архітэктараў, пасьля чаго стаў вядомы як адна з сталіцаў эўрапейскага барока. У 1622 годзе ў горадзе быў заснаваны ўнівэрсытэт, зачынены ў 1810 годзе і адчынены наноў у 1963. У 1628 годзе была пабудавана гарадзкая катэдра, у 1767 годзе — высечаны адзін з найстарэйшых дарожных тунэляў пад гарой Мёнхсбэрг.
Улада князёў-арцыбіскупаў працягвалася да 1803 году і ў пэрыяды свайго найбольшага росквіту распаўсюджвалася далёка за межы сёньняшняй фэдэральнай зямлі Зальцбург.
У гады рэфармацыі Зальцбург быў адным з галоўных цэнтраў каталіцтва ў нямецкіх землях. У 1731 годзе ўсе пратэстанты былі выгнаныя з гораду.
У горадзе пасьпяхова разьвіваліся рамёствы, броварства. Першы бровар быў заснаваны яшчэ ў 1492 годзе. Але галоўнай крыніцай прыбытку гораду ўвесь гэты час была вытворчасьць і продаж солі.
З пачаткам напалеонаўскіх войнаў княства спыніла сваё існаваньне. У 1810 годзе горад быў перададзены Баварыі, а ў 1816 годзе па рашэньні Венскага кангрэсу Зальцбург увайшоў у склад Аўстрыі.
З 18 да 23 жніўня 1867 году ў Зальцбургу праходзіла сустрэча паміж Францам Ёсіфам і Напалеонам III.
У 1938 годзе ў выніку аншлюсу ў Зальцбург увайшлі нямецкія войскі. У час Другой сусьветнай вайны горад неаднакроць бамбаваўся саюзьнікамі, аднак амаль усе выбітныя месцы Зальцбургу захаваліся. Зальцбург быў вызвалены войскамі ЗША 5 траўня 1945 году. Пасьля вайны горад быў цэнтрам амэрыканскай акупацыйнай зоны.
27 студзеня 2006 году ў горадзе адзначалася 250 гадоў з дня нараджэньня Вольфганга Амадэя Моцарта. З гэтай нагоды крыху пазьней за 8 гадзінаў вечара мясцовага часу ўсе 35 цэркваў Зальцбургу пачалі біць у званы. Асноўныя сьвяткаваньні адбываліся на працягу ўсяго году.
Стары горад разьмешчаны на левым беразе Зальцаху на вузкай паласе паміж ракой і скалістымі гарамі Мёнхсбэрг (гара манахаў) і Фэстунгбэрг (гара фартэцыі), на якой знаходзіцца Гоэнзальцбург.
Увесь Стары горад у 1996 намінаваўся на аб’ект сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Фартэцыя Гоэнзальцбург (па-нямецку: Hohensalzburg) знаходзіцца на вяршыні гары Фэстунгбэрг на вышыні 120 мэтраў над вышынёй гораду. Фартэцыя Зальцбургу — адна з найбуйнейшых сярэднявечных крэпасьцяў Эўропы, якія захаваліся цалкам. Яе плошча — 30 тысячаў м². Патрапіць у туды можна на фунікулёры з старога гораду альбо пехам.
У 1077 годзе тут быў пабудаваны раманскі замак, ад якога захаваўся толькі падмурак. Замак шматразова перабудоўваўся і ўмацоўваўся, пакуль не пераўтварыўся ў магутную фартэцыю. Свой цяперашні выгляд Гоэнзальцбург у агульных рысах атрымаў у XVI стагодзьдзі. Крэпасьць перажыла толькі адну аблогу за ўсю гісторыю: у 1525 годзе яе ўзялі ў кола паўстаўшыя сяляне. Гараджане, якія туліліся за сьценамі крэпасьці, вытрымалі 61-дзённую аблогу.
Правы бераг альбо Новы горад пачаў забудоўвацца напрыканцы XVII — напачатку XVIII стагодзьдзя, калі горад перастаў зьмяшчацца на левым беразе.
Зальцбурскі фэстываль — вядомы музычны фэстываль, які зьбірае гледачоў кожны год ад канца ліпеня да канца жніўня. Меншы Зальцбурскі Велікодны фэстываль праводзіцца штогод ў час Вялікадня.
Зальцбурскі фэстываль бярэ свой пачатак з музычных сьвятаў, якія праводзіліся ў XIX стагодзьдзі. Першае «Моцартаўскае музычнае сьвята» адбылося ў 1842 годзе, але праводзіліся яны не рэгулярна.
У сярэдзіне 1960-х гадоў была праведзеная маштабная рэканструкцыя былых прыдворных стайняў і школы верхавой язды, якія знаходзіліся побач з стромым скалістым схілам гары Мёхнсбэрг, якая пераўтварыла старыя будынкі XVII стагодзьдзя ў Малы і Вялікі фэстывальныя тэатры. Пры рэканструкцыі былі высечаныя больш за 50 тысячаў м³ скалаў. Дзякуючы гэтаму зьявілася магчымасьць паглыбіць фэстывальны комплекс углыб скалы. Пасьля свайго стварэньня фэстывальны комплекс застаецца нязьменна галоўнай сцэнай фэстывалю.
У праграму фэстывалю ўваходзяць канцэрты аркестравай, камэрнай, царкоўнай музыкі, а таксама пастаноўкі опэр і музычных спэктакляў.
Апроч двух згаданых фэстываляў таксама штогод праводзіцца Траецкі фэстываль — на сьвята Тройцы.
Горад зьвязаны ўсебаковымі чыгуначнымі лініямі з такімі гарадамі як Вена, Мюнхэн, Інсбрук і Цюрых, па якіх таксама курсуюць высокахуткасныя дзённыя цягнікі ICE. Таксама горад зьяўляецца чыгуначнай разьвязкай для цягнікоў праз Альпы ў Італію.
З аэрапорту Зальцбургу ажыцьцяўляюцца рэйсы ў такія эўрапейскія гарады як Франкфурт-на-Майне, Вена, Лёндан, Амстэрдам і Цюрых, а таксама ў Дублін і Шарлеруа. У дадатак да гэтага ажыцьцяўляецца вялікая колькасьць чартэрных рэйсаў.
У цэнтры гораду існуе сетка тралейбусных і аўтобусных лініяў, якая налічвае больш за 20 маршрутаў з інтэрваламі кожныя 10 хвілінаў. У Зальцбургу таксама існуюць чатыры лініі цягнікоў S-Bahn: S1, S2, S3 і S11. Цягнікі адпраўляюцца ад галоўных станцый кожныя 30 хвілінаў. Прыгарадная лінія S1 дасягае сусьветнавядомай Капэлі Ціхай ночы ў Обэрндорфе за 25 хвілінаў.
Шмат вякоў падмуркам эканомікі Зальцбургу і прылеглых гарадоў была здабыча, ачыстка і продаж солі. З XV стагодзьдзя пачала разьвівацца вытворчасьць піва, а таксама горная здабыча і мэталюргія. У прылеглых гарадох былі закладзены залатыя і срэбраныя шахты, таксама былі знойдзеныя радовішчы медзі і цынку. У выніку паступовага вычэрпваньня радовішчаў ў XVIII—XIX стагодзьдзях прамысловасьць пачала зьмяняцца ў бок апрацоўвальных фабрык. Таксама разьвіваліся транспарт і банкаўская справа. У пачатку XX стагодзьдзя недахоп вугалю прывёў да інтэнсіўнага будаўніцтва ГЭС на горных рэках рэгіёна для забесьпячэньня прамысловасьці электраэнэргіяй.
Сучасны Зальцбург — высокаразьвіты індустрыяльны і постіндустрыяльны горад. У горадзе і ваколіцах разьмяшчаюцца шматлікія прадпрыемствы аўтаматызацыі, высокіх тэхналёгіяў, распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня, тэлекамунікацыйнага сэктару, індустрыі мультымэдыя. У Зальцбургу знаходзіцца штаб-кватэра аўтамабільнага канцэрну Porsche. Штаб-кватэра Red Bull — вытворцы разнастайных напояў — знаходзіцца недалёка ад Зальцбургу.
Найважнейшую ролю ў эканоміцы гораду грае турызм — горад штогод наведваюць да 7 мільёнаў турыстаў, а таксама гандаль і банкаўская справа. Адзінай галіной, якая грае важную ролю ў эканоміцы гораду яшчэ з часоў сярэднявечча, застаецца вытворчасьць піва і мінэральнай вады.
У Зальцбургу разьмяшчаюцца чатыры ўнівэрсытэты.
Апроч чатырох унівэрсытэтаў, у горадзе таксама існуюць больш за 30 інстытутаў, вышэйшых школаў, акадэмій і гімназій.
Спорт у Зальцбургу вельмі папулярны. Футбольная каманда Зальцбург (поўная назва «Рэд Бул Зальцбург» па назьве фундатара; раней называлася «Казіно») зьяўляецца адной з наймагутнейшых у краіне, тройчы выйгравала чэмпіянат Аўстрыі — у 1994, 1995 і 1997 гадах. У 1994 годзе каманда гуляла ў фінале Кубку УЭФА. На хатнім стадыёне каманды, які носіць назву Вальс-Зыцэнхайм, праходзілі гульні чэмпіянату Эўропы па футболе 2008 году.
Хакейная каманда гораду Хакейны клюб Рэд Бул Зальцбург таксама носіць імя фундатара.
У 1996 і 2006 гадох ў Зальцбургу праходзіў чэмпіянат сьвету па вэляспорце.
У ваколіцах гораду існуе выдатная магчымасьць займацца зімовымі відамі спорту, асабліва горнымі лыжамі. Зальцбург прэтэндаваў на правядзеньне Зімовых Алімпійскіх гульняў 2010 году, але прайграў на выбарах канадзкаму Ванкувэру. Горад таксама быў прэтэндэнтам на правядзеньне зімовай Алімпіяды 2014 году, але прайграў гораду Сочы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.