Remove ads
алькагольны напой From Wikipedia, the free encyclopedia
Піва — алькагольны выраб, які атрымоўваецца сьпіртавым закісаньнем соладавага сусла з дапамогай піўных дрожджаў, звычайна ў прысутнасьці хмелю. Утрыманьне алькаголю ў большасьці гатункаў піва 3—6% аб. (часам да 12% аб. (моцнае)), пажыўных рэчываў (у асноўным вугляводаў) — 7—10%, вуглякіслага газу — 0,3—0,4%. Вырабляюць таксама безалькагольнае піва.
Піва распаўсюджана ў мностве краінаў сьвету. Існуюць каля тысячы гатункаў піва. Смакавыя характарыстыкі розных відаў, у адрозьненьне, напрыклад, ад віна, могуць кардынальна адрозьнівацца. У станаўленьні стабільнай разнастайнасьці піва моцны ўплыў аказваюць краіны з найбольшым спажываньнем гэтага напою на душу насельніцтва (Чэхія, Нямеччына, Ірляндыя, Аўстрыя, Фінляндыя, Расея, Польшча) і краіны са спэцыфічнай культурай вытворчасьці (Ірляндыя, Бэльгія, Бразылія, Японія).
Піва — трэці па папулярнасьці напой у сьвеце (пасьля вады і гарбаты) і самы папулярны алькагольны напой у сьвеце[1].
Піва — старажытны напой, вядомы яшчэ ў Старажытным Эгіпце (пры гэтым ёсьць меркаваньне, што пшаніцу й ячмень людзі тамака пачалі культываваць выключна для падрыхтоўкі піва, а стварэньне хлеба зьявілася толькі пабочным эфэктам), Бабілёне, Кітаі часоў Шанскай дынастыі (II тыс. да н. э.), Армэніі. Адна з самых раньніх пісьмовых згадак пра піва сустракаецца ў Анабасысе Ксэнафонта (V стагодзьдзе д.н. э.): падчас перабываньня ў адной зь вёсак у Армэніі ён пісаў:
Тамака захоўваліся таксама пшаніца, ячмень, гародніна й ячменнае віно ў кратэрах. Ва ўзровень з бакамі пасудзінаў у віне плаваў ячмень і ў яго ўторкнуты быў трысьнёг, вялікіх і малых памераў, але без каленцаў; хто жадаў піць, павінны быў узяць трысьнёг у рот і цягнуць празь яго віно. Не зьмяшанае з вадой віно было вельмі моцным, але для людзей звыклых гэта быў вельмі прыемны напой | ||
—Ксэнафонт, «Анабасыс», Кніга 4, разьдзел 5 |
У Бабілёне, дзе былі вядомыя 19 гатункаў піва, дзейнасьць півавараў рэгулявалася Законамі Хамурапі. Паказаныя ў іх правіла вызначалі, напрыклад, кошт піва, і любыя іх парушэньні караліся сьмерцю. У старажытным Эгіпце, дзе піваварства было шырока распаўсюджанае, піва адносілася да разраду найлю́бых напояў. Падчас археалягічных раскопак у гэтай краіне быў знойдзены самы старажытны рэцэпт падрыхтоўкі піва. У Рымскай імпэрыі піва не карысталася папулярнасьцю, тут перавага аддавалася віну. Аднак некаторыя рымскія гісторыкі ў пачатку нашай эры згадвалі, што кельцкія, нямецкія і іншыя плямёны пілі піва. Вікінгі лічылі, што нават у Вальхальле (паводле скандынаўскай міталёгіі, гэтае жыльлё загінулых у баі адважных ваяроў) кубкі мужчын перапаўняюцца півам. Піва варылі з пшаніцы, аўса, жыта, проса, ячменю і полбы.
У сярэднія вякі вытворчасьць піва ў Эўропе перамясьцілася ў кляштары. Першая згадка пра выкарыстаньне хмелю прыпісваецца да манастырскіх хронік VIII ст. У Нямеччыне яго сталі дадаваць прыкладна ў XII ст., у Нідэрляндах — у пачатку XIV, а ў Ангельшчыне хмель прыйшоў у пачатку XV ст. Эўрапейскія манахі ўдасканалілі тэхналёгію піваварства, пачаўшы выкарыстоўваць у якасьці кансэрванту хмель. Піва, як правіла, выраблялі ў паўночных рэгіёнах, дзе кліматычныя ўмовы не дазвалялі вырошчваць вінаград. У сярэднія вякі піва лічылася напоем беднякоў, мела ніжэйшы статут у параўнаньні зь віном. Вінаробы, натуральна, заміналі будаўніцтву бровараў і імкнуліся падтрымаць прэстыж сваёй прадукцыі. Ужо ў 1782—86 гг. у Парыжы спажывалі віна ў 14 раз больш, чым піва. Шматлікім піваварам прыходзілася займацца яшчэ й вырабам сыдра, каб не застацца ў страце, бо ў пэрыяды эканамічнага росту іх спажыўцы нязьменна пераходзілі на віно.
Францускі хімік і мікрабіёляг Люі Пастэр выявіў, што дрожджы, што выклікаюць закісаньне піва, уяўляюць сабой жывыя арганізмы. Гэтае адкрыцьцё дазволіла з большай дакладнасьцю ажыцьцяўляць кантроль за ператварэньнем цукру ў сьпірт. Дацкі батанік Эміль Гансэн зрабіў вельмі важны ўнёсак у гісторыю піваварства. Усё сваё жыцьцё ён дасьледаваў і клясыфікаваў віды дрожджаў. Акрамя іншага, ён працаваў над выводзінамі чыстага штаму дрожджаў для піваварства. І яго распрацоўкі літаральна зьдзейсьнілі рэвалюцыю ў піваварнай прамысловасьці.
Якасьць піва можна вызначыць толькі ў працэсе дэгустацыі. Нягледзячы на тое, што многія лічаць, што галоўная прыкмета якасьці піва — яго вялікая і ўстойлівая пена, гэта не зусім так. А часам і цалкам няслушна, асабліва калі гаворка ідзе аб элях. Практычна любое піва можна наліць так, што пена будзе высокая, або наадварот. Што застаецца пэўным, дык гэта тое, што ў добрым піве пена павінна быць устойлівая. Але канчатковы вэрдыкт можа быць зроблены толькі падчас дэгустацыі.
Вытворчасьць піва складаецца з наступных этапаў:
Найбуйнейшымі вытворцамі піва зьяўляюцца па парадку: Кітай, ЗША, Нямеччына, Расея і Бразылія. Асабліва інтэнсіўна расьце выпуск напоя ў Кітаі і Расеі. Так у 2006 годзе Расея выйшла на чацьвертае месца ў сьвеце па вытворчасьці піва, павялічыўшы яго выпуск на 9,8%. Яна адціснула на пятае месца Бразылію, аднак пакуль саступае Кітаю, ЗША і Нямеччыне. У 2006 годзе Кітай таксама павялічыў яго выпуск на 14,7%, давёўшы агульны абьём амаль да 35,2 млн кілялітраў[2].
«The Brewers of Europe» ацэньваюць аб’ём вытворчасьці 3733 эўрапейскія піўныя заводы ў 427 млн гэкталітраў па выніках 2008 году[3]. Такім чынам, Эўропа ёсьць найбуйнейшым вытворцам піва (Кітай і ЗША выпусьцілі 393 і 234 млн гэкталітраў піва адпаведна). Пры гэтым аб’ём спажываньня піва ў Эўропе складае прыкладна 394 млн гэкталітраў, а ў грашовым выражэньні роўны 124 мільярдам эўра.
Найбуйнымі рынкамі піва зьяўляюцца Кітай, ЗША, Расея і Нямеччына. Краінай з найбольшым спажываньнем піва на душу насельніцтва зьяўляецца Чэхія, маючы 159,3 літру піва на душу насельніцтва ў 2009 году.
Зьвяз эўрапейскіх піўных вытворцаў «The Brewers of Europe» 16 лістапада 2010 году апублікаваў наступную статыстыку пра спажываньне піва ў краінах Эўропы на душу насельніцтва (у літрах) за 2009 год[4]:
1. | Чэхія | 159,3 |
2. | Нямеччына | 109,6 |
3. | Аўстрыя | 106,2 |
4. | Ірляндыя | 91,0 |
5. | Фінляндыя | 87,7 |
6. | Польшча | 85,0 |
7. | Бэльгія | 81,0 |
8. | Вялікабрытанія | 75,8 |
9. | Нідэрлянды | 72,8 |
10. | Данія | 71,5 |
11. | Партугалія | 59,0 |
12. | Швайцарыя | 57,2 |
13. | Нарвэгія | 55,0 |
14. | Швэцыя | 52,3 |
15. | Францыя | 30,7 |
У цяперашні час не існуе адзінай сыстэмы клясыфікацыі піва ва ўсёй яго разнастайнасьці. Меркаваньні амэрыканскіх і эўрапейскіх аўтараў некалькі разыходзяцца ў пытаньнях клясыфікацыі.
У ЗША і большасьці краінаў Эўропы асноўнай клясыфікацыяй гатункаў піва зьяўляецца менавіта такая. Паводле яе, большасьць гатункаў піва па спосабе закісаньня можна аднесьці да лягеру або элю.
Эль зброджваецца пры адносна высокай тэмпэратуры (15-25 °C) з выкарыстаньнем дрожджаў верхавога закісаньня. Элі часта маюць фруктовы прысмак, звычайна ў іх падвышанае ўтрыманьне сьпірту.
Лягер — найболей распаўсюджаны ў сьвеце тып піва. Пры падрыхтоўцы лягера выкарыстоўваюцца дрожджы нізавога закісаньня. Лягер зброджваюць пры адносна нізкіх тэмпэратурах (5-15 °С), пасьля чаго доўгі час вытрымоўваюць пры тэмпэратуры каля 0 °C — за гэты час піва асьвятляецца і насычаецца вуглякіслым газам.
Аднак некаторыя гатункі піва ў Эўропе ня ўпісваюцца ў такую клясыфікацыю і вылучаюцца ў самастойныя групы:
Ламбік (бэльгійскае піва самаадвольнага закісаньня) — зброджваецца без выкарыстаньня культурных дрожджаў пры дапамозе мікраарганізмаў, прысутных у самім сусьле, і тых, якія трапляюць у яго з паветра.
Пшанічнае піва — акрамя наяўнасьці пшанічнага соладу адрозьніваецца тым, што для падрыхтоўкі піва выкарыстаюць мэтад дабражваньня ў бутэльцы. Як правіла, пшанічнае піва падаецца нефільтраваным, таму замест назову Weizenbier (пшанічнае піва) выкарыстаюць Weissbier (белае піва).
Гібрыдныя гатункі — іх падрыхтоўка зьвязаная з камбінаваньнем інгрэдыентаў і тэхналёгіяў, характэрных для розных тыпаў піва.
Адмысловыя гатункі — як правіла, да гэтай катэгорыі адносяць незвычайныя па складзе гатункі піва, а таксама піва з рознымі дадаткамі, або роднасныя піву напоі на аснове закісаньня.
Клясыфікацыя піва па колерах шырока распаўсюджаная ў Расеі, а таксама ў некаторых іншых эўрапейскіх краінах, напрыклад Гішпаніі. Адрозьніваюць цёмнае, сьветлае, чырвонае і белыя тыпы піва.
Пры падрыхтоўцы цёмнага піва выкарыстоўваецца абсмалены солад.
Каляровасьць піва вызначаецца ступеньню абсмажанасьці соладу і колькасьцю цёмнага соладу, які выкарыстоўваецца пры варэньні. Найбольш цёмныя гатункі соладу ня могуць выкарыстоўвацца самастойна бязь сьветлых гатункаў, бо пры абсмажваньні губляюць фэрмэнты, неабходныя для абцукраваньня сусла.
Найбольш распаўсюджаныя тыпы цёмнага соладу:
Выразнага супастаўленьня колераў і клясыфікацыі па спосабе закісаньня няма: цёмным можа быць як эль, так і лягер.
У некаторых гатунках піва ячменны солад часткова замяняецца на іншыя збожжавыя (солад або збожжа, якое не прарасло).
Існуюць таксама экзатычныя гатункі піва, цалкам не на аснове ячменю. У большасьці выпадкаў гэтыя гатункі з традыцыйнага эўрапейскага пункта гледжаньня цяжка назваць півам.
Для большасьці відаў піва, утрыманьне алькаголю знаходзіцца ў межах 3—5,5%. Ёсьць і болей моцныя гатункі піва з утрыманьнем 6—8%. У 1994 годзе самым моцным півам быў двайны бок «Фэтэр 33» зь Нямеччыны крэпасьцю 10,5%. «Фэтэр 33» патрапіў у кнігу рэкордаў Гінэса, але неўзабаве рэкорд быў пабіты аўстрыйскім «Самікляусам» моцнасьцю 11,8%. У цяперашні час самымі моцнымі відамі піва ў Эўропе зьяўляюцца аўстрыйскі «Самікляус» і чэскі «X-BEER 33»[5] [13] з утрыманьнем алькаголю 14%. Гэтыя ж гатункі піва зьяўляюцца самымі моцнымі відамі піва ў сьвеце, зваранымі традыцыйным спосабам.
Ёсьць і больш моцныя віды піва, звараныя нетрадыцыйным спосабам — пры дапамозе шампанскіх дрожджаў. Гэта амэрыканскія «Utopias» (27%)[6] і Dave (29%), якія ў мінулым вырабляліся піваварам Hair of the Dog Brewing Company. У канцы лістапада 2009 году шатляндзкі бровар BrewDog выпусьціў піва «Тактычны ядзерны пінгвін» (Tactical Nuclear Penguin), моцнасьцю ў 32%. Такая высокая канцэнтрацыя дасягнута за кошт таго, што вада спосабам замаразкі адлучалася ад алькаголю. Пасьля чаго, піва паўтара году даходзіла ў бочках з-пад ўіскі[7].
Нямецкі бровар Schorschbräu ў сьнежні 2009 году паведаміў на сваім вэб-сайце пра вытворчасьць піва з утрыманьнем алькаголю 40%[8]. У лютым 2010 году працаўнікі шатляндзкага бровары Brewdog пабілі рэкорд сваіх нямецкіх калегаў, абвесьціўшы пра стварэньне піва моцнасьцю 41 градус. У Нямеччыне быў пачаты выпуск піва моцнасьцю 43 градусы. Фармальна гэта сапраўды піва, паколькі пры ягонай вытворчасьці ўжываюцца толькі ячменны солад, хмель і вада. Зваранае звычайнае піва 15 разоў падвяргаюць замарожваньню, прычым замярзаючую ваду й крышталі лёду адфільтроўваюць, а сьпірт канцэнтруецца. У выніку з 350 літраў піва атрымліваецца 35 літраў моцнага напою, які разьліваюць у бутэлечкі ёмістасьцю 350 мілілітраў і коштам 100 эўра.
Нягледзячы на назву, у безалькагольным піве ўтрымоўваецца 0,2—1,0% сьпірту, цалкам ад яго пазбавіцца не атрымоўваецца. Існуе некалькі тэхналёгіяў атрыманьня безалькагольнага піва. Сьпірт, які зьмяшчаецца ў звычайным піве, прыбіраюць пры дапамозе вакуўм-дыстыляцыі (выкарыстоўваючы нізкі пункт кіпеньня сьпірту) і пры дапамозе дыялізу (мэмбранны спосаб). Таксама пазбаўляюцца ад сьпірту шляхам прыгнечаньня закісаньня, з ужываньнем адмысловых дрожджаў, якія не ператвараюць мальтозу ў алькаголь, альбо спыняюць працэс закісаньня, паніжаючы тэмпэратуру.
Мэмбранны спосаб лічыцца лепшым, паколькі выкарыстоўваецца традыцыйная тэхналёгія вытворчасьці, і смак піва менш за ўсё адрозьніваецца ад звычайнага. Але з-за малога ўтрыманьня сьпірту смак безалькагольнага піва пры любой тэхналёгіі атрымліваецца іншым, таму што сьпірт аказвае істотны ўплыў на смак піва. З-за больш складанай тэхналёгіі вытворчасьці безалькагольнага піва яго кошт вышэй за кошт звычайнага.
Пры раскладаньні алькаголю арганізм мае патрэбу ў многіх вітамінаў і мінэралаў, таму спрэчна, ці спрыяе ўжываньне піва павышэньню карысных рэчываў у арганізьме.
У 2008 г. акцыз на піва ў Беларусі складаў 4,5 эўрацэнта. На пачатку 2012 г. — 18 эўрацэнтаў. Ад кастрычніка 2012 г. акцыз склаў 24 эўрацэнты[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.