дзяржава ў Паўднёвай Эўропе From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэспубліка Сан-Марына (па-італьянску: Repubblica di San Marino , [sam maˈriːno], па-раманьёльску: Ripóbblica d' San Marein), таксама Найсьвятле́йшая рэспу́бліка Сан-Мары́на (па-італьянску: Serenissima Repubblica di San Marino) — краіна ў Паўднёвай Эўропе, з усіх бакоў абкружаная Італіяй. Пятая з найменшых краінаў сьвету паводле тэрыторыі і найменшая краіна ў Савеце Эўропы паводле колькасьці насельніцтва. Плошча складае 61 км², насельніцтва налічвае больш за 33 тыс. чалавек. Сталіцай зьяўляецца горад Сан-Марына.
Сан-Марына італ. Serenissima Repubblica di San Marino | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: Libertas | |||||
Дзяржаўны гімн: «Inno Nazionale della Repubblica» | |||||
Афіцыйная мова | італьянская | ||||
Сталіца | Сан-Марына | ||||
Найбуйнейшы горад | Дагана | ||||
Форма кіраваньня Капітаны-рэгенты |
Парлямэнцкая рэспубліка Марыя Люіза Бэрці Мануэль Ч’явата | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
223-е месца ў сьвеце 61,2 км² 0 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2021) • шчыльнасьць |
191-е месца ў сьвеце 33 600 520/км² | ||||
СУП • агульны (2022) • на душу насельніцтва |
192-е месца ў сьвеце $1,62 млрд $47 700 | ||||
Валюта | Эўра (EUR) | ||||
Часавы пас • улетку |
CET (UTC+1) СEST (UTC+2) | ||||
Незалежнасьць | 3 верасьня 301 | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .sm | ||||
Тэлефонны код | +378 |
Краіна разьмяшчаецца на паўночна-ўсходнім схіле Апэнінскіх гор, ня мае выхаду да мора.
Сан-Марына — самая старажытная незалежная краіна ў сьвеце. Яна была заснаваная 3 верасьня 301 году каменячосам Марынусам з Арбы, ад якога й займела назву. Сан-Марына кіруецца па Leges Statutae Republicae Sancti Marini — шасьці зборніках законаў, напісаных лацінай у XVI стагодзьдзі. Паводле канстытуцыі, парлямэнт (Вялікая і генэральная рада), кожныя паўгады абірае двух капітанаў-рэгентаў, якія маюць аднолькавыя паўнамоцтвы.
У наш час эканоміка краіны грунтуецца на фінансавым сэктары, прамысловасьці, сфэры паслугаў, продажах і турызьме. Сан-Марына ёсьць адной з самых заможных краінаў у сьвеце паводле паказчыку сукупнага унутранага прыбытку на чалавека, а таксама зьяўляецца адным з самых разьвітых рэгіёнаў Эўропы. Эканоміка адрозьніваецца высокай стабільнасьцю з адным з самым нізкім узроўнем беспрацоўя ў Эўропе, а таксама адсутнасьцю зьнешняй запазычанасьці краіны і наяўнасьцю прафіцыту. Тым ня меней, Сан-Марына займае толькі 44-е месца паводле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу, што ёсьць адным з найгоршых паказьнікаў у Заходняй Эўропе.
Узьнікненьне Сан-Марына адносяць да 301 году. Паводле паданьня, два каменячосы, Марына і Леа, прыбылі ў Рыміні з далмацкага вострава Раб. Пасьля, уцякаючы ад рэлігійных перасьледаў Дыяклетыяна, Марына заснаваў рэлігійны ордэн на гары Тытан. Падчас набегаў варварскіх плямёнаў на Рым узьніклая ў пячоры ў гары Тытана хрысьціянская супольнасьць ўмацавала схілы гэтай гары мурамі і валамі. Пазьней Марына быў прылічаны да ліку сьвятых, адкуль прыстаўка «Сан», а зь ёй і назва краіны. Афіцыйнай датай заснаваньня лічыцца 3 верасьня 301 року. Сан-Марына лічыцца найстаражытнейшай з сучасных дзяржаваў Эўропы.
Пазьней Сан-Марына ўваходзіла ў Равэнскі экзархат і Лянгабардзкае каралеўства. Упершыню назва «Найсьвятлейшая Рэспубліка Сан-Марына» зьяўляецца ў дакумэнтах X стагодзьдзя. Да атрыманьня незалежнасьці ў 855 г. знаходзілася пад пратэктаратам суседняга герцагства Урбіна. У XI—XIII стагодзьдзях уладаньні рэспублікі пашырыліся за кошт купленых ці далучаных суседніх участкаў зямлі. У 1295—1302 гг. склаўся рэспубліканскі лад. У 1263 быў створаны першы Статут, які ў 1797 быў прызнаны Напалеонам, а ў 1815 — Венскім кангрэсам.
У 1320 да Сан-Марына далучылася грамада К’езануова, у 1463 — Монтэджардына, Сэравальле, Фаэтана ды Ф’ёрэнтына. З тае пары граніцы дзяржавы не зьмяняліся. У 1503 рэспубліку Сан-Марына захапіў Чэзарэ Борджыя, сын Папы рымскага Аляксандра VI. Але ўжо праз паўгады Папа Юліюс II аднавіў ейны сувэрэнітэт.
У 1739 Сан-Марына акупавалі папскія войскі кардынала Джуліё Альбэроні, аднак у 1740 Папа Клімэнт XII прызнаў незалежнасьць рэспублікі. У XIX стагодзьдзі Сан-Марына часта было прытулкам італьянскім рэвалюцыянэрам, у тым ліку карбанарыям; у 1849 г. тут знайшоў прытулак Джузэпэ Гарыбальдзі, які адыходзіў са сваім аддзелам з Рымскай рэспублікі пад націскам аўстрыйскіх і папскіх войскаў.
Пасьля ўтварэньня адзінай Італьянскай дзяржавы (1861) Сан-Марына ў 1862 заключыла з Італіяй дамову пра сяброўства і добрасуседзкія адносіны (пацьверджаная ў 1872, 1897 і 1953 гадох). У 1909 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчынаў (для жанчынаў — у 1960).
У Першай сусьветнай вайне (1914—1918) Сан-Марына выступіла на баку Антанты, надаўшы 15 жаўнераў. З прыходам у Італіі да ўлады фашыстаў (1922) у Сан-Марына таксама актывізаваліся фашысцкія элемэнты, якія захапілі ўладу ў 1923. Сан-Марынская фашысцкая партыя была ва ўладзе да 1943 року, пачаўся наступ на дэмакратычныя інстытуты.
У час Другой сусьветнай вайны (1939—1945) Сан-Марына абвясьціла нэўтралітэт, а пасьля дзяржаўнага перавароту ў Італіі фашысты страцілі ўладу і ў ёй. Тым ня менш, у чэрвені 1944 тэрыторыю дзяржавы бамбардавала англа-амэрыканская авіяцыя, а ў верасьні 1944 акупавалі нямецкія войскі.
Пасьля вайны Сан-Марына стала першай краінай з дэмакратычна абраным камуністычным кіраўніцтвам: на парлямэнцкіх выбарах 1945 перамог блёк антыфашысцкіх партыяў, да 1957 большасьць у парлямэнце належала кааліцыі левых партыяў на чале з Камуністычнай (заснаваная ў 1921) і Сацыялістычнай партыямі (заснаваная ў 1903). У гэтыя гады былі нацыяналізаваныя некаторыя прадпрыемствы. У кастрычніку 1957 італьянскія кіроўныя колы арганізавалі блякаду Сан-Марына, зь іх дапамогай правыя сілы ажыцьцявілі дзяржаўны пераварот. Кампартыя і Сацыялістычная партыя былі адхілены ад кіраваньня. З 1957 ва ўлады — кааліцыйныя ўрады, якія ўзначальваюцца Хрысьціянска-дэмакратычнай партыяй (ХДП; заснавана ў 1948); пасьля парлямэнцкіх выбараў 1974 сфармаваны ўрад з прадстаўнікоў ХДП і сацыялістаў.
У 1988 року Сан-Марына ўвайшло ў Раду Эўропы, у 1992 — у ААН. Не ўваходзячы ў Эўрапейскі Зьвяз і Эўразону, выкарыстоўвае валюту эўра.
У 2022 року Сан-Марына адной з апошніх краінаў Эўропы ўхваліла аборты.
Сан-Марына — анкляў у Паўднёвай Эўропе, аточаны італьянскімі абласьцямі Марке ды Эмілія-Раманьня, прыкладна за 10 км ад Адрыятычнага ўзьбярэжжа. Большая частка тэрыторыі горная, разьмешчаная на Апэнінскім хрыбце. Найвышэйшы пункт — гара Монтэ-Тытана вышынёю 749 м н. у. м.; найніжэйшы — рака Аўза — 55 м. Значных вадаёмаў краіна ня мае.
Сан-Марына — адна з трох краінаў сьвету (разам з Ватыканам і Лесота), цалкам аточаная іншымі краінамі. Пятая найменшая паводле плошчы краіна сьвету і трэцяя — Эўропы (пасьля Ватыкану і Манака).
Клімат — вільготны субтрапічны. Лета цёплае і сухое, зіма — халодная. Амаль штогод выпадае сьнег.
Сан-Марына — парлямэнцкая прадстаўнічая дэмакратычная рэспубліка. Кіруюць дзяржавай два капітаны-рэгенты. Старшыня ўраду — сакратар у замежных і палітычных справах. Заканадаўчы орган — Вялікая і генэральная рада.
У аснове Канстытуцыі Сан-Марына ляжаць уставы яшчэ 1600 року.
Упершыню капітаны-рэгенты былі абраныя ў 1243 року. Пераабіраюцца Радай штопаўгады. Рада — аднапалятны заканадаўчы орган з 60 дэпутатаў, якія абіраюцца на пяцігадовы тэрмін усеагульным галасаваньнем. Права голасу маюць грамадзяне, якія дасягнулі 18-гадовага веку.
Вялікая і генэральная рада, акрамя прыняцьця законаў, ухваляе бюджэт і абірае капітанаў-рэгентаў, Дзяржаўны кангрэс (выканаўчы орган зь дзесяці сакратароў), Раду дванаццаці (найвышэйшы юрыдычны орган), Дарадчую камісію і Ўрадавыя зьвязы.
Капітанаў-рэгентаў абіраюць з прадстаўнікоў двух канкурэнтных партыяў на паўгадовы тэрмін: 1 красавіка і 1 кастрычніка. Пасьля сканчэньня іхніх паўнацмоцтваў грамадзяне краіны ў трохдзённы тэрмін маюць права паскардзіцца на дзейнасьць капітанаў-рэгентаў, пасьля чаго супраць іх можа быць распачаты судовы працэс. Практыка выбару двух кіраўнікоў дзяржавы паходзіць з часоў Рымскай рэспублікі.
Сан-Марына — першая краіна ў сьвеце паводле колькасьці жанчынаў на чале дзяржавы. Паводле стану на кастрычнік 2014 імі станавіліся ўжо 15 жанчынаў, у тым ліку трое — двойчы. У 2007 року ўпершыню капітанам-рэгентам быў абраны 58-гадовы інвалід Мірка Тамасоні. У 2022 року адным з капітанаў-рэгентаў упершыню ў сьвеце стаў адкрыты гей Паолё Рандэльлі.
Сан-Марына дзеліцца на дзевяць грамадаў, якія называюцца castelli (то бок «замкі»).
Найбольшы населены пункт — Дагана ў кастэлі Сэравальле.
Меншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі — 43 парафіі, або кураты (італ. curazie).
Галоўнымі культурнымі славутасьцямі Сан-Марына зьяўляюцца тры вежы, якія разьмешчаны на трох піках Монтэ-Тытана ў сталіцы. Яны намаляваныя як на сьцягу краіны, гэтак і на ейным гербе. Вежы маюць наступныя назовы: Гуаіта, найстарэйшая з трох, была пабудавана яшчэ XI стагодзьдзі; Чэста, якая разьмешчана на самай высокай кропцы Монтэ-Тытана, пабудавана ў XIII стагодзьдзі; Мантале, якая ўсё яшчэ знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці, была пабудавана XIV стагодзьдзі.
Гістарычны цэнтар Сан-Марына й гара Монтэ-Тытана зь ліпеня 2008 году зьяўляюцца аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[1]. З 1985 году ў Сан-Марына функцыянуе ўнівэрсытэт. З 1983 году ў Сан-Марына была адкрыта Міжнародная акадэмія навук Сан-Марына.
Акрамя таго, вядомы на ўвесь сьвет сан-марынскі торт Torta Di Tre Monti («торт з трох вежаў»), які складаецца са слаістых вафельных плястынаў, аздобленых шакалядам.
Сан-Марына не ўваходзіць у Эўрапейскі Зьвяз, аднак мае дазвол на выкарыстаньне эўра ў якасьці ўласнае валюты і на біцьцё ўласных манэтаў. Да пераходу на эўра нацыянальнай валютай была сан-марынская ліра.
Паводле ўзроўню жыцьця Сан-Марына прыпадабняецца Італіі. Асноўныя галіны эканоміка: банкаўская, электронная і керамічная. Сельская гаспадарка акцэнтаваная на вырабе віна і сыру. Большасьць прадукцыі Сан-Марына ўвозіць з Італіі. Значную частку даходу дзяржавы складае продаж паштовых марак. Больш за 22% СУП Сан-Марына прыносіць турыстычная сфэра.
Разам з Андорай Сан-Марына лідзіруе ў сьвеце паводле колькасьці аўтамабіляў на чалавека.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.