![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f8/Global_Temperature_Anomaly.svg/langbe-tarask-640px-Global_Temperature_Anomaly.svg.png&w=640&q=50)
Глябальнае пацяпленьне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Глябальнае пацяпленьне — працэс павелічэньня сярэднегадавой тэмпэратуры атмасфэры Зямлі і Сусьветнага акіяна зь сярэдзіны 20 стагодзьдзя.[1]
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f8/Global_Temperature_Anomaly.svg/640px-Global_Temperature_Anomaly.svg.png)
Паводле справаздачы Міжурадавай групы экспэртаў у зьменах клімату (МГЭЗК) ААН, падтрыманай нацыянальнымі акадэміямі навук краінаў «Вялікай васьмёркі», сярэдняя тэмпэратура на Зямлі ўзьнялася 1 °C[2] у параўнаньні з часам пачатку прамысловай рэвалюцыі (у 1850-х) і «большая дзель пацяпленьня, якое назіраецца ў апошнія 50 год, выклікана дзейнасьцю чалавека», у першую чаргу выкідам у атмасфэру газаў, што выклікаюць парніковы эфэкт, такіх як вуглякіслы газ (CO2) і мэтан (CH4). Аднак былы старшыня Нацыянальнай акадэміі навук ЗША прафэсар Фрэдэрык Зэйц пасьля працы ў МГЭЗК ААН заявіў: «Гэтая справаздача зусім не зьяўляецца той вэрсіяй, якую ўхвалілі навукоўцы, што напісалі арыгінал. Сама меней 15 ключавых момантаў было выкрасьлена са справаздачы. У тым ліку выказваньне аб тым, што няма ніякіх доказаў, што павышэньне ўзроўню парніковых газаў можа прывесьці да зьмены клімату. Няма таксама аніякіх пацьверджаных навуковых дадзеных і аб тым, што зьмены клімату, якія фіксуюцца, зьвязаныя зь дзейнасьцю чалавека»[3].
Вынікі, атрыманыя на кліматычных мадэлях, на якія спасылаецца МГЭЗК, кажуць, што ў XXI стагодзьдзі сярэдняя тэмпэратура паверхні Зямлі можа падвысіцца на велічыню ад 1 да 4 °C. Як чакаецца, пацяпленьне і ўздым узроўню Сусьветнага акіяна будуць працягвацца на працягу тысячагодзьдзяў, нават у выпадку стабілізацыі ўзроўню парніковых газаў у атмасфэры. Гэты эфэкт тлумачыцца вялікай цеплаёмістасьцю акіянаў.
Апроч падвышэньня ўзроўню Сусьветнага акіяна, падвышэньне глябальнай тэмпэратуры таксама выклікае зьмены ў колькасьці і разьмеркаваньні атмасфэрных ападкаў. У выніку могуць пачасьціцца прыродныя катаклізмы, такія як паводкі, засухі, ураганы і іншыя, зьменшыцца ўраджай сельскагаспадарчых культураў і зьнікнуць шматлікія біялягічныя тыпы. Пацяпленьне павінна, па ўсёй верагоднасьці, павялічваць частасьць і маштаб такіх зьяваў.