From Wikipedia, the free encyclopedia
Індустрыя́льная рэвалю́цыя — пераход ад ручной, рамёсна-мануфактурнай да вялікай машыннай фабрычна-завадзкой вытворчасьці ў пэрыяд ад прыкладна 1760 году да прыкладна 1820—1840 гадоў. Важным складнікам прамысловай рэвалюцыі было ўкараненьне ў вытворчасьць і транспарт працоўных машын і мэханізмаў, якія замянілі ручную працу людзей, стварэньне самастойнай машынабудаўнічай галіны. Гэты пераход уключае ў сябе зьмяненьне мэтадаў вытворчасьці, стварэньне новай хімічнай вытворчасьці і зьмяненьне вытворчых працэсаў вырабу жалеза, усё больш шырокае выкарыстаньне энэргіі пары, распрацоўка і будаваньне станкоў і рост фабрычнай сыстэмы.
Вырабніцтва тэкстылю стала дамінуючай галіной індустрыяльнай рэвалюцыі з пункту гледжаньня занятасьці, коштаў прадукцыі і інвэставанага капіталу. Тэкстыльная прамысловасьць стала таксама першай галіной, дзе былі выкарыстаны сучасныя мэтады вытворчасьці[1].
Індустрыяльная рэвалюцыя пачалася ў Вялікабрытаніі, і, такім чынам, шматлікія тэхналягічныя навінкі таго пэрыяду праз гэта маюць брытанскае паходжаньне[2]. Традыцыйная аграрная эканоміка была замешчаная эканомікай, у якой стала дамінаваць вытворчасьць машын і мэханічная вытворчасьць, якая стала магчымай пасьля вынаходзтва паравога рухавіка. Гэта зьмяніла балянс палітычных сіл ад лэндлордаў у бок прамыслоўцаў і спрыяла стварэньню гарадзкой працоўнай клясы. Варта адзначыць, што да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя Вялікабрытанія сталася вядучай камэрцыйнай нацыяй у сьвеце[3], кантралюючы глябальную гандлёвую імпэрыю з калёніямі ў Паўночнай Амэрыцы і Афрыцы, і зь вялікім палітычным уплывам на Індыйскім субкантынэнце, у рамках дзейнасьці Ост-Індзкай кампаніі[4]. Разьвіцьцё гандлю і рост бізнэсу былі асноўнымі прычынамі індустрыяльнай рэвалюцыі[1]. З 1830 году да пачатку ХХ стагодзьдзя прамысловая рэвалюцыя распаўсюдзілася на Эўропу, ЗША і Японію.
Індустрыяльная рэвалюцыя азначае сабой важны паваротны момант у гісторыі, то бок яна ў рознай ступені паўплывала нейкім чынам амаль на кожны аспэкт паўсядзённага жыцьця. У прыватнасьці, сярэдні даход і колькасьць насельніцтва пачало праяўляць беспрэцэдэнтны ўстойлівы рост. Некаторыя эканамісты маюць меркаваньне, што менавіта дзякуючы індустрыяльнай рэвалюцыі ўзровень жыцьця насельніцтва ў цэлым стаў пасьлядоўна паляпшацца, упершыню ў гісторыі[5][6][7].
СУП на душу насельніцтва ў цэлым быў стабільным да індустрыяльнай рэвалюцыі, аднак менавіта з пачаткам індустрыяльнай рэвалюцыі пачалася эпоха эканамічнага росту ў капіталістычных краінах[8]. Некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што пачатак індустрыяльнай рэвалюцыі зьяўляецца самай важнай падзеяй у гісторыі чалавецтва з моманту адамашненьня жывёл і расьлінаў[9].
Пачатак індустрыяльнай рэвалюцыі цесна зьвязаны зь некаторымі інавацыямі, якія былі прыўнесеныя ў жыцьцё ў XVIII стагодзьдзі:
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.