![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f0/Purplesmoke.jpg/640px-Purplesmoke.jpg&w=640&q=50)
Газ
стан рэчываў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Газ, ґаз (газападобны стан) — агрэгатны стан рэчыва, які характаразуецца вельмі кволымі сувязямі паміж складальнымі яго часьцінкамі (малекуламі, атамамі і іёнамі), а таксама іх большай рухавасьцю. Часьцінкі газу амаль свабодна і хаатычна рухаюцца ў прамежках паміж сутыкненьнямі, падчас якіх адбываецца рэзкае зьмяненьне характару іх руху.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f0/Purplesmoke.jpg/640px-Purplesmoke.jpg)
Газападобныя станы рэчыва ва ўмовах, калі магчыма існаваньне ўстойлівага вадкага ці цьвёрдага стану гэтага ж рэчыва, звычайна называецца парам.
Падобна вадкасьцям, газы валодаюць цякучасьцю і супрацівяцца дэфармацыі. У адрозьненьне ад вадкасьцей, газы ня маюць фіксаванага аб’ёму[1] і не ствараюць свабоднай паверхні, а імкнуцца запоўніць увесь даступны аб’ём (напрыклад, сасуда).
Газападобны стан — самы распаўсюджаны стан рэчыва Сусьвету (міжзорнае рэчыва, туманнасьць, зоркі, атмасфэры плянэтаў і г. д.). Па хімічных уласьцівасьцях газы і іх сумесі вельмі рознабаковы — ад малаактыўных інэртных газаў да выбуховых газавых сумесей. Да газаў звычайна адносяць ня толькі сыстэмы з атамаў і малекулаў, але і сыстэмы зь іншых часьцінкаў — фатонаў, электронаў, броўнаўскіх часьцінкаў, а таксама плязму.