From Wikipedia, the free encyclopedia
Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. Знаходзіцца ў Касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Будславе[1].
Падараваны ў 1598 годзе папам рымскім Клімэнтам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу з находы яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пасьля сьмерці Паца абраз перайшоў да капэляна Ісака Салакая, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бэрнардынаў. Шату для абраза ў 1-й палове XVII ст. падараваў віленскі гвардыян бэрнардынаў Ф. Калецкі. Абраз праславіўся цудамі вылечваньня, якія апісаў пробашч Э. Зялевіч у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў абраз быў часова вывезены ў мястэчка Саколка (Беласточчына). Бэрнардыны Літоўскае правінцыі прапагандавалі культ абразу, ад пачатку ХІХ ст. друкавалі зь яго гравюры. Пасьля скасаваньня кляштару ў 1859 вядомасьць абразу зьменшылася.
Ад пачатку 1990-х гадоў аднаўляецца культ абразу. Ад 1990 штогод адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. У 1991—1992 абраз быў рэстаўраваны В. Лукашэвічам. 2 ліпеня 1996 папскі нунцый арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі абвясьціў папскае пасланьне, у якім Маці Божая Будслаўская названая патронкай Менска-Магілёўскае архідыяцэзіі, у народзе лічыцца Апякункай Беларусі. У 1998 кардыналам Казімерам Сьвёнткам цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі.
Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72×65 см, іканаграфічна належыць да заходне-эўрапейскага тыпу Адыгітрыі. На зваротным баку дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі зьвесткамі аб гісторыі абраза й аўтара. Іканаграфія тыпу Адыгітрыі, трактаваная вольна, у духу італьянскага Рэнэсансу. Маці Божая намаляваная да поясу, у чырвонай адзежы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавай аблямоўкай. Асоба з правільнымі рысамі, мадэлёўка аб’ёму сьветлаценевая, левая палова ў глыбокім цені. Дзіцятка на левай руцэ ў вольнай паставе, у сьветлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнутыя да Маці: правая багаслаўляе, а левай Езус Хрыстус як бы падае Маці гранат, шматзначны знак вечнага жыцьця, а таксама Хрысьціянства, шматлікіх вернікаў якога адлюстроўваюць зерні. Асоба прыгожая, з тонкімі рысамі, погляд накіраваны на гледача. Фон высьветлены, салатава-шэрага адценьня, німбы вохрыстыя, разграфлёныя вострымі прамянямі. На абразе — срэбны аклад, арнаментаваны вольна раскінутымі колерамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз складзены ў срэбную раму з арабескавым арнамэнтам у стылі позьняга Рэнэсансу, у арнамэнт упісаная постаць сьвятога Казімера і, магчыма, сьвятой Ядзьвігі. Усе гэтыя ўпрыгожваньні належаць да найлепшых узораў ювэлірнага мастацтва ў Беларусі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.