кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1674—1696) From Wikipedia, the free encyclopedia
Ян Сабе́скі (польск.: Jan III Sobieski; 17 жніўня 1629, замак Алеска, цяпер Львоўская вобл., Украіна — 17 чэрвеня 1696, Вілянаў, цяпер Варшава, Польшча) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1674 — 1696).
Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Сабескіх герба «Яніна». Бацька — Якуб Сабескі, кашталян кракаўскі, маці з роду Жалкеўскіх. Атрымаў адукацыю ў Новадворскай калегіі і Ягелонскай акадэміі ў Кракаве. Некалькі год падарожнічаў па краінах Заходняй Еўропы. Ведаў некалькі моў — італьянскую, лацінскую, нямецкую, татарскую і французскую.
У Рэч Паспалітую вярнуўся ў 1648 падчас казацкай вайны і ўступіў у войска. Удзельнічаў у пасольстве ў Асманскую імперыю, вывучыў яе дзяржаўны лад. Па вяртанні ўдзельнічаў у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы. Ваяваў на баку Швецыі, затым супраць яе на баку Яна Казіміра.
Удзельнічаў у вайне супраць казакоў Б. Хмяльніцкага. 3 1653 палкоўнік, ваяваў супраць шведаў у Паўночнай вайне 1655—60, супраць расійскіх ваявод і казакоў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Некалькі разоў выбіраўся паслом на соймы. Быў прыхільнікам караля Яна II Казіміра Вазы. З 1666 года польны гетман каронны, з 1668 года — вялікі гетман каронны. Праславіўся перамогай над туркамі і татарамі ў бітве пад Хоцімам (1673).
16.5.1674 на сойме Ян III Сабескі абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Супраць яго кандыдатуры выступала кіруючая прааўстрыйская групоўка магнатаў ВКЛ на чале з Пацамі, аднак яго падтрымалі групоўкі Радзівілаў і Сапегаў. Доўгі час Ян III Сабескі змагаўся з апазіцыяй, якую падтрымлівалі аўстрыйскія Габсбургі. На вышэйшыя пасады ў ВКЛ ён пачаў вылучаць прадстаўнікоў сям’і Сапегаў, абапіраўся таксама на Радзівілаў (яго сястра Кацярына была замужам за М. К. Радзівілам).
На працягу шмат гадоў вёў вайну з Асманскай імперыяй. Правёў радыкальную рэформу ва ўзбраенні і арганізацыі войска. У 1674 і 1675 нанёс новыя паражэнні турэцкім і татарскім войскам на Украіне. Намагаўся заключыць трывалы мір з Турцыяй і палепшыць адносіны з Расіяй, заключыць саюз з Францыяй і Швецыяй супраць Брандэнбургска-Прускай дзяржавы і Аўстрыі, далучыць да Польшчы Прускае герцагства з Кёнігсбергам. У 1683 ён падпісаў трактат аб дружбе з Аўстрыяй і, калі ў 1683 турэцкая армія аблажыла Вену, з 27-тысячным войскам Рэчы Паспалітай падышоў да горада і ўзначаліў агульнае войска імператара і германскіх князёў (разам 70 тыс. чал.). 12 верасня 1683 адбылася генеральная бітва, у якой удзельнічалі і войскі ВКЛ — цяжкая конніца маршалка надворнага Ю. Б. Слушкі і брыгада кашталяна віленскага Э. Дэнгафа. Бітва пад Венай скончылася разгромам турэцкага войска. Хоць вайна працягвалася да 1699, для Рэчы Паспалітай турэцкая пагроза была знята. Польшча вярнула сабе Падолію і крэпасць Камянец. У 1684 утварыўся антытурэцкі саюз, у які ўвайшлі Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Рымскі Папа і Венецыя. Каб далучыць да яго Расію, у Маскву было накіравана пасольства на чале з ваяводам пазнаньскім К. Гжымултоўскім, якое заключыла «Вечны мір» 1686.
У астатнія гады панавання Ян III Сабескі змагаўся з апазіцыяй, у складзе якой былі прадстаўнікі і прааўстрыйскай і прафранцузскай груповак. З цягам часу абвастрыліся адносіны паміж каралём і Сапегамі. Караля і яго план спадчыннай манархіі падтрымалі толькі прыдворныя групоўкі і сярэдняя шляхта.
Пры Яне Сабескім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым. Ён увайшоў у гісторыю як выдатны палкаводзец, мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.