Шанхай Мастэрс 2014 (снукер)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Шанха́й Ма́стэрс 2014 (англ.: Shanghai Masters 2014, таксама вядомы як Bank of Communications Shanghai Masters 2014 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 8 па 14 верасня 2014 года на шанхайскай гранд-сцэне, у Шанхаі, Кітай. Турнір стаў восьмым розыгрышам Шанхай Мастэрс, які быў заснаваны ў 2007 годзе. «Bank of Communications» у чацвёрты раз запар спансаваў Шанхай Мастэрс. Прызавы фонд турніру склаў £456 000 (на £31 000 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £85 000 атрымаў пераможца (на £5 000 больш, чым у мінулым годзе).
Шанхай Мастэрс 2014 | |
Сезон | 2014/2015 |
---|---|
Тэрміны | 8 — 14 верасня 2014 |
Арэна | Шанхайская гранд-сцэна |
Горад | Шанхай |
Краіна | Кітай |
Арганізацыя | WPBSA |
Спонсар | Bank of Communications |
Фармат | Рэйтынгавы турнір |
Агульны прызавы фонд | £456,000 |
Прызавыя пераможцы | £85,000 |
Мінулы чэмпіён | Дзін Цзюньхуэй |
Фінал | |
Пераможца | Сцюарт Бінэм |
Фіналіст | Марк Ален |
Лік | 10:3 |
Статыстыка турніру | |
Колькасць удзельнікаў | 40 (+96) |
Колькасць матчаў | 39 (+92) |
Колькасць фрэймаў | 297 (+701) |
Колькасць соценных серый | 25 (+34) |
Найвышэйшая серыя | 144 (Бары Хокінс) (кваліфікацыя: 142 (Курт Мэфлін)) |
←2013 ● Шанхай Мастэрс ● 2015→ | |
Снукерны сезон 2014/2015 | |
←Чэмпіянат свету па снукеры з 6-цю чырвонымі шарамі |
Адкрыты чэмпіянат Балгарыі→ |
Турнір уключаў у сябе чатыры кваліфікацыйныя раўнды, якія праходзілі на працягу чатырох дзён з 12 па 15 жніўня 2014 года на арэне «Метрадром» у Барнслі, Англія, і ў якіх гулялі 112 удзельнікаў (103 прафесіянальных снукерыста і 9 аматараў). 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда трапілі ў асноўную стадыю, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных ігракоў і 8 уладальнікаў уайлдкард, якія гулялі ў папярэднім раўндзе супраць васьмярых ігракоў, якія прайшлі кваліфікацыю. Пасля гэтага, 32 снукерыста гулялі на выбыванне, пачынаючы з 1/16 фіналу. Ва ўайлдкард раўндзе і першых двух раўндах асноўнай сетцы на шанхайскай гранд-сцэне выкарыстоўвалася чатыры гульнявыя сталы, у чвэрцьфіналах — два, а ў паўфіналах і фінале — адзін.
Леташні фіналіст турніру Сяа Гадун саступіў у кваліфікацыі Джымі Робертсану з лікам 4:5. Пяць з васьмі першых нумароў пасеву выбылі ў першым жа раўндзе, уключаючы другога нумара рэйтынгу аўстралійца Ніла Робертсана, які саступіў Майклу Уайту (4:5), і чацвёртага сеянага Роні О’Салівана, які прайграў Алану Мак-Манусу (3:5). Абодва, Уайт і Мак-Манус, самы малады прафесіянал на турніры і адзін з самых узроставых удзельнікаў адпаведна, былі дэбютантамі Шанхай Мастэрс і здолелі дайсці да чвэрцьфінальнай стадыі. З топ-8 сеяных гульцоў да 1/4 фіналу дайшлі толькі леташні пераможца Дзін Цзюньхуэй і чэмпіён свету Марк Сэлбі, якія атрымалі першы і другі нумары пасеву адпаведна. Яны абодва прайгралі ў паўфінальнай стадыі: Дзін саступіў Сцюарту Бінэму (4:6), а Сэлбі — Марку Алену (5:6). Найвышэйшую серыю ў асноўнай стадыі турніру ў другі раз запар аформіў Бары Хокінс, які зрабіў брэйк у 140 ачкоў у матчы першага раўнда супраць Марка Уільямса.
Пераможцам турніру стаў Сцюарт Бінэм, які перайграў на сваім шляху да тытула кітайца Лі Хана (5:3), Дамініка Дэйла (5:1), Алана Мак-Мануса (5:1) у чвэрцьфінале, леташняга чэмпіёна Дзіна Цзюньхуэя (6:4) у паўфінальным матчы, а таксама разграміў Марка Алена ў фінальным паядынку з лікам 10:3. Гэтая перамога стала другім рэйтынгавым тытулам у кар’еры брытанца, а таксама першым спаборніцтвам рэйтынгавага ўзроўню, выйграным Бінэмам за тры гады (у ліпені 2011 года ён выйграў адкрыты чэмпіянат Аўстраліі).