Чэмпіянат свету па снукеры 2014
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэмпіяна́т све́ту 2014 (англ.: World Snooker Championship 2014, таксама вядомы як Dafabet World Snooker Championship 2014 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 19 красавіка па 5 мая 2014 года ў тэатры Крусібл, у Шэфілдзе, Англія. Найпрэстыжнейшае і найбуйнейшае па рэйтынгавых ачках і прызавых грошах снукернае спаборніцтва, а таксама трэцяе спаборніцтва Трайной кароны ў сезоне 2013/2014. Турнір стаў 80-м розыгрышам чэмпіянату свету, які быў заснаваны ў 1927 годзе, і 38-м сусветным першынствам, якое праходзіла ў Крусібле. Кампанія «Dafabet» упершыню спансіравала чэмпіянат свету. Прызавы фонд турніру склаў £1 214 000 (на £103 000 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £300 000 (на £50 000 больш, чым у мінулым годзе) атрымаў пераможца. Першы прыз турніру стаў рэкордным за ўсю гісторыю снукера.
Чэмпіянат свету 2014 | |
Сезон | 2013/2014 |
---|---|
Тэрміны | 19 красавіка — 5 мая 2014 |
Арэна | Тэатр Крусібл |
Горад | Шэфілд |
Краіна | Англія |
Арганізацыя | WPBSA |
Спонсар | Dafabet |
Фармат | Рэйтынгавы турнір |
Агульны прызавы фонд | £1,214,000 |
Прызавыя пераможцы | £300,000 |
Мінулы чэмпіён | Роні О’Саліван |
Фінал | |
Пераможца | Марк Сэлбі |
Фіналіст | Роні О’Саліван |
Лік | 18:14 |
Статыстыка турніру | |
Колькасць удзельнікаў | 32 (+96) |
Колькасць матчаў | 31 (+96) |
Колькасць фрэймаў | 604 (+1530) |
Колькасць соценных серый | 58 (+69) |
Найвышэйшая серыя | 140 (Ніл Робертсан) (кваліфікацыя: 139 (Мартын О'Донэл, Эндру Хігінсан)) |
←2013 ● Чэмпіянат свету ● 2015→ | |
Снукерны сезон 2013/2014 | |
←Адкрыты чэмпіянат Кітая |
Чэмпіянат уключаў у сябе чатыры кваліфікацыйныя раўнды, якія праходзілі на працягу васьмі гульнявых дзён з 8 па 16 красавіка 2014 года ў міжнародным спартыўным цэнтры «Ponds Forge» у Шэфілдзе і ў якіх гулялі 112 удзельнікаў (105 прафесіянальных снукерыстаў і 7 аматараў). 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда трапілі ў Крусібл, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных ігракоў, і, пачынаючы з 1/16 фіналу, яны ўсе гулялі на выбыванне. У першых трох раўндах турніру на арэне тэатру Крусібл выкарыстоўваліся два гульнявыя сталы, а ў паўфіналах і фінале — адзін.
Былыя чэмпіёны свету Стыў Дэвіс, Марк Уільямс, Грэм Дот і Пітэр Эбдан, а таксама шасціразовы фіналіст Джымі Уайт і двухразовы фіналіст Мэцью Стывенс не здолелі прайсці кваліфікацыю чэмпіянату. 24-гадовы дэбютант турніру Майкл Уослі здзейсніў адну з найвялікшых сенсацый у гісторыі чэмпіянатаў свету, перамогшы ў першым раўндзе аднаго з галоўных фаварытаў Дзіна Цзюньхуэя, які выйграў пяць рэйтынгавых тытулаў у сезоне. Шатландскі ігрок Алан Мак-Манус выйграў свой першы матч у Крусібле з 2005 года і ўпершыню з таго ж чэмпіянату свету 2005 выйшаў у чвэрцьфінал, перайграўшы ў 1/8 фіналу самага ўзроставага ўдзельніка спаборніцтва 44-гадовага Кена Доэрці, які ў першым раўндзе выйграў свой першы матч у Крусібле з 2006 года. Валіец Дамінік Дэйл выйграў свой першы паядынак у асноўнай стадыі чэмпіянату свету з 2000 года, а таксама ў другі раз у кар’еры пасля сусветнага першынства 2000 выйшаў у 1/4 фіналу. Аўстраліец Ніл Робертсан у чвэрцьфінальным матчы супраць Джада Трампа выканаў свой соты сэнчуры ў сезоне 2013/2014, стаўшы першым снукерыстам у гісторыі, які дасягнуў гэтай вышыні, а ў паўфінальным паядынку супраць Марка Сэлбі ён павялічыў свой рэкорд да 103-х соценных брэйкаў, але саступіў англічаніну з лікам 15:17, прапусціўшы яго ў фінал. Другім фіналістам стаў абаронца тытула Роні О’Саліван, пераможца чэмпіянатаў свету 2012 і 2013 гадоў, які выйграў абодва чвэрцьфінальны і паўфінальны матчы ў Шона Мёрфі (13:3) і Бары Хокінса (17:7) адпаведна з апошнімі сесіямі ў запасе. Найвышэйшую серыю ў асноўнай стадыі турніру, 140 ачкоў, зрабіў Ніл Робертсан у матчы першага раўнда супраць Робі Уільямса.
Пераможцам турніру стаў Марк Сэлбі, які прайграваў О’Салівану ў фінальным матчы з лікам 3:8 і 5:10, але сумеў выйграць 13 з 17 апошніх фрэймаў паядынку і ўпершыню стаць чэмпіёнам свету. Такім чынам, была спыненая пераможная серыя Роні О’Салівана ў Крусібле, якая дасягнула 14 матчаў. Сэлбі перайграў на сваім шляху да тытула Майкла Уайта (10:9), Алістэра Картэра (13:9), Алана Мак-Мануса (13:5), Ніла Робертсана (17:15) і пяціразовага чэмпіёна свету Роні О’Салівана ў фінальным паядынку з лікам 18:14. Гэтая перамога стала чацвёртым рэйтынгавым поспехам у кар’еры Сэлбі, а таксама першым рэйтынгавым першынствам, якое Марк выйграў за паўтара гады (з чэмпіянату Вялікабрытаніі 2012), і прынесла яму лідарства ў сусветным рэйтынгу. Такім чынам, Марк Сэлбі, які апроч чэмпіянату Вялікабрытаніі тройчы перамагаў на Мастэрс, стаў дзявятым снукерыстам у гісторыі, які выйграў усе турніры трайной кароны.