Цыпо́ра (Цыпі) Ма́лка Лі́ўні (іўр.: ציפורה (ציפי) ליבני; 5 ліпеня1958, Тэль-Авіў) — ізраільскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, дэпутат Кнэсета ад цэнтрысцкай партыі «Га-Тнуа», якую ўзначаліла ў 2012, былы дэпутат Кнэсета ад партый «Лікуд» і «Кадзіма». З 17 верасня2008 была лідарам партыі «Кадзіма»[3] (займала гэтую пасаду да 2012 года).
Хуткія факты Цыпі Ліўні, міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля[d] ...
Цыпі нарадзілася ў Тэль-Авіве ў сям’і Сары Розенберг і Эйтана Ліўні, якія нарадзіліся ў Гродне, а ў 1925 пераехалі ў Эрэц-Ісраэль[4]. Бацька Цыпі, Эйтан Ліўні, быў дэпутатам Кнесету 8-га, 9-га і 10-га скліканняў. У 2015 Ліўні казала: «І сёння ў сінагозе ў Скідзелі, што пад Гродна, на сцяне вісіць і фотаздымак майго бацькі… Мой бацька мае карані з Беларусі, з горада Гродна. І я ганаруся гэтым»[5].
Ліўні скончыла юрыдычны факультэт універсітэта імя Бар-Ілана, атрымаўшы ступень бакалаўра. Пасля вучобы праходзіла вайсковую службу ў Арміі абароны Ізраіля. Звольнілася ў запас у званні лейтэнанта. З 1980 па 1984 служыла ў «Масадзе». Затым на працягу 10 гадоў узначальвала ўласную адвакацкую фірму, займаючыся прыватнай адвакацкай практыкай. У 1996, калі яна не здолела стаць дэпутатам Кнесета, Ліўні была прызначана Біньямінам Нетаньяху генеральным дырэктарам упраўлення дзяржаўных прадпрыемстваў. Яна адказвала за прыватызацыю ўрадавых карпарацый і манаполій.
У 1999 была абрана ў Кнесет ад партыі «Лікуд». Ліўні была членам камітэту па канстытуцыі, праву і юстыцыі, камітэту па праблемах статуту жанчын, главой падкамітэту па падрыхтоўцы закону аб прадухіленні адмывання грошай. У 2001 ва ўрадзе Арыэля Шарона была міністрам развіцця перыферыі, міністрам без партфеля, пасля чаго атрымала пасаду міністра сельскай гаспадаркі.
У 2003 пасля стварэння другога ўрада Шарона, Ліўні прызначаная міністрам рэпатрыяцыі і абсорбцыі. У 2004 прызначана таксама і міністрам будаўніцтва замест Эфі Эйтама. Пасля сыходу з урада партыі «Шынуй» стала таксама міністрам юстыцыі замест Ёсефа Лапіда.
Ліўні далучылася да партыі «Кадзіма» пад канец 2005 года адразу ж пасля яе стварэння, нягледзячы на ранейшыя запэўніванні, што ніколі не пакіне «Лікуд». 18 студзеня2006, пасля сыходу Сільвана Шалома, стала міністрам замежных спраў ва ўрадзе Эхуда Ольмерта.
4 мая2006 Ліўні заняла пасаду віцэ-прэм’ера. З лістапада 2006 па люты 2007 часова выконвала абавязкі міністра юстыцыі Ізраіля. 2 мая2007 сумесна з лідарам парламенцкай фракцыі партыі «Кадзіма» Авігдорам Іцхакі выступіла з патрабаваннем адстаўкі Ольмерта з пасады лідара «Кадзімы» і прэм’ер-міністра Ізраіля па абвінавачванні ў правале Другой ліванскай вайны.
17 верасня2008 на выбарах старшыні правячай партыі «Кадзіма», Цыпі Ліўні была афіцыйна прызнаная пераможцай. Яна набрала 43,1 % галасоў супраць 42 % у яе галоўнага суперніка, міністра транспарту Шауля Мафаза. 22 верасня2008 прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс даручыў Цыпі Ліўні сфарміраваць новы ўрад.
26 кастрычніка 2008 г. Цыпі Ліўні адмовілася сфарміраваць новы ўрад, паколькі ў яе не атрымалася заручыцца падтрымкай большасці дэпутатаў Кнесету. Гэта пацягнула за сабой датэрміновыя выбары ў Кнесет, якія адбыліся 10 лютага2009 і на якіх «Кадзіма» атрымала 28 месцаў з 120, на адзін мандат больш, чым «Лікуд». Аднак і ў гэтым выпадку ёй не атрымалася сфарміраваць дзеяздольную кааліцыю, і 20 лютага Шымон Перэс даручыў фарміраванне ўрада главе «Лікуд» Біньяміну Нетаньяху.
Пасля таго, як 28 сакавіка 2012 г. Ліўні прайграла ўнутрыпартыйныя выбары ў «Кадзіме» Шаулю Мафазу, яна абвясціла, што сыходзіць з Кнэсета, але не з палітыкі. Ужо 26 лістапада 2012 г. абвясціла пра стварэнне новага палітычнага руху «Га-Тнуа» («Рушэнне»). Да яе далучыліся чатыры дэпутаты Кнэсета ад партыі «Кадзіма».
Замужам за ўладальнікам рэкламнага агенцтва Нафталі Шпіцэрам, мае двух сыноў.