Хімічны элемент
From Wikipedia, the free encyclopedia
Хімі́чны элеме́нт — від атамных часціц (атамаў або іонаў) з аднолькавым дадатным зарадам ядра; адно з найважнейшых паняццяў хіміі.
Аб'яднанне хімічных элементаў у адзіную сістэму, устанаўленне глыбокай унутранай сувязі паміж імі вызначаюцца перыядычным законам Мендзялеева. Уласцівасці атамаў хімічных элементаў, а таксама састаў і ўласцівасці рэчываў, якія яны ўтвараюць, знаходзяцца ў перыядычнай залежнасці ад зарадаў атамных ядзер.
Кожны хімічны элемент характарызуецца сваім атамным нумарам, роўным колькасці пратонаў у атамным ядры. Хімічныя элементы маюць назвы і скарочаныя абазначэнні (хімічныя знакі або сімвалы хімічных элементаў) з адной ці дзвюх літар лацінскага алфавіта, якія ўжываюцца ў хімічных формулах. Атамы аднаго хімічнага элемента з рознымі атамнымі масамі, называюцца ізатопамі гэтага хімічнага элемента. З тае прычыны, што суадносіны паміж ізатопамі у межах Зямлі блізкія да нязменных, для кожнага хімічнага элемента, які мае стабільныя прыродныя ізатопы, з улікам іх узаемных суадносін разлічваецца атамная маса, якая ўжываецца ў практычных разліках.
На сёння вядома 116 хімічных элементаў. З іх каля дзевяноста сустракаецца ў прыродзе, астатнія атрымліваюць штучна.
Паводле хімічных уласцівасцей хімічныя элементы падзяляюцца на металы і неметалы. Традыцыйнае дзяленне элементаў на металы і неметалы гістарычна ўзнікла з-за таго, што простыя рэчывы, утвораныя атамамі элементаў металаў, як правіла, знаходзяцца ў цвёрдым стане і праяўляюць металічныя ўласцівасці (бляск, высокую цепла- і электраправоднасць, коўкасць, пластычнасць і г. д.), а простыя рэчывы, ўтвораныя атамамі элементаў неметалаў, гэтымі ўласцівасцямі пры звычайных умовах не валодаюць.
У межах гэтых дзвюх груп існуюць больш дробныя падзелы паводле:
- хімічных уласцівасцей (напрыклад, галагены, шчолачныя металы, шчолачназямельныя металы, высакародныя або інертныя газы);
- будовы электронных абалонак (напрыклад, лантаноіды, актыноіды);
- размеркавання ў прыродзе Зямлі (напрыклад, рэдкія і рассеяныя элементы);
- велічыні атамнага нумара (трансураніды);
- іншых крытэрыяў (напрыклад, каштоўныя металы).
У прыродзе хімічныя элементы ўтвараюць простыя рэчывы і ўваходзяць у склад складаных рэчываў. Некаторыя элементы ў свабодным стане ўтвараюць некалькі алатропных мадыфікацый. Пашыранасць хімічных элементаў на Зямлі акрэсліваецца кларкамі элементаў.
Ператварэнне атамаў аднаго элемента ў атамы іншага адбываецца ў ядзерных рэакцыях. Хімічныя элементы вывучаюцца неарганічнай хіміяй.