Ураднік
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ураднік — службовая асоба ва ўрадах Вялікага Княства Літоўскага. Пасада зацвярджалася вялікім князем, ваяводамі і старостамі з абраных кандыдатаў. Пасады ўраднікаў былі пажыццёвыя або да пераходу на больш высокую пасаду. Статут ВКЛ 1588 г. забараняў займаць некалькі адміністрацыйных пасад або адначасова адміністрацыйную і судовую. Але здаралася, што буйныя феадалы займалі і некалькі пасад. У гарадах ураднікамі былі войты, радцы, лаўнікі, бурмістры і інш. Звычайна пасады ўрадніка у гарадах былі выбарнымі. Парадак заняцця пасад у гарадах у асноўным рэгуляваўся нормамі магдэбургскага права. Статут ВКЛ 1588 г. прадугледжваў павышаную адказнасць за злачынствы супраць урадніка пры выкананні імі службовых абавязкаў.
Ураднікі падзяляліся на земскіх (дзяржаўных) і прыдворных:
- Земскія ўраднікі (як правіла, шляхта, што мела маёнткі на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі):
- Цэнтральныя: абозныя вялікі і польны, войскі, генерал артылерыі, генерал-інспектар, гетманы вялікі і польны, інстыгатар і віцэ-інстыгатар, канцлер і падканцлер, лоўчы, маршалак вялікі (земскі), мастаўнічы, мернік, мечнік, падкаморы, падскарбі вялікі (земскі), пісары вялікія, дэкрэтавы, польны і скарбовы, поштмагістр, рэгенты канцылярый вялікай і меншай, рэферэндары духоўны і свецкі, сакратары вялікія духоўны і свецкі, спіжарны, стражнікі вялікі і польны, харужы вялікі.
- Мясцовыя: ваяводы, войскія, гараднічыя, кашталяны, маршалкі, мечнікі, падстоліі, падчашыя, старосты, стольнікі, харунжыя, чашнікі і інш.
- Судовыя: маршалак і дэпутаты Галоўнага Трыбунала, падкаморыі, суддзі, падсудкі, віжы, возныя, каморнікі і інш.
- Адміністрацыйныя
- Прыдворныя ўраднікі: маршалкі дворныя, падскарбі дворны, лоўчы дворны, канюшы, кухмістар, крайчы, падканюшы, падстолі, піўнічы, стольнік, чашнік.
Да 1569 г. галоўныя цэнтральныя ўраднікі (маршалкі вялікі і дворны, гетман вялікі, падскарбі земскі, канцлер, падканцлер), ваяводы, кашталяны, староста жамойцкі ўваходзілі ў Раду Вялікага Княства Літоўскага.
Па Люблінскай уніі (1569) у Сенаце Рэчы Паспалітай засядалі 5 найвышэйшых ураднікаў Вялікага Княства Літоўскага — маршалкі вялікі і дворны, канцлер, падканцлер, падскарбі земскі, а таксама ўсе ваяводы, кашталяны і староста жамойцкі[1].
Значныя пасады ураднікаў, якія не ўваходзілі ў Сенат, называліся дыгнітарскімі.