From Wikipedia, the free encyclopedia
Тэ́ціс (ад імя грэчаскай багіні мора Тэфіды — грэч. Τηθύς, Tethys) — старажытны акіян, які існаваў у эпоху мезазою паміж старажытнымі кантынентамі Гандвана і Лаўразія. Рэліктамі гэтага акіяна з'яўляюцца сучасныя Міжземнае, Чорнае і Каспійскае моры[1].
Сістэматычныя знаходкі акамянеласцей марскіх жывёл ад Альпаў і Карпатаў у Еўропе аж да Гімалаяў у Азіі са старажытных часоў тлумачыліся біблейскай гісторыяй пра Вялікі патоп. Развіццё геалогіі дазволіла датаваць марскія рэшткі, што паставіла такое тлумачэнне пад сумнеў. У 1893 годзе аўстрыйскі геолаг Эдуард Зюс у сваёй працы «Аблічча Зямлі» выказаў здагадку пра існаванне на гэтым месцы старажытнага акіяна, які ён назваў Тэціс па імі грэчаскай багіні Тэфіды. Тым не менш, зыходзячы з тэорыі геасінкліналяў аж да сямідзесятых гадоў XX стагоддзя, калі зацвердзілася тэорыя тэктонікі пліт, лічылася, што Тэціс уяўляў сабой толькі геасінкліналь, а не акіян. Таму на працягу доўгага часу Тэціс называўся ў геаграфіі «сістэмай вадаёмаў», выкарыстоўваліся таксама тэрміны Сармацкае мора ці Пантыйскае мора.
Тэціс існаваў каля мільярда гадоў (850 да 5 млн гадоў назад), падзяляючы старажытныя кантыненты Гандвану і Лаўразію, а таксама іх вытворныя. Паколькі за гэты час назіраўся дрэйф кантынентаў, то Тэціс увесь час змяняў сваю канфігурацыю. Ад шырокага экватарыяльнага акіяна Старога Света ён ператвараўся то ў заходні заліў Ціхага Акіяна, то ў атланта-індыйскую пратоку, пакуль не распаўся на шэраг мораў. У сувязі з гэтым дарэчы кажуць пра некалькі акіянаў Тэціс:
Пасля расколу Гандваны, Афрыка (з Аравіяй) і Індастан сталі рухацца на поўнач, сціскаючы Тэціс да памераў інда-атлантычнага мора. 50 мільёнаў гадоў назад Індастан уклініўся ў Еўразію, заняўшы сучаснае становішча. Злучыўся з Еўразіяй і Афра-Аравійскі кантынент (у раёне Іспаніі і Амана). Збліжэнне мацерыкоў выклікала ўздым Альпійска-Гімалайскага горнага комплексу (Пірэнеі, Альпы, Карпаты, Каўказ, Загрос, Гіндукуш, Памір, Гімалаі), які аддзяліў ад Тэціса паўночную частку — Паратэціс (мора «ад Парыжа да Алтая»). Канчатковае «закрыццё» акіяна Тэціс злучаюць з эпохай міяцэну (5 млн гадоў назад)[3][4]. Да прыкладу таджыкскі Памір некаторы час уяўляў сабой архіпелаг у акіяне Тэціс[5]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.