From Wikipedia, the free encyclopedia
Со́рга[3] (Sorghum) — род кветкавых раслін сямейства Метлюжковыя, таго самага падсямейства, што кукуруза і цукровы трыснёг.
Сорга | |||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||
Sorghum Moench | |||||||||||||||||
Сінонімы | |||||||||||||||||
| |||||||||||||||||
|
Налічвае 366 апісаных відаў, распаўсюджаных у трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных паясах. 17 відаў паходзяць з Аўстраліі. 31 від сорга вырошчваюць як культурную расліну[4].
Аднагадовыя і шматгадовыя травяністыя расліны, сцёблы вышынёй да 4—5 м і болей, моцныя, прамастойныя. Шырокая і разгалінаваная каранёвая сістэма можа дасягаць глыбіні 2—2,5 м. Плод — зярняўка каля 4 мм у дыяметры.
Па пажыўных уласцівасцях збожжа і зялёная маса сорга амаль не саступаюць кукурузе, а па некаторых і пераўзыходзяць яе. Сорга папулярнае ў Азіі і Афрыцы як мука для выпечкі хлебных вырабаў і макарон. Збожжа таксама гатуецца як папкорн, смажаннем на патэльні. З сорга робяць кашы, аладкі, лікёры і піва, асабліва для людзей з непераноснасцю глютэну. Патаку (соргавы мёд) атрымліваюць са сцёблаў цукровага сорга, які змяшчае да 18 % цукру. Гэтая культура багатая на вугляводы (61—68 %), бялкі (7,8—16,7 %), карацін, дубільныя рэчывы, вітаміны, якія іграюць важную ролю ў падвышэнні прадуктыўнасці жывёл. Валодае супрацьдыярэйнымі, або звязальнымі, і гамеастатычнымі ўласцівасцямі.
Усе сорга змяшчаюць таніны, а большасць змяшчае флаваноіды. Таніны душаць рост патагенных мікраарганізмаў, зніжаюць цікаўнасць жывёлы да з’ядання расліны. Збожжа сорга з’яўляецца адной з найлепшых крыніц флаваноідаў праантацыянідзіну. Агульнае змяшчэнне фенолу ў танінах і ў флаваноідах карэлюе з антыаксідантнай актыўнасцю. Антыаксідантная актыўнасць найбольшая ў сорга з цёмным каляплоднікам і пігментаваным насеннікам. Антыаксідантнай актыўнасцю сорга можна растлумачыць зніжэнне захворвання на некаторыя віды раку ў насельніцтва, якое ўжывае сорга. Антыаксіданты зніжаюць глікемічны індэкс і могуць памяншаць узровень халестэрыну ў крыві. Утрыманне фенолаў у некаторых відах сорга настолькі высокае, што звязванне бялкоў, вугляводаў і мінералаў можа знізіць іх біялагічную даступнасць. Гэты эфект можа быць часткова скасаваны апрацоўкай збожжа.
Зялёную масу і зерне ахвотна ядуць многія віды сельскагаспадарчых жывёл. Для збалансаванага харчавання жывёл трэба дадаваць крыніцы лізіну, якога бракуе ў сорга.
Салома выкарыстоўваецца як сыравіна для вытворчасці паперы, кардону, плеценых вырабаў, венікаў, ёю пакрываюць дахі, выкарыстоўваюць на паліва, для платоў. З сухіх сцёблаў некаторых відаў атрымліваюць чырвоную фарбу для апрацоўкі шкур.
Сорга — пятая па значнасці збожжавая культура ў свеце. Мэтазгоднасць вырошчвання сорга ў засушлівых і паўзасушлівых рэгіёнах планеты абумоўліваецца яго ўніверсальнасцю і высокай прадуктыўнасцю.
Патрабаванні да цяпла для зерневага сорга вышэй за патрэбы кукурузы. Для прарастання яму трэба тэмпература ад 12 да 13 °C. Рост больш удалы пры тэмпературы вышэй за 15 °C, аптымальная тэмпература складае каля 32 °C. Перапады тэмпературы падчас цвіцення могуць знізіць ураджай збожжа. Сорга супрацьстаіць высокім тэмпературам значна лепей, чым нізкім. Ён здольны даволі працяглы час пераносіць засуху, а пасля спынення засухі аднаўляць рост. Патрабуе менш вады за кукурузу, каб утварыць кілаграм сухога рэчыва. Добра развіваецца на шчолачных глебах. Цукрыстыя сарты патрабуюць наяўнасці ў глебе карбанату кальцыя, які павялічвае змяшчэнне цукрозы ў сцёблах і лісці. Аддае перавагу лёгкім глебам, здольны расці на троху засоленых глебах.
Найбуйнейшымі экспарцёрамі ў свеце з’яўляюцца ЗША, Аргенціна і Аўстралія. У 2020 годзе сусветная ўрадлівасць склала каля 14,6 ц/га.
Асноўнымі спажыўцамі з’яўляюцца Злучаныя Штаты, Мексіка, Японія, Аргенціна і Усходняя Еўропа. Гэтыя краіны разам паглынаюць больш за 80 % сусветнай вытворчасці сорга ў кармавой форме.
Краіна | Вытворчасць у 2021 г. (т) | Плошча ў 2021 г. (га) |
---|---|---|
Увесь свет | 64.367.143 | 41.587.217 |
10 найбольшых | 47.088.223 | 25.275.595 |
ЗША | 11.374.900 | 2.262.440 |
Нігерыя | 6.725.000 | 5.700.000 |
Індыя | 4.810.000 | 4.240.000 |
Эфіопія | 4.450.000 | 1.650.000 |
Мексіка | 4.370.000 | 1.297.538 |
Судан | 3.530.000 | 6.920.000 |
Аргенціна | 3.530.000 | 748.566 |
Кітай | 3.002.146 | 631.910 |
Бразілія | 2.506.772 | 888.534 |
Аўстралія | 1.638.962 | 572.607 |
Буркіна-Фасо | 1.617.000 | 1.576.610 |
Украіна | 173.160 | 41.700 |
Расія | 115.406 | 82.655 |
Малдова | 29.300 | 6.300 |
Узбекістан | 22.100 | 15.883 |
Казахстан | 4.524 | 9.058 |
Азербайджан | 193 | 98 |
Таджыкістан | 70 | 26 |
Кыргызстан | 6 | 11 |
На ранніх стадыях росту раслін некаторыя віды сорга могуць змяшчаць сінільную кіслату, хардэін і нітраты ў колькасці, смяротна небяспечнай для жывёл, якія пасвяцца. Расліны, якія цярпяць ад засухі або спёкі, таксама могуць змяшчаць таксічныя ўзроўні цыяніду і нітратаў на позніх стадыях росту.[6]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.