Севяране
From Wikipedia, the free encyclopedia
Севяра́не, север (ст.-слав: сѣверо, сѣверъ[1], сѣверы) — усходнеславянскае этнапалітычнае аб'яднанне (правадырства).
Севяране | |
---|---|
Саманазва | ст.-слав: сѣверо, сѣверъ, сѣверы |
Колькасць | невядома |
Рассяленне | Басейны рэк Дзясны, Сеймы, Сулы, Ворсклы, Пслы, Северскага Данца |
Археалагічная культура | Помнікі валынцаўскага тыпу (руск.) (бел. і Роменска-боршаўская (укр.) (бел. |
Этнічныя мовы | старажытнаруская |
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) | паганства, праваслаўе |
Геаграфічна-моўная група | усходнія славяне |
Насялялі тэрыторыі па Дзясне, Сейму, Суле, межавалі на захадзе з палянамі і дрыгавічамі, на поўначы з радзімічамі і вяцічамі, на усходзе і поўдні з качавымі плямёнамі. У VIII—X стст. для іх характэрны помнікі валынцаўскага тыпу (руск.) (бел. і роменска-боршаўскай культуры: бескурганныя і курганныя могільнікі з трупаспаленнем, гарадзішчы і селішчы з ляпной і ганчарнай керамікай, з канца X—XII стст. — курганныя могільнікі з трупапалажэннем на гарызонце. Характэрныя племянныя адзнакі — спіралепадобныя і прамянёвыя скроневыя кольцы, пласціністыя галаўныя венчыкі. У VIII—пачатку IX стст. севяране плацілі даніну хазарам. У канцы IX ст. заходнія севяране разам з палянамі ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі, усходнія захоўвалі адносную аўтаномію да канца X ст. У XI—XII стст. севяране складалі значную частку насельніцтва Чарнігаўскай зямлі. У 907 г. удзельнічалі ў паходзе Алега на Візантыю. Упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 884, 885, апошні раз пад 1024 гг. Найбуйнейшыя гарады Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Сноўск, Пуціўль, Курск і інш.