Свяшчэнная Рымская імперыя
гістарычнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала з 962 па 1806 гады і аб’ядноўвала многія тэрыторыі Еўропы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Свяшчэ́нная Ры́мская імпе́рыя (з 1512 года — Свяшчэ́нная Ры́мская імпе́рыя герма́нскай на́цыі; лац.: Sacrum Imperium Romanum Nationis Germanicæ або Sacrum Imperium Romanum Nationis Teutonicæ, ням.: Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation) — дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала з 962 па 1806 год і аб'ядноўвала многія тэрыторыі Еўропы. У перыяд найвышэйшага росквіту ў склад імперыі ўваходзілі землі Германіі, якія былі яе ядром, паўночная і сярэдняя Італія, Нідэрланды, Чэхія, а таксама некаторыя землі Францыі. З 1134 года фармальна складалася з трох каралеўстваў: Германіі, Італіі і Бургундыі. З 1135 года ў склад імперыі ўвайшло каралеўства Чэхія, афіцыйны статус якога ў складзе імперыі быў канчаткова ўрэгуляваны ў 1212 годзе.
імперыя | |||||
Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі | |||||
---|---|---|---|---|---|
лац.: Sacrum Imperium Romanum Nationis Germanicæ ням.: Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation | |||||
|
|||||
Гімн: Gott erhalte Franz den Kaiser[d] | |||||
|
|||||
962 — 1806
|
|||||
Сталіца | не існавала | ||||
Мова(ы) | Лацінская мова, Германскія мовы, Раманскія мовы, Славянскія мовы | ||||
Афіцыйная мова | лацінская мова, нямецкая, італьянская мова, чэшская, венгерская мова і польская | ||||
Рэлігія | Рымска-каталіцкая царква (імператары), Лютэранства, Кальвінізм (некаторыя прынцэсы) | ||||
Грашовая адзінка | дукат | ||||
Насельніцтва |
|
||||
Форма кіравання | Выбарная манархія, Рэйхстаг | ||||
Дынастыя | больш за 20 дынастый | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Імперыя была заснавана ў 962 годзе германскім каралём Атонам I Вялікім і разглядалася як прамы працяг антычнай Рымскай імперыі і франкскай імперыі Карла Вялікага[1]. Працэсы станаўлення адзінай дзяржавы ў імперыі за ўсю гісторыю яе існавання так і не былі завершаны, і яна заставалася дэцэнтралізаваным утварэннем са складанай феадальнай іерархічнай структурай, якая аб'ядноўвала некалькі сотняў тэрытарыяльна-дзяржаўных утварэнняў. На чале імперыі стаяў імператар. Імператарскі тытул не быў спадчынным, а прысвойваўся па выніках абрання калегіяй курфюрстаў. Улада імператара ніколі не была абсалютнай і абмяжоўвалася вышэйшай арыстакратыяй Германіі, а з канца XV ст. — рэйхстагам, якія прадстаўлялі інтарэсы асноўных саслоўяў імперыі.
У ранні перыяд свайго існавання імперыя мела характар феадальна-тэакратычнай дзяржавы, а імператары прэтэндавалі на найвышэйшую ўладу ў хрысціянскім свеце. Узмацненне Папскага Прастола і шматвяковая барацьба за ўладанне Італіяй пры адначасовым росце магутнасці тэрытарыяльных князёў у Германіі значна аслабілі цэнтральную ўладу ў імперыі. У перыяд позняга Сярэднявечча ўзялі верх тэндэнцыі дэзінтэграцыі, якія пагражалі ператварыць Свяшчэнную Рымскую імперыю ў кангламерат паўнезалежных утварэнняў. Аднак ажыццёўленая ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзя «імперская рэформа» дазволіла ўмацаваць адзінства краіны і сфарміраваць новы баланс улады паміж імператарам і саслоўямі, які дазволіў імперыі адносна паспяхова сапернічаць з нацыянальнымі дзяржавамі Заходняй Еўропы. Крызіс Рэфармацыі і Трыццацігадовай вайны быў пераадолены коштам далейшага абмежавання ўлады імператара і ператварэннем агульнасаслоўнага рэйхстага ў галоўны элемент імперскай канструкцыі. Імперыя новага часу забяспечвала суіснаванне некалькіх канфесій у рамках адзінай дзяржавы і захаванне самастойнасці яе суб'ектаў, а таксама абарону традыцыйных правоў і прывілеяў саслоўяў, аднак страціла здольнасць да экспансіі, узмацнення цэнтральнай улады і вядзення наступальных войнаў. Развіццё буйных нямецкіх княстваў па шляху ўнутранай кансалідацыі і станаўлення ўласнай дзяржаўнасці ўваходзіла ў супярэчнасць з застылай імперскай структурай, што ў XVIII ст. прывяло да паралічу цэнтральных інстытутаў і развалу імперскай сістэмы. Свяшчэнная Рымская імперыя праіснавала да 1806 года і была ліквідавана падчас напалеонаўскіх войнаў, калі быў сфарміраваны Рэйнскі саюз, а апошні імператар Франц II адрокся ад прастола.