Радыёхвалі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Радыёхва́лі — электрамагнітнае выпрамяненне, даўжыня хвалі якога большая за ўмоўную граніцу 50 мкм (частата менш за 6×1012 Гц = 6000 ГГц).
Паводле тэхнічных стандартаў[1][2][3], радыёхвалі — электрамагнітныя хвалі, частоты якіх умоўна абмежаваныя частотамі ніжэй за 3000 ГГц, якія распаўсюджваюцца ў прасторы без штучнага хвалявода.
Радыёхвалі ў электрамагнітным спектры размяшчаюцца ад вельмі нізкіх частот аж да інфрачырвонага дыяпазону. З улікам класіфікацыі Міжнародным саюзам электрасувязі радыёхваль па дыяпазонах, да радыёхваль адносяць электрамагнітныя хвалі з частотамі ад 0,03 Гц да 3 ТГц, што адпавядае даўжыні хвалі ад 10 млн кіламетраў да 0,1 міліметра.
У шырокім сэнсе радыёхвалямі з’яўляюцца разнастайныя хвалевыя працэсы электрамагнітнага поля ў апаратуры (напрыклад, у хваляправодных прыладах, у інтэгральных схемах і інш.), у лініях перадачы і, нарэшце, у прыродных умовах, у асяроддзі, якое падзяляе перадатачную і прыёмную антэны[4].
Радыёхвалі, з’яўляючыся электрамагнітнымі хвалямі, распаўсюджваюцца ў свабоднай прасторы са скорасцю святла. Натуральнымі крыніцамі радыёхваль з’яўляюцца ўспышкі маланак і астранамічныя аб’екты. Штучна створаныя радыёхвалі выкарыстоўваюцца для стацыянарнай і мабільнай радыёсувязі, радыёвяшчання, радыёлакацыі, радыёнавігацыі, спадарожнікавай сувязі, арганізацыі бесправадных камп’ютарных сетак і ў мностве іншых абласцей.
Працэсы выпрамянення, распаўсюджвання і пераўтварэння радыёхваль вывучае радыёфізіка і радыётэхніка.
Існаванне радыёхваль эксперыментальна даказана Г. Герцам (1888).
Адрозніваюць радыёхвалі, узбуджаныя штучнымі крыніцамі (радыёперадатчыкамі), і радыёхвалі, якія паступаюць ад пазаземных крыніц ці выкліканы маланкай. Радыёхвалі ад штучных крыніц умоўна падзяляюць па даўжыні хвалі (частаце) на дыяпазоны (гл. радыёчастоты), з іх дапамогай перадаюць інфармацыю, вызначаюць адлегласці да аб’ектаў і інш. Энергію такіх радыёхваль можна канцэнтраваць у вузкі пучок з дапамогай накіраваных антэн ці радыёхваляводаў. Радыёхвалі выкарыстоўваюцца ў радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш.