Пратэсты ў Беларусі (2017)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пратэсты ў Беларусі супраць прэзідэнцкага Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» і эканамічнай палітыкі ўлад пачаліся 17 лютага 2017 года з «Маршу абураных беларусаў» у Мінску, а затым перакінуліся на іншыя буйныя гарады краіны — Бабруйск, Баранавічы, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Маладзечна, Оршу, Пінск і інш. Удзельнікі акцый пратэсту патрабавалі адмены Дэкрэта № 3 і адстаўкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які быў ініцыятарам т.зв. «падатку на дармаедства». Большасць акцый прайшла пад назвай «Марш недармаедаў». Пасля 25 сакавіка, калі ў Мінску адбыліся масавыя затрыманні ўдзельнікаў, акцыі былі ўжо адносна нешматлікія, у вулічных пратэстах удзельнічалі пераважана палітычныя актывісты[1].