![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/dc/Mitrafan_Do%25C5%25ADnar-Zapolski._%25D0%259C%25D1%2596%25D1%2582%25D1%2580%25D0%25B0%25D1%2584%25D0%25B0%25D0%25BD_%25D0%2594%25D0%25BE%25D1%259E%25D0%25BD%25D0%25B0%25D1%2580-%25D0%2597%25D0%25B0%25D0%25BF%25D0%25BE%25D0%25BB%25D1%258C%25D1%2581%25D0%25BA%25D1%2596_%25281901-14%2529.jpg/640px-Mitrafan_Do%25C5%25ADnar-Zapolski._%25D0%259C%25D1%2596%25D1%2582%25D1%2580%25D0%25B0%25D1%2584%25D0%25B0%25D0%25BD_%25D0%2594%25D0%25BE%25D1%259E%25D0%25BD%25D0%25B0%25D1%2580-%25D0%2597%25D0%25B0%25D0%25BF%25D0%25BE%25D0%25BB%25D1%258C%25D1%2581%25D0%25BA%25D1%2596_%25281901-14%2529.jpg&w=640&q=50)
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (2 (14) чэрвеня 1867, Рэчыца — 30 верасня 1934, Масква[1]) — беларускі гісторык і этнограф. Паходзіў з дробнай беззямельнай шляхты, сын калежскага сакратара[2].
Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі ў XIX стагоддзі, гісторыі Літвы і Беларусі, па сацыяльна-палітычным рухам, сялянскаму пытанні і этнаграфіі Беларусі.[3] Працы яго пераважна мелі навукова-аналітычны характар. Шырока карыстаўся ў сваіх працах матэрыяламі больш 20-ці архіваў (Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Вільня, Варшава, Кракаў, Львоў, Кастрама, Яраслаўль, Ноўгарад, Нясвіж і інш.). Шмат з яго прац застаюцца неапублікаванымі. Узнагароджаны за навуковую працу ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені (1916).
Выпускнік гістарычна-філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта (1893), магістарская дысертацыя (восень 1901), доктарская дысертацыя па гісторыі (1906). Прыват-дацэнт Маскоўскага ўніверсітэта (1899), прафесар рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта (1902). Арганізатар і дырэктар Вышэйшых камерцыйных курсаў[4] (Кіеў, 1906), дырэктар Палаты экспертаў, старшыня навукова-папулярных гурткоў і таварыстваў у Кіеве.
Пасля канфлікту са студэнтамі Кіеўскага камерцыйнага інстытута (1917) і «Справы Сташэўскага» (1917),[5] адмовіўся амаль ад усёй выкладчыцкай працы. Прафесар Харкаўскага інстытута народнай гаспадаркі (снежань 1919 года) і Харкаўскага ўніверсітэта (1920—1921). Прарэктар Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесар Бакінскага політэхнічнага інстытута (1922—1925). Пасля пераезду ў Беларусь, прафесар беларускай гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (кастрычнік 1925 — восень 1926 гадоў), стваральнік, супольна з Д. І. Даўгялам, Археаграфічнай камісіі Інбелкульта (1925). Пасля вымушанага пераезду ў Маскву (восень 1926 года), часта мусіў працаваць па-за навуковым полем дзейнасці. Прафесар Ціміразеўскай акадэміі (1930-я). У 1920-х—1930-х таксама займаў пасады ў сістэме кіравання гаспадаркай у савецкіх Украіне, Азербайджане, Беларусі і Расіі.