пасада выкладчыка ці навуковага супрацоўніка From Wikipedia, the free encyclopedia
Прафесар (лац.: professor «выкладчык, настаўнік») — вучонае званне і пасада выкладчыка вышэйшай навучальнай установы (ВНУ) або навуковага супрацоўніка навукова-даследчай установы. Афіцыйны статус з XVI ст. (упершыню ў Оксфардскім універсітэце). У некаторых краінах існуюць пасады ардынарнага (штатнага) і экстраардынарнага (пазаштатнага) прафесара. У шэрагу краін (Аўстрыя, Бельгія, Германія і інш.) прафесарамі называюць не толькі выкладчыкаў універсітэтаў і супрацоўнікаў ВНУ, але і настаўнікаў сярэдняй школы, у ЗША — выкладчыкаў каледжаў.
Тэрмін «прафесар» упершыню пачаў ужывацца ў Рымскай Імперыі (сярэдзіна I ст. да н.э. — канец V ст.), дзе прафесарамі называлі настаўнікаў граматычных школ. Пасля прафесарамі зваліся настаўнікі духоўных школ, а з XII ст. — выкладчыкі ўніверсітэтаў.
У СССР (у навукова-даследчых інстытутах і ВНУ) званне прафесара спачатку прысвойвалі кваліфікацыйныя камісіі народных камісарыятаў. Згодна з Пастановай СНК СССР ад 26 красавіка 1938 г., іх функцыі перададзены Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) СССР. З таго часу званне прафесара прысвойваецца Вышэйшымі атэстацыйнымі камісіямі па прадстаўленню вучоных саветаў ВНУ або навукова-даследчых устаноў:
асобам, якія маюць вучоную ступень доктара навук, навуковыя працы або вынаходкі і выбраныя па конкурсу на пасаду загадчыка кафедры;
высокакваліфікаваным спецыялістам з вялікім вытворчым стажам, якія не маюць вучонай ступені, калі яны паспяхова прапрацавалі на штатнай пасадзе прафесара ў ВНУ не менш за семестр з дня абрання;
выкладчыкам ВНУ (як правіла, кандыдатам навук, дацэнтам), якія займаюць пасаду прафесара па конкурсу, калі яны паспяхова прапрацавалі на гэтай пасадзе не менш за 1 год і маюць вялікі стаж навукова-педагагічнай працы, а таксама друкаваныя навуковыя працы і вучэбна-метадычныя дапаможнікі.
На канферэнцыях міністраў вышэйшай адукацыі еўрапейскіх краін (1967 і 1973 гг.) прынята рашэнне аб усталяванні эквівалентнасці звання прафесара і іншых вучоных званняў і прыступак.
У Расійскай Федэрацыі званне прафесара прысвойваецца, як правіла, ВАК Расійскай Федэрацыі; у пачатку 1990-х гг. налічвалася каля 25 тысяч прафесараў. Аналагічная сістэма ёсць і ў Беларусі, ва Украіне.
Прафесар — гэта выкладчык высокага ўзроўню кампетэнтнасці, які яўляецца экспертам у пэўнай галіне навукі або мастацтва (не ва ўсіх сферах ведаў). У большасці англамоўных краін гэта тытул, прызначаны для навукоўца, які займае кіруючую пасаду (загадчык кафедры, лабараторыі, аддзела, аддзялення і да т.п.), або персанальная пасада, якая прадастаўляецца адмыслова вызначанаму чалавеку. Аднак у ЗША і Канадзе тытул прафесара даецца даволі вялікай групе выкладчыкаў у каледжах (дзе навучаюцца 2-4 гады) і ўніверсітэтах.
У ЗША пасадзе (званню) дацэнта адпавядае тытул «асістэнт-прафесар».
Прафесар у розных краінах — гэта тэрмін з рознымі словамі-прыстаўкамі або прыметнікамі да яго, якія пазначаюць пасады ў навучальных установах або ганаровыя званні. Пасаду «прафесар» можна разглядаць як званне, якое прысвойваецца пры прызначэнні на гэтую пасаду. У большасці краін на еўрапейскім мацерыку (Францыя, Польшча, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Вялікабрытанія, скандынаўскія краіны, краіны Садружнасці нацый) выкарыстанне тытула (звання) «прафесар» прызначана, як правіла, для загадчыка кафедры (аддзелам, лабараторыяй). Аднак пасада прафесара можа быць створана і для канкрэтнага чалавека (напрыклад, прафесар псіхалогіі — Affiliate Professor of Psychology).
Варта адзначыць, што ўніверсітэты ў многіх краінах могуць прысвойваць званне «ганаровы прафесар» вядомым мастакам, спартсменам, замежным чыноўнікам, у якіх няма навуковай або педагагічнай падрыхтоўкі, неабходнай для атрымання тытула (звання) «прафесар». Пры гэтым універсітэты і не мяркуюць, што такія «прафесары» будуць выконваць якую-небудзь навуковую працу.
Для кожнай краіны вызначэнне тэрміна «прафесар» мае свае асаблівасці.
Словник іншомовних слів // за ред. академіка АН УРСР О. С. Мельничука. — Київ, 1985. — С. 691 (укр.);