From Wikipedia, the free encyclopedia
Міхаіл (Міхал, Міхась) Фёдаравіч Дубянецкі (4 сакавіка 1927, в. Востраў, Пінскі павет, Палескае ваяводства, Польская Рэспубліка — 3 верасня 1990, Мінск) — беларускі пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1984). Брат філосафа, палітолага і публіцыста Станіслава Дубянецкага. Бацька паэтэсы Галіны Дубянецкай і філосафа, тэолага Ірыны Дубянецкай.
Міхаіл Фёдаравіч Дубянецкі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 4 красавіка 1927 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 верасня 1990 (63 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Галіна Дубянецкая і Ірына Дубянецкая |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, пісьменнік |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Нарадзіўся 4 красавіка 1927 года ў в. Востраў Пінскага павета Палескага ваяводства Польскай Рэспублікі (цяпер — Пінскі раён, Брэсцкая вобласць)
Вучыўся ў Востраўскай сямігадовай польскай школе, а ў 1938—1939 гадах — у адной з гімназій Познані (Польшча). У верасні 1944 года скончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Пінску і працаваў настаўнікам пачатковых класаў Лемяшэвіцкай няпоўнай сярэдняй школы Пінскага раёна.
У 1945—1951 гадах служыў у арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Пінскім райкаме КПБ (1951—1952). Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1956). У 1956—1961 гадах — загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Ганцавіцкага райкама КПБ, намеснік рэдактара ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда». Адначасова з працай у газеце завочна скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1960) па спецыяльнасці «Журналістыка».
З 1961 года працаваў рэдактарам у выдавецтве «Беларусь», загадчыкам рэдакцыі эканамічнай літаратуры, галоўным рэдактарам выдавецтва «Ураджай». У 1968—1975 гадах — інструктар сектара друку ЦК КПБ. З 1975 года — адказны сакратар-намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У 1979—1986 гадах — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Памёр 3 верасня 1990 года ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках.
З 1964 года выступаў як перакладчык з рускай, польскай і ўкраінскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Д. Граніна, В. Распуціна, С. Жаромскага, Г. Цюцюнніка, зборнік украінскіх апавяданняў, «Блакадная кніга» А. Адамовіча і Д. Граніна, паасобныя творы В. Жукроўскага, С. Мрожака, У. Салаухіна, Ю. Шчэрбака і інш. Ініцыятар стварэння шматтомных выданняў нацыянальнай літаратуры і фальклору, выпуску твораў беларускіх класікаў, замежнай перакладной літаратуры, маладых паэтаў і пісьменнікаў. Абараняў ад чыноўніцкага свавольства і цэнзуры лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў (В. Адамчыка, У. Караткевіча, А. Карпюка, П. Панчанкі, І. Чыгрынава, А. Разанава, Л. Дранько-Майсюка і інш.). У 1982 годзе яму ўдалося дабіцца завяршэння выдання чатырохтомнага збору твораў В. Быкава і ўключэння ў яго раней забароненай ЦК КПСС аповесці «Мёртвым не баліць». Аўтар дакументальна-публіцыстычнага эсэ «„Злое вогнішча“: Да гісторыі выдання аповесці В. Быкава „Мёртвым не баліць“» і мемуараў, апублікаваных (пасмяротна) у часопісах «Полымя» і «Дзеяслоў», а таксама артыкулаў у айчынным і замежным перыядычным друку.
Адзін з пачынальнікаў нацыянальна-дэмакратычнага руху ў Беларусі ў 1980-х — пачатку 1990-х гг. Старшыня гісторыка-мемарыяльнай камісіі Беларускага фонду культуры. У ліпені 1988 года разам з З. Пазняком, А. Лукашуком і іншымі заснаваў «Камітэт-58» (назва паходзіць ад 58-га артыкула Крымінальнага кодэксу РСФСР) з мэтай арганізацыі грамадскага руху па выяўленні сталінскіх злачынстваў супраць беларускага народа. Член Грамадскай рады гісторыка-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі» і Аргкамітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне» (разам з В. Быкавым, З. Пазняком, А. Трусавым і іншымі), утвораных на Усебеларускім устаноўчым сходзе прадстаўнікоў грамадскасці 19 кастрычніка 1988 года. На Устаноўчым з’ездзе, які адбыўся ў Вільні 24—25 чэрвеня 1989 года, абраны сябрам Сойму БНФ.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.