From Wikipedia, the free encyclopedia
Лі́дская раўні́на (літ.: Lydos plynaukštė, Lydos lyguma) — фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, частка Паянямоння.
Знаходзіцца на паўночным захадзе Беларусі, у Воранаўскім і Іўеўскім раёнах, займае большую частку Лідскага і Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці; на паўночным захадзе заходзіць на тэрыторыю Літвы. Плошча каля 4 тыс. км². Працягласць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход 125 км, з поўначы на поўдзень 50 км. Межамі служаць рачныя даліны Бярэзіны на ўсходзе і Котры на захадзе, паўднёвая мяжа праходзіць па Нёманскай нізіне. На поўначы як асобны геамарфалагічны раён выдзяляецца Воранаўская раўніна ў Беларусі і адрозніваецца Эйшышская раўніна (літ.: Eišiškių plynaukštė) у Літве. Вышыні 150—200 м, ваганні адносных вышынь да 5 м[1].
Лідская марэнная раўніна прымеркавана да паўночнай часткі Беларускай антэклізы. Крышталічны фундамент перакрыты пародамі верхняга пратэразою, мелу, участкамі палеагену, антрапагену. У цэнтры, паблізу горада Іўе, крышталічны фундамент знаходзіцца на глыбіні 20-30 м, а на ўсходзе, у межах Валожынскага грабена, яго глыбіня дасягае 250 м. Адклады асадчнага чахла прадстаўлены мелам. У асобных месцах адзначаны палеагенавыя пяскі, а таксама пратэразойскія пяскі, гліны, алеўраліты. Магутнасць антрапагенавых парод у паніжэннях рэльефа дасягае 150—180 м, а на павышэннях скарачаецца да 100 м. У іх ліку пашыраны ледавіковыя і міжледавіковыя адклады беларускага (на поўначы), бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, а ў некаторых месцах паазерскага часу. Сучасны рэльеф створаны сожскім ледавіком, значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час.
Карысныя выкапні: торф, гліны легкаплаўкія, мел і мергель, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок.
Лідская раўніна — спадзіста-хвалістая другасная марэнная раўніна, злёгку нахіленая на поўдзень, да даліны ракі Нёман. Складзеная валуннымі супескамі і суглінкамі, месцамі водна-ледавіковымі пяскамі, у паўднёвай частцы трапляюцца адорвені мелавых, палеагенавых і неагенавых парод. Пераважаюць абсалютныя вышыні 150—200 м. Ваганні адносных вышыняў да 5 м. Паверхня ўскладненая сеткай лагчынаў сцёку, забалочанымі далінамі дробных рэчак і ручаёў, тэрмакарставымі западзінамі. На прыдалінных участках, дзе адносныя вышыні 10-15 м, рэльеф дробнаўвалісты. На водападзелах адзіночныя марэнныя ўзгоркі, радзей камы і озы. Ад г. Шчучын на паўночны ўсход да Ашмянскага ўзвышша цягнецца моцна дэнудаваная паласа асобных марэнных град і ўзгоркаў, выш. да 20 м. Паўночная частка тэрыторыі занята водна-ледавіковай раўнінай паазерскага і сожскага ўзросту. У вярхоўях Жыжмы выдзяляецца забалочаная азёрна-алювіяльная раўніна.
Асноўныя рэкі: Гаўя, Жыжма, Дзітва, Лебяда належаць да басейна Нёмана, Шальча — басейн Мяркіса. У вярхоўі Дзітвы знаходзіцца скразная даліна, якая злучае басейны Нёмана і Мяркіса.
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя глебы на водна-ледавіковых і марэнных супесках, якія падсцілаюцца марэннымі суглінкамі (выкарыстоўваюцца пад ворныя землі), невялікімі ўчасткамі яны трапляюцца на магутных пясках (галоўным чынам занятыя лесам). Дзярновыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, размешчаныя ў плоскіх паніжэннях і лагчынах сцёку, звычайна выкарыстоўваюцца як натуральныя сенажаці і пашы. Да далін рэк прымеркаваны тарфяна-балотныя глебы.
Пад лесам 30 % тэрыторыі. Лясы хваёвыя лішайнікава-кусцікавыя і кусцікава-зеленамошныя, на паўночным усходзе, захадзе і поўдні трапляюцца шыракаліста-хвойныя, з прымессю дуба, граба, клёна, ясеня. Каля Шчучына захаваўся значны масіў дубровы. На паніжэннях невялікія ўчасткі бярозавых і чорнаальховых лясоў.
Лугі пазапоймавыя нізінныя злакавыя і дробнаасаковыя.
Па далінах Гаўі і Дзітвы нізінныя разнатраўна-злакавыя і гіпнава-асаковыя балоты. Найбольшыя масівы: Дакудаўскае балота і Дзітвянскае балота.
Пад ворывам 40 % тэрыторыі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.