У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам
Бранштэйн.
Леў Давідавіч Троцкі (руск.: Лев Давидович Троцкий; псеўданім, таксама: Перо́, Антид Ото, Л. Седо́в, Стари́к і інш. Імя пры нараджэнні Лейба Давідавіч Бранштэйн[5][6][7]; 26 кастрычніка (7 лістапада) 1879, сяло Янаўка, Елісаветградскі павет, Херсонская губерня, Расійская імперыя (цяпер Бераслаўка, Кіраваградская вобласць, Украіна) — 21 жніўня 1940, Каяакан, Мехіка) — дзеяч міжнароднага камуністычнага рэвалюцыйнага руху, практык і тэарэтык марксізму, ідэолаг адной з яго плыняў — трацкізму. Двойчы ссыльны пры манархічным ладзе, пазбаўлены ўсіх грамадзянскіх праў у 1905 годзе. Адзін з арганізатараў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, адзін са стваральнікаў Чырвонай арміі. Адзін з заснавальнікаў і ідэолагаў Камінтэрну, член яго Выканкама. У першым савецкім урадзе — наркам па замежных справах, потым у 1918—1925 — наркам па ваенных і марскіх справах і старшыня Рэўваенсавета РСФСР, потым СССР. З 1923 года — лідар унутрыпартыйнай левай апазіцыі («Новы курс»). Член Палітбюро УКП(б) у 1919—1926 гадах. У 1927 годзе быў зняты з усіх пастоў і адпраўлены ў ссылку; у 1929 годзе — высланы за межы СССР. У 1932 годзе пазбаўлены савецкага грамадзянства. Пасля высылання з СССР — стваральнік і галоўны тэарэтык Чацвёртага інтэрнацыянала (1938). Аўтар прац па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Расіі («Наша рэвалюцыя», «Здраджаная рэвалюцыя»), стваральнік капітальных гістарычных прац па рэвалюцыі 1917 года («Гісторыя рускай рэвалюцыі»), літаратурна-крытычных артыкулаў («Літаратура і рэвалюцыя») і аўтабіяграфіі «Маё жыццё» (1930). Двойчы жанаты, без скасавання першага шлюбу. 20 жніўня 1940 года быў смяротна паранены агентам НКУС Р. Меркадэрам у Мехіка (Мексіка) і памёр на наступны дзень.
Хуткія факты Леў Давідавіч Троцкі, народны камісар[d] ...
Закрыць