Эгейская культура, Крыта-мікенская культура — умоўная агульная назва культур бронзавага веку в-ва Крыт (мінойскай), астравоў Эгейскага мора (кікладскай) і мацерыковай Грэцыі (эладскай, у тым ліку мікенскай).
Дагістарычная Грэцыя (да XXX ст. да н. э.) | |||
Эгейская культура (XXX—XII да н. э.) | |||
Заходнеанаталійская цывілізацыя | |||
Мінойская цывілізацыя | |||
Кікладская культура | |||
Эладская цывілізацыя | |||
Мікенская цывілізацыя | |||
Старажытная Грэцыя (XI — 146 да н. э.) | |||
Цёмныя стагоддзі (XI—IX) | |||
Архаічны перыяд (VIII—VI) | |||
Класічны перыяд (V—IV) | |||
Эліністычны перыяд (IV — 146) | |||
Грэцыя ў складзе Рымскай дзяржавы | |||
Рымская Грэцыя (146 да н. э. — 330 н. э.) | |||
Сярэднявечча і Новы час (330—1832) | |||
Візантыйская Грэцыя (330—1453) | |||
Франкакратыя (1204—1458) | |||
Асманская Грэцыя (1458—1832) | |||
Сучасная Грэцыя (пасля 1821) | |||
Вайна за незалежнасць (1821—1832) | |||
Каралеўства (1832—1924) | |||
Другая Рэспубліка (1924—1935) | |||
Рэжым 4 жніўня (1936—1941) | |||
Другая сусветная вайна (1941—1944) | |||
Грамадзянская вайна (1944—1949) | |||
Пасляваенны час (1950—1967) | |||
Рэжым палкоўнікаў (1967—1974) | |||
Трэцяя Рэспубліка (з 1974) | |||
Тэматычныя артыкулы | |||
Ваенная гісторыя | |||
Грэчаскія імёны | |||
Грэчаская мова | |||
Грэчаская літаратура
|
Узнікла і развівалася ў ІІІ — ІІ тыс. да н.э. (XXX—XII ст. да н.э.). Зведала непасрэдны ўплыў культурных здабыткаў Блізкага Усходу (Старажытны Егіпет), але захавала сваю самабьггнасць; палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё мясцовых протадзяржаў развівалася ў палацавых гаспадарках гарадоў Крыта, Мікенаў, Троі, Піласа і інш. Яе гісторыя паводле вынікаў археалагічных даследаванняў англійскага археолага А. Дж. Эванса падзяляецца на 4 перыяды: раннемінойскі, ці дапалацавы (2600—2000 да н.э.); сярэднемінойскі, ці палацавы (2000—1700 да н.э.); сярэднемінойскі, ці новапалацавы (1700—1400 да н.э.); познемінойскі, ці пасляпалацавы (1400—1150 да н.э.).
Узнікненне гарадоў на Крыце адносіцца да пачатку II тыс. да н. э. Іх жыхары валодалі дастаткова развітымі будаўнічымі прыёмамі, выкарыстоўвалі бронзавыя прылады працы, выраблялі гліняны посуд, ювелірныя ўпрыгажэнні з золата, слановай косці, вырабных камянёў. У пачатку сярэднемінойскага перыяду фарміруюцца буйныя эканамічныя і культурныя цэнтры — Кнос і Фест. Для іх характэрна ўзвядзенне развітых жылых комплексаў, так званых «старых палацаў», дзе ўсе памяшканні групаваліся вакол вялікага двара. У выяўленчым мастацтве складваецца ідэал прыгожага чалавека. Для мужчыны гэта фігура з шырокімі плячамі, дужымі рукамі, тонкай таліяй. Жаночыя вобразы вызначаліся вытанчанасцю і зграбнасцю. Мастацкія творы пачалі стварацца прафесійнымі майстрамі, што адлюстроўваецца ў іх добрым тэхнічным выкананні.
Наступны перыяд, «новапалацавы», пачаўся пасля спусташальнага землетрасення, якое разбурыла практычна ўсе манументальныя помнікі на Крыце. Цяпер на падмурках старых будынкаў узводзяць новыя, значна большыя па памерах, двухпавярховыя, з багатым убраннем інтэр’ераў: у Кносе, Фесце, Маліі, у Ката-Закра, Агія-Трыадзе. Росквіт гаспадаркі і культуры найбольш старажытнай дзяржавы на Крыце адбыўся ў XVII—XVI ст. да н.э.
Сцены выкладваюць з каменных блокаў і цэглы, выкарыстоўваюць драўляныя калоны на каменных базах. Фарміруецца сістэма асвятлення светлавымі калодзежамі. У палацавых комплексах вылучаюцца жылая жаночая частка і групы парадна-прадстаўнічых памяшканняў. Аддзяляюцца збудаванні гаспадарчага прызначэння: склады, кладовыя, майстэрні. Будуюцца відовішчныя пляцоўкі з месцамі для гледачоў. Асаблівасцю архітэктуры палацаў Крыта з’яўляецца адсутнасць умацаванняў вакол іх. Гэта былі важныя цэнтры, у якіх канцэнтравалася палітычнае і рэлігійнае жыццё. Палацы аб’ядноўвалі таксама вытворчыя і гандлёвая сферы. Сумеснай працай многіх пакаленняў архітэктараў, земляробаў, рамеснікаў і рабоў быў пабудаваны суцэльны комплекс прыблізна з 300 памяшканняў — велічны трохпавярховы Кноскі палац, т. зв. Лабірынт. Залы і пакоі Кноскага палаца, знаходзячыся на розных узроўнях, злучаныя лесвіцамі і пераходамі, асветленыя і зацемненыя, стваралі ўражанне рухомасці, зменлівасці, не ўласцівай архітэктуры Старажытнага Усходу. Падобны палац быў у Фесце на поўдні Крыта.
Рэлігіяй крыцян было мнагабожжа: «Вялікая багіня» (захавалася статуэтка багіні, якая трымае змей), Мінатаўр і інш. Жывапіс прадстаўлены фрэскамі («гульня з быком», «кноская парыжанка» і інш.), расфарбаванымі рэльефамі на сценах («цар-жрэц»). У 1953 дэшыфраваны таблічкі лінейнага пісьма XVIII—XI ст. да н.э. (гл. Крыцкае пісьмо).
У Кносе, іншых гарадах Крыта, такіх, як Фера, Малія, Агіа-Трыада, былі выяўлены выдатныя творы дробнай пластыкі. Так, у Кносе ў тайніку знаходзіліся керамічныя статуэткі багінь або жрыц са змеямі, культ якіх, відаць, меў шырокае распаўсюджанне. Фігуры маладых жанчын падкрэслена вытанчаныя, пяшчотныя. Яны пышнагрудыя, у іх тонкія таліі, плаўныя згібы рук і торсаў, мудрагелістыя, высокія галаўныя ўборы. Па-свойму выразныя рэльефы з палаца Агіа-Трыады са сцэнамі барацьбы з быкамі, пластыка на рытуальных сасудах, тэракотавыя і бронзавыя статуэткі.
Разнастайнымі былі творы прыкладнога мастацтва, якія выконвалі рамеснікі крыцкіх гарадоў. Асобнае месца сярод іх займала распісная кераміка. У 1800—1700 г. да н. э. складваюцца адметныя стылі дэкарыравання сасудаў: «камарэс» (назва звязана з месцам першых знаходак у цэнтры Крыта) і «марскі ». Для першага характэрна выкарыстанне маляўнічых зігзагаў, спіраляў, завіткоў, кругоў, буйных разетак як паасобку, так і ў разнастайных спалучэннях. У іх аздобе прасочваюцца гарманічная ўраўнаважанасць буйных элементаў і свабоднага гладкага поля. У «марскім» стылі дамінуючымі былі стылізаваныя выявы малюскаў, рыб, васьміногаў, ракавін, медуз, каралаў, водарасцей. Напрыклад, на вазах з Гурніі і Палекастра (абедзве — каля 1600 да н.э.) паказаны васьміногі, шчупальцы якіх абвіваюць тулавы сасудаў і аб’ядноўваюць у адзіную кампазіцыю намаляваных тут жа іншых марскіх істот, што стварае ўражанне рухомага марскога асяроддзя.
У сярэдзіне II тыс. да н. э. крыцкія гарады былі захоплены плямёнамі, якія прыйшлі з мацерыка, — ахейцамі. Падзенне гэтых буйных цэнтраў старажытнай цывілізацыі, відаць, паскорыў выбух вулкана на востраве Ціра (Сантарын) каля 1450 да н.э.
3 XV—XIV ст. да н. э. цэнтр эгейскай культуры перамяшчаецца на поўдзень сучаснага Балканскага паўвострава — у Мікены, Тырынф, Аргас і Пілас. Аднак пачатак своеасаблівай культуры пелапанескіх гарадоў адносіцца да больш ранняга часу (XVII ст. да н.э.), калі на іх аказвалі моцнае ўздзеянне суседнія крыцкія калоніі. Насельніцтва ўсходняй часткі Пелапанеса складалі грэкі-ахейцы, суровы лад жыцця якіх вызначаўся асаблівай ваяўнічасцю. Відаць, таму іх гарады нагадваюць непрыступныя цытадэлі. Асабліва ўражваюць памеры сцен. Напрыклад, у Тырынфе іх таўшчыня дасягала да 17 м, вышыня — ад 18 да 20 м. Яны былі складзены з каменных блокаў-квадраў вагой ад 5 да 12 т. Унутры іх знаходзіліся галерэі і памяшканні ваеннага прызначэння з несапраўднымі скляпеністымі перакрыццямі. Археолагі, звярнуўшы ўвагу на тэхніку кладкі гэтых умацаванняў, назвалі яе «цыклапічнай». Магутныя сцены пелапанескіх гарадоў далі падставы старажытным грэкам стварыць легенду аб волатах-цыклопах, якія толькі і маглі ўзвесці такія крэпасці. Мікены і Тырынф былі пабудаваны на высокіх пагорках, якія атрымалі назву «акропаль», што азначала «верхні горад».
3 будынкаў Мікен, Тырынфа і Піласа лепш за ўсё вывучаны Піласкі палац. Гэта быў двухпавярховы комплекс з дакладнай сіметрычнай планіроўкай. У ім налічвалася некалькі дзясяткаў памяшканняў — залы параднага і культавага прызначэння, пакоі правіцеля, склады, майстэрні. Меўся таксама арсенал са зброяй. Акрамя ўсяго гэтага палац быў аснашчаны сістэмай водазабеспячэння і каналізацыі. Мікенскі палац, мяркуючы па дадзеных археалагічных раскопак, вызначаўся большай упарадкаванасцю, чым лабірынт у Кносе. Асновай яго была вялікая прамавугольная зала (мегаран) з ачагом пасярэдзіне і тронам правіцеля насупраць уваходу. Перакрыцці залы падтрымлівалі чатыры калоны. Такі тып будынка быў потым узяты грэкамі за аснову культавых збудаванняў.
Аб дойлідстве Тырынфа, Мікен і Піласа можна меркаваць таксама і на падставе пахаванняў, грабніц. Яны вядомы двух тыпаў: высечаныя ў скалістым грунце (шахтавыя магілы) і наземныя купальныя збудаванні (толасы). Самая вядомая грабніца, знойдзеная непадалёку ад Мікенскага акропаля, атрымала назву «Скарбніца Атрэя» па імені легендарнага цара Атрэя, бацькі Агамемнана, правіцеля Мікен (XIV ст. да н.э.). Такі тып пахавання ўзыходзіць да старажытных курганоў-магіл. Яе несапраўдныя скляпенні ўтвараюць кольцы каменных пліт, якія ссоўваюцца да цэнтра, навісаюць адна над адной і зыходзяцца ўверсе. Купал дыяметрам 14,5 м падымаўся на вышыню 13,2 м і быў упрыгожаны буйнымі пазалочанымі бронзавымі разеткамі. Масіўныя, з замкнутай, пазбаўленай натуральнага асвятлення ўнутранай прасторай толасы павінны былі сімвалізаваць замагільны свет, куды трапляў чалавек пасля смерці.
У шахтавых пахаваннях Мікен і Тырынфа знойдзена вялікая колькасць прадметаў побыту, зброі, ювелірных упрыгожанняў, рытуальных сасудаў — рытонаў, пахавальных масак. Большасць з іх — залатыя вырабы, дасканалыя па форме і тэхнічным выкананні. У асобных магілах былі знойдзены залатыя пахавальныя маскі, у якіх аб’ядналіся прыёмы тарэўтыкі і рэльефа. Іх роля заключалася хутчэй за ўсё ў тым, каб устанаўліваць мяжу паміж светам зямным і замагільным. Пры ўсім схематызме і ўмоўнасці выяў у іх рэльефах прасочваецца правобраз будучага скульптурнага партрэта. Шахтныя магілы з мноствам каштоўных рэчаў даследаваны нямецкім археолагам Генрыхам Шліманам.
Суровы, падпарадкаваны мэтам абароны характар архітэктуры Мікен, Тырынфа і Піласа абмежаваў развіццё пластыкі, нават яе манументальных форм. Практычна адзіным такім творам з’яўляецца каласальных памераў рэльефная пліта, змешчаная над брамай, што вяла ў мікенскую крэпасць. У яе трохвугольную прастору ўпісаны выявы двух львіц, якія пярэднімі лапамі абапіраюцца на падножжа калоны. Іх дужыя целы і грозныя позы павінны былі атаесамлівацца з вобразам пільных вартавых, што ахоўваюць уваход у горад, сімвалізаваць царскую веліч і магутнасць правіцеляў. Верагодна падобная пліта, але з выявамі іншага, сакральнага зместу знаходзілася ў «Скарбніцы Атрэя», аб чым сведчыць свабодная трохкутная прастора над уваходам у яе.
Насценныя роспісы грэчаскіх палацаў маюць многа агульнага з жывапісам мінойскіх гарадоў. Аднак пры знешнім падабенстве сюжэтаў відавочны зусім іншыя адносіны да выяўлення і ацэнкі з’яў рэчаіснасці. Для кампазіцый характэрны завершаныя формы, сілуэтнасць, падкрэсленая дэкаратыўнасць, у вядомым сэнсе — схематычнасць. Іх вылучае рацыяналістычнасць трактовак, гэта прасочваецца нават у абранні сюжэтаў — сцэн паляванняў, баёў, урачыстых працэсій. Асабліва многа такіх выяў знойдзена ў палацы Тырынфа, тут яны не толькі знаходзіліся на сценах мегарана, але і ўтваралі дэкаратыўную аздобу падлогі.
Яшчэ адным цэнтрам старажытнай эгейскай цывілізацыі была Троя. Рэшткі гэтага горада знойдзены ў паўночна-заходняй частцы Малой Азіі. Знаходкі археолагаў дазваляюць параўноўваць мастацтва Троі з Мікенамі і Тырынфам. Паміж імі было многа агульнага — тая ж стрыманасць І суровасць архітэктуры, падобныя тыпы будынкаў, высокі ўзровень выканання дэкаратыўна-прыкладных твораў, невялікая колькасць скульптурных выяў.
На мяжы XIII—XII ст. да н.э. Крыта-мікенская культура і яе цывілізацыя перасталі існаваць пад ударамі плямён дырыйцаў. У сярэдзіне XIII ст. да н.э. на тэрыторыі Балканскага паўвострава адбыліся вялікія ваенныя дзеянні. Ахейскія плямёны разбурылі Трою, а ў хуткім часе плямёны дарыйцаў, іанійцаў, эалійцаў пакарылі Мікены, Тырынф, Пілас, захапілі Эгейскія астравы, дасягнулі Малаазіяцкага ўзбярэжжа. Гэта нанесла вялікі ўрон культуры. Былі страчаны прыёмы будаўніцтва, забыты тэхналогіі апрацоўкі металаў, навыкі пісьма, разбурана дзяржаўная структура мінойскага грамадства.
Нягледзячы на спусташэнні, культурная спадчына Крыта-Мікенскага свету стала асновай, на якой атрымала развіццё мастацтва Старажытнай Грэцыі, перш за ўсё ў так званыя «цёмныя стагоддзі» (XI—IX ст. да н.э.). Тады складваецца агульнагрэчаскі пантэон багоў, з’яўляецца міфалогія, выпрацоўваецца адзіная мова — фарміруюцца перадумовы мастацтва архаікі. Аб «цёмных стагоддзях» вядома толькі па творах Гамера, у якіх пераплятаюцца рэальныя гістарычныя падзеі і міфы.
Гл. таксама
Літаратура
- Корзун М., Равяка К. Крыта-мікенская культура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.