From Wikipedia, the free encyclopedia
Ко́дэксы ма́я (юкатэк. pik hu'un) — іерагліфічныя рукапісы цывілізацыі мая. Тэхнічна маянскі кодэкс уяўляе сабой складзеную ў выглядзе гармонікі паласу месаамерыканская паперы («аматль», на мове юкатэка huun), вырабленай з луба расліны аматэ (Ficus insipida). Складкі гармонікі — асобныя «старонкі» — маглі быць пакрыты выявамі і надпісамі з пярэдняга і адваротнага боку, абарот часам не запаўнялі тэкстам і малюнкамі. Тэксты не прызначаліся для чытання падрад, структурна яны дзяліліся на тэматычныя блокі. Змястоўна захаваныя кодэксы мая з’яўляюцца жрэцкімі трэбнікамі (тэрмін Ю. В. Кнарозава), якія прысвечаны рытуалу, астраноміі і астралогіі, прароцтвам і варажбітным практыкам, разліку сельскагаспадарчых і каляндарных цыклаў. З іх дапамогай жрацы тлумачылі з’явы прыроды і дзеянні боскіх сіл і праводзілі рэлігійныя абрады. Кодэксы былі прадметам паўсядзённага жрэцкага ўжытку і нярэдка змяшчаліся ў магілу пасля смерці ўладальніка. Традыцыя кодэксаў працягнулася ў каланіяльную эпоху ў хроніках і так званых зборніках «Чылам Балам» (запісаных лацініцай), у якіх прысутнічаюць усе пералічаныя тэмы, а таксама ўтрымліваюцца гістарычныя звесткі. Лексіка, граматыка і структура гістарычных тэкстаў прама суадносяцца з афіцыйнымі надпісамі мая класічнага перыяду, вядомымі з эпіграфікі.
Тэхналогію вытворчасці аматля індзейцы мая распрацавалі каля V стагоддзя, упершыню ў гісторыі Месаамерыкі. У Цэнтральнай Мексіцы аж да іспанскага заваявання для кніг выкарыстоўвалася вырабленая скура ягуара, аленя ці ламанціна. Усе кодэксы мая, якія дайшлі да нашых дзён, выраблены прыкладна ў XI—XIV стагоддзях, аднак у пахаваннях класічнага перыяду археолагі выяўляюць рэшткі кніг-кодэксаў у выглядзе зліплай масы з фрагментамі фарбы; на сёння не існуе тэхналогіі іх прачытання.
Мяркуючы па паведамленнях іспанскіх храністаў, яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя існавалі вялікія жрэцкія і ўрадавыя бібліятэкі, аднак іх знішчалі канкістадоры і каталіцкія місіянеры. Найбуйнейшае кніжнае аўтадафэ правёў у Мані ў 1562 годзе біскуп Юкатана Дыега дэ Ланда, тады былі спалены 27 рукапісаў. У адносна цэлым выглядзе к XIX стагоддзю захаваліся толькі тры кодэксы мая, названыя па гарадах, дзе яны захоўваюцца (Дрэздэнскі — адзіны, які захаваўся цалкам, Парыжскі і Мадрыдскі).
У 1971 годзе было абвешчана аб існаванні чацвёртага маянскага дакумента — Кодэкса Гралье, як мяркуецца, знойдзенага ў пахаванні ў Ч’япасе, але адносна яго сапраўднасці вядуцца дыскусіі. Захаваныя кодэксы мая прыцягнулі ўвагу даследчыкаў яшчэ ў XIX стагоддзі, неаднаразова перадрукоўваліся і сталі матэрыялам, на аснове якога Юрый Кнарозаў у 1950-я гады расшыфраваў пісьмо мая. Поўны пераклад усіх чатырох рукапісаў мая на рускую мову быў надрукаваны ў 1975 годзе. У 1999 годзе ў Мексіцы быў апублікаваны «Кампендыум Шкарэт», у якім утрымліваўся пераклад трох кодэксаў на іспанскую мову, каталог іерогліфаў з чытаннем і даследчыя матэрыялы Ю. В. Кнарозава.
Пра пісьмовую традыцыю мая вядома вельмі мала: нягледзячы на тое, што амаль 90 % тэкстаў мая могуць быць прачытаны, дагэтуль няма зводнага слоўніка іерагліфічнае мовы, навуцы не вядома значэнне каля 25 % пісьмовых знакаў. Наяўныя пісьмовыя крыніцы даіспанскага і каланіяльнага перыяду ўтрымліваюць толькі адрывачныя дадзеныя. Гісторыкі Месаамерыканскіх пісьмовых культур вымушаны звяртацца да рэканструкцыі і ўскосных крыніц: этнабатанічнага аналізу, малюнкаў на каменных стэлах і керамікі і т. д.[1]
З канца ХХ стагоддзя ў маянскіх пахаваннях на тэрыторыі Мексікі і Гватэмалы сталі выяўляць спарахнелыя рэшткі кніг, пакладзеных у адну магілу з іх прыжыццёвымі ўладальнікамі. Пры раскопках у Эль-Мірадоры былі выяўлены дзве магілы прадстаўнікоў знаці раннекласічнага перыяду, датаваныя прыкладна 450-мі гадамі. Там і былі знойдзены найстаражытнейшыя маянскія кодэксы, прычым вырабленыя не толькі з аматэ, але і з апрацаванай скуры, паходжанне якой не ўдалося ўстанавіць. Рукапісы цалкам спарахнелі і набраліся вапнай, крышталі якой працялі тое, што засталося ад складзеных лістоў. Аналагічныя знаходкі былі зроблены пры раскопках пахаванняў у Уашактуне, Гуайтане, Сан-Агусцін-Акасагуастлане і Небахе (Гватэмала), у Алтун-Ха ў Белізе і Капане ў Гандурасе. Кнігі з Уашактуна і Алтун Ха адносяцца да ранняга класічнага перыяду, у Небахе і Капане — позняга класічнага, у Гуайтане — ранняга посткласічнага. У Капане быў знойдзены склеп з багатым інвентаром — вялікай колькасцю размаляванай керамікі і скульптуры, касцяных і нефрытавых вырабаў. Акрамя рэштак кодэксаў, быў знойдзены і посуд з пігментамі. Гэта дазволіла ідэнтыфікаваць пахаванага як пісца высокага рангу [1]. Ні адна са спроб раскрыць кодэксы не мела поспеху: пісчы матэрыял спарахнеў і спрасаваўся ва ўмовах высокай вільготнасці; сярод праху выразна бачныя рэшткі мінеральных пігментаў. На думку Т. Уайтынга, гэтыя рэшткі ўжо ніколі не будуць прачытаны, хоць археолагі і захоўваюць іх[2].
К пачатку іспанскага заваявання ў мая была вялікая колькасць кодэксаў. У асноўным гэта былі жрэцкія трэбнікі, якія меліся ва ўсіх гарадах і нават паселішчах. Іменна гэта тлумачыць, што рэпертуар захаваных кодэксаў імі і абмяжоўваецца. Упрыгожаныя трэбнікі траплялі ў выглядзе трафея да іспанскіх заваёўнікаў і далей перапраўляліся ў Еўропу сярод іншай ваеннай здабычы і «дзівосаў» Новага Свету[3].
Рытуальныя тэксты ствараліся пад непасрэдным кіраўніцтвам вярхоўнага жраца. У перыяд гегемоніі Маяпанскай лігі гэта пасада была спадчыннай і ўтрымлівалася родам Ах Май. У далейшым кожны горад-дзяржава меў уласнага вярхоўнага жраца. Трэбнікі, відаць, перыядычна абнаўляліся ў адпаведнасці з рэлігійна-палітычнай кан’юнктурай; выпраўлены эталонны варыянт капіраваўся і распаўсюджваўся сярод радавога жрэцтва. Характэрна, што памерлых жрацоў працягвалі хаваць разам з іх рукапісамі[3]. Памеры бібліятэк, верагодна, былі значнымі і супастаўнымі з культурамі Старога Свету. Алонса дэ Сарыта пісаў, што ў 1540 годзе ён бачыў у гарах Гватэмалы «мноства рукапісаў, якія апісваюць гісторыю мясцовых індзейцаў за перыяд, які перавышае восемсот гадоў», якія перакладалі для яго самыя старыя людзі[4].
Калі пачалася канкіста, каталіцкія місіянеры распрацавалі лацінскі алфавіт для мовы юкатэка і стварылі пры манастырах своеасаблівыя інтэрнаты для выхавання новага пакалення індзейскай арыстакратыі ў духу новых каштоўнасцей і еўрапейскай культуры[5]. Дакалумбава кніжная культура пасля стварэння друкарань у Мексіцы (1528) зусім не аказвала ўздзеяння на новае інфармацыйнае асяроддзе[1]. Усяго захавалася 22 дакалумбавы кодэксы (усіх народаў — мая, ацтэкаў, міштэкаў) і яшчэ 50 было створана ў час канкісты ці адразу пасля яе заканчэння[6].
Сучасныя даследчыкі падкрэсліваюць, што маштабы знішчэння пісьмовых помнікаў місіянерамі ў вядомай ступені перабольшаныя. Для культуры мая знакавым лічыцца аўтадафэ 12 ліпеня 1562 года ў Мані, учыненае епіскапам Дыега дэ Ландай. Падставай для яго сталі звесткі аб адпадзенні нядаўна хрышчаных індзейцаў у язычніцтва і аб сумяшчэнні традыцыйных рэлігійных абрадаў з хрысціянскімі. Так, у 1561 годзе ў Мані было раскрыжавана немаўля, гэта значыць, па традыцыйных уяўленнях, адпраўлена з пасланнем да вышэйшых сіл, у дадзеным выпадку — да хрысціянскага Бога[7]. Згодна з паведамленнем езуіта Дамінга Радрыгеса, на гэтым аўтадафэ місіянеры знішчылі каля 5000 розных «ідалаў», 13 каменных алтароў і 27 меншых камянёў з выявамі, 197 сасудаў з малюнкамі і 27 рукапісаў на аленевай скуры[8]. Зрэшты, знішчэнне рукапісаў практыкавалася і раней. Дэ Ланда згадваў, што ў 1541 годзе пасля ўзяцця горада Ціха місіянеры выявілі, што:
Гэтыя людзі ўжывалі таксама пэўныя знакі (caracteres) ці літары (letras), якімі яны запісвалі ў сваіх кнігах свае старажытныя справы і свае навукі. Па іх, па постацях і некаторых знаках (senales) у постацях яны даведваліся свае справы, паведамлялі іх і навучалі. Мы знайшлі ў іх вялікую колькасць кніг гэтымі літарамі і, паколькі ў іх не было нічога, у чым не мелася б забабон і хлусні дэмана, мы іх усе спалілі; гэта іх надзвычайна засмуціла і прычыніла ім пакуты[9].
Пасля ўсталявання іспанскага каланіяльнага рэжыму граматныя індзейцы перайшлі на лацінскую пісьменнасць; як мяркуецца, ужо к пачатку 1600 гадоў іерагліфічная традыцыя канчаткова спынілася[1]. Вывучаць познія тэксты мая вельмі цяжка, усе наяўныя пераклады больш-менш прыблізныя і ў многіх месцах моцна разыходзяцца адзін з адным[10]. Жрацы мая, перайшоўшы на лацініцу, не раздзялялі слоў і не выкарыстоўвалі пунктуацыю. Калі перапісчык не разумеў сэнсу тэксту, ён мог дзяліць словы і фразы ў адвольным парадку, а асаблівасці ладу мовы прыводзілі да злучэння слоў. Акрамя таго, асобным гукам мовы мая не было адпаведнікаў у іспанскай і лацінскай мовах, пісцы пры адсутнасці арфаграфічнай нормы пазначалі іх рознымі спалучэннямі лацінскіх літар, прычым іх гучанне невядома[11]. Дыега дэ Ланда пісаў пра гэта так:
[Манахі] навучыліся чытаць і пісаць на мове індзейцаў і склалі такую граматыку, якая вывучалася, як лацінская. Аказалася, што яны не ўжываюць 6 нашых літар, а іменна: D, F, G, Q, R, S, у якіх не было ніякай патрэбы. Але яны вымушаны былі падвойваць і дадаваць іншыя, каб адрозніваць розныя значэнні некаторых слоў…[12]
У пачатку XVII стагоддзя і ў наўа-, і ў маямоўных рэгіёнах Новай Іспаніі назіраўся ўсплёск літаратурнай актыўнасці нашчадкаў індзейскай знаці, прычым і на іспанскай, і на мясцовых мовах. Ва ўмовах перабудовы сацыяльнай структуры і скарачэння абарыгеннага насельніцтва, правіцелі-касікі сталі губляць традыцыйныя правы і прывілеі. Адказам стала вялікая колькасць дакументаў, у якой даказвалася высакароднасць паходжання і пералічваліся паслугі, некалі аказаныя канкістадорам продкамі просьбітаў. Нярэдка такія тэксты з’яўляюцца адзінымі крыніцамі, якія асвятляюць велізарныя перыяды ў гісторыі Ч’япаса і Табаска, а таксама Юкатана і Гватэмалы. Пасля расшыфроўкі іерагліфічных надпісаў класічнага перыяду выявілася, што змест, сінтаксічны лад, граматыка, тэрміналогія афіцыйных гістарычных і жрэцкіх тэкстаў часта блізкія познім тэкстам XVI—XVII стагоддзяў. Яркім прыкладам з’яўляюцца «Архіў Пашбалон — Мальданада»[13], «Хроніка з Чык Шулуб Ч’ен»[14] і «Летапіс Какчыкеляў»[15].
Гэтаму працэсу знаходзіцца прамая аналогія ў Цэнтральнай Мексіцы, дзе на мяжы XVI—XVII стагоддзяў тварыў Фернанда дэ Альва Іштлільшочытль, які спрабаваў сумясціць храналогію мексіканскай гісторыі з агульнаеўрапейскай і ўбудаваць гісторыю Мексікі ў сусветную, бо
…падзеі, якія адбыліся ў гэтым Новым Свеце, не менш значныя, чым дзеі рымлян, грэкаў, мідзійцы і жыхароў іншых язычніцкіх дзяржаў, якія заслужылі славу ва ўсім Сусвеце…[16]
У перапрацаваным выглядзе іерагліфічныя рукапісы мая сталі асновай зборнікаў «Чылам Балам», узыходзячых да традыцыйных жрэцкіх трэбнікаў класічнай і посткласічнай эпох, хоць і перапісаных лацініцай[5]. Змест іх хаатычны, яны ўключаюць прарочыя, медыцынскія, астралагічныя і гістарычныя тэксты. Рукапісы, якія захаваліся, ствараліся ў XVI—XVII стагоддзях і дайшлі да нас у выглядзе пазнейшых спісаў, мова якіх дэманструе адрозненні ад класічнай. У гэтым плане вылучаецца рукапіс так званага «Рытуалу Бакабаў», які ўключае 42 загаворы супраць хвароб. Там ад выпадку да выпадку згадваюцца Бог Айцец, Ісус Хрыстос, Адам, але часцей — старажытныя божаствы. Мова гэтага дакумента вельмі архаічная, у дадатак назвы лекавых сродкаў табуіраваны і перададзены іншасказаннямі; іерагліфічная першакрыніца іх несумненная[17]. У пачатку XIX стагоддзя такія кнігі існавалі амаль у кожным індзейскім паселішчы, аднак у выніку Юкатанскай вайны рас мноства дакументаў было знішчана карнікамі[18].
У рукапісе Чылам-Балама з Чумаеля прыводзіцца эпічная «Песня Іца» — адзін з нямногіх помнікаў паэзіі мая. Яна ўнікальная тым, што з’яўляецца адзіным маянскім дакументам каланіяльнай эпохі, у якім даты прыведзены па «доўгім ліку» класічнай эры, што з’яўляецца доказам аўтэнтычнасці і старажытнасці тэксту[19]. Прарочыя тэксты з рукапісаў «Чылам-Балама» пабудаваныя на паэтычнай аснове: прысутнічае паралелізм будовы фраз і рытмічнасць, якая звычайна не перадаецца ў перакладзе на іншыя мовы (у прыватнасці, на рускую і англійскую), і вялікая перагружанасць міфалагічным вобразамі[20]. Характэрна, што лексіка і граматыка гэтых тэкстаў моцна адрозніваецца ад лексікі і граматыкі гутарковай мовы мая XVI—XVII стагоддзяў (у прыватнасці, рукапіснага «Слоўніка з Матуля»), вывучанага іспанскімі місіянерамі[18].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.