Архікафедральны сабор Святога Станіслава (Вільнюс)
сабор у Вільнюсе, Літва From Wikipedia, the free encyclopedia
сабор у Вільнюсе, Літва From Wikipedia, the free encyclopedia
Кафедральны сабор Святога Станіслава і Святога Уладзіслава ў Вільні — рымска-каталіцкі кафедральны сабор Вільнюскай архідыяцэзіі-мітраполіі, яму прысвоены ганаровы статус «малой базілікі». Размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Вільнюса ля падножжа Замкавай гары. Побач знаходзіцца вежа-званіца. Сабор у цяперашнім выглядзе ўяўляе прыклад архітэктуры класіцызму.
Каталіцкі храм | |
Кафедральны сабор Святога Станіслава і Святога Уладзіслава | |
---|---|
Švento Stanislovo ir Švento Vladislovo arkikatedra bazilika | |
| |
54°41′09,20″ пн. ш. 25°17′16,36″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Літва |
Горад | Вільнюс |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Архідыяцэзія Вільнюса |
Благачынне | Вільнюскі дэканат I |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Архітэктар | Лаўрын Гуцэвіч |
Дата заснавання | 1387 |
Будаўніцтва | 1783—1801 гады |
Рэліквіі і святыні | мошчы святога Казіміра |
Матэрыял | цэгла |
Сайт |
katedra.lt (літ.) katedra.lt/en/ (англ.) katedra.lt/pl/ (польск.) katedra.lt/de/ (ням.) katedra.lt/fr/ (фр.) katedra.lt/it/ (італ.) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Хрысціянскі храм быў збудаваны на месцы язычніцкага свяцілішча ў XV стагоддзі. Мяркуецца таксама, што храм быў заснаваны вялікім князем літоўскім Міндоўгам (каралём літоўскім з 1223 года), пасля яго хрышчэння (1251). З вяртаннем Міндоўга ў язычніцтва пасля 1261 года сабор быў разбураны, з рэштак была зноў збудавана язычніцкае капішча.
З хрышчэннем Літвы ў 1387 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ягайла, прыбыўшы з вялікай світай з Кракава ў Вільну, разбурыў язычніцкі храм і заклаў на яго рэштках хрысціянскі храм Святога Станіслава.
Храм неаднаразова цярпеў ад пажараў (1399, 1419, 1530, 1539, 1542 і пазней). Сабор адбудоўваўся і пашыраўся пры падтрымцы вялікага князя літоўскага Вітаўта. У капліцы Святога Міхаіла Архангела, пабудаванай пры новым храме ў гатычным стылі, былі пахаваны жонка Вітаўта Ганна Святаславаўна (1418) і Вітаўт (1430).
Пры саборы ўзводзіліся капліцы (капэлы) Мантвідаўская (1423), Гаштольдаўская (1436), Кезгайлаўская (1436), Каралеўская (1474) і іншыя. Пры перабудове ў 1522 годзе пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара Ануса (Annus) на суседняй вежы Ніжняга замка была пабудавана званіца.
Пасля пажару 1530 года аднаўленнем з 1534 гады кіравалі італьянцы — спачатку Бернарда Занобі да Джаноці (Bernardo Zanobi da Gianotti), затым Джавані Чыні з Сіены (Giovani Cini di Siena). З завяршэннем шчодра аплачаных Жыгімонтам Аўгустам прац (1557) сабор набыў рысы архітэктуры рэнесансу.
Пасля пажару 1610 года аднаўленне сабора пад кіраўніцтвам архітэктара Вільгельма Поля (Pohl) працягвалася да 1623 года. У паўднёва-ўсходнім вуглу храма ў 1623—1636 гадах клопатам Жыгімонта III Вазы (пасля яго смерці — Уладзіслава IV Вазы) была прыбудавана капэла Святога Казіміра, кананізаванага ў 1603 годзе.
Капэлу дэкараваў італьянскі архітэктар і скульптар Канстанціна Тэнкала (Constantino Tencalla), аўтар знакамітай калоны Зыгмутаўскай у Варшаве. Мяркуецца, што Тэнкала таксама аўтар мемарыяльнай табліцы ў памяць заснавання капэлы Святога Казіміра, прымацаванай на вонкавай сцяне капэлы і датаванай 1636. Табліцу ўпрыгожвае шчыт з гербам Рэспублікі Абодвух Народаў — польскі Арол і вялікалітоўская Пагоня. Унутранае ўбранне капэлы з выкарыстаннем граніту і мармуру змянялася, формы ранняга барока захоўваліся. Капэлу Валовічаў у паўночнай частцы сабора рэканструяваў у стылі барока П. Данкерс дэ Ры (Dankers).
Пасля маскоўскага нашэсця (1655—1661) аднаўленне і перабудову праводзіў да 1666 архітэктар Ян Вінцэнт Сальведэр (Salveder).
Новы рамонт запатрабаваўся пасля шведскага нашэсця (1701—1702).
У 1769 годзе паўднёвая вежа, пабудаваная Сальведэрам па вуглах фасада, абрынулася, разбурыўшы скляпенні суседняй капэлы. Шэсць ксяндзоў, якія знаходзіліся ў ёй, загінулі.
У 1782 годзе пачалася перабудова сабора па праекце архітэктара, прафесара Віленскага ўніверсітэта Лаўрына Гуцэвіча (1753—1798). Па яго праекце захоўваліся каштоўныя элементы архітэктуры сабора, будынак здабыў формы класіцызму. Для сіметрыі з капэлай Святога Казіміра ў паўночна-ўсходнім вуглу прыбудавана новая сакрысція з купалам. Радыкальна зменены галоўны заходні фасад: збудаваны па вуглах дзве новыя капэлы і порцік з шасцю калонамі дарычнага ордара. Старыя і новыя капэлы аб'яднаны новымі вонкавымі сценамі і агульным дахам. Калоны ўздоўж бакавых фасадаў злучаюць будынак у адно цэлае. У захаванай унутранай структуры нанова дэкараваны скляпенні нефаў.
Пасля смерці Гуцэвіча (1798) працы працягнуў прафесар Віленскага ўніверсітэта Міхал Шульц (Michał Szulc, Mykolas Šulcas), завяршыўшы іх у 1801 годзе. Будынак набыў выгляд, які захаваўся да нашых дзён.
З той пары над фасадам узвышаліся тры статуі: пасярэдзіне Святая Алена з пазалочаным крыжам, злева Святы Станіслаў, справа Святы Казімір. Па малюнках Францыска Смуглевіча і ўказаных Л. Гуцэвічам памерах іх у 1786-1791 гадах стварыў скульптар Караль Ельскі.
У нішах фасада ўсталяваны выкананыя італьянскім скульптарам Тамаза Рыгі (Tommaso Righi) фігуры чатырох евангелістаў, над імі і над галоўным уваходам чатыры барэльефы са сцэнамі дзеянняў апосталаў: сашэсце Святога Духа, вылячэнне кульгавага, пропаведзь Святога Пятра, вылячэнне Святым Паўлам хворага, смерць Ананіі і Сапфіры. Тымпан франтона ўпрыгожвае вялікая кампазіцыя, якая адлюстроўвае ахвярапрынашэнне Ноя. У нішах па абодва бакі порціка ўсталяваны вялікія скульптуры Майсея і Аўраама. Барэльефы і скульптуры створаны ў 1785—1791 гадах.
У нішах бакавых порцікаў знаходзяцца гіпсавыя скульптуры працы Казіміра Ельскага (Kazimierz Jelski) — з паўднёвага боку — сямі каралёў дынастыі Ягелонаў, з паўночнага — пяці святых ордэны езуітаў. Статуі святых езуітаў былі перанесены сюды ў 1832 з езуіцкага касцёла Святога Казіміра, зачыненага пасля паўстання 1830—1831 і затым ператворанага ў праваслаўны кафедральны сабор Святога Мікалая.
Невялікія дадаткі рабіліся архітэктарам Каралем Падчашынскім у 1837—1838 гадах.
У 1857—1859 гадах у саборы быў змантаваны арган, перанесены з Аўгусцінскага кляштара. У 1889 у саборы вядомым майстрам Юзафам Радовічам (Józef Rodowicz, Juozapas Radavičius) быў пабудаваны новы арган[1].
Рамонтна-аднаўленчыя працы, якія суправаджаюцца даследаваннямі, праводзіліся ў 1931—1939 гадах і пасля паводкі 1931 года. Яны закранулі перш за ўсё падмуркі і падзямеллі.
У кафедральным саборы ўрачыста каранаваліся вялікія князі літоўскія ад Вітаўта да дзесяцігадовага Жыгімонта Аўгуста. У 1919 годзе тут адбылося ўрачыстае набажэнства — інаўгурацыя Універсітэта Стэфана Баторыя. У 1927 годзе прайшла ўрачыстая каранацыя цудатворнага абраза Маці Божай Астрабрамскай (у якой бралі ўдзел Юзаф Пілсудскі і прэзідэнт Польскай Рэспублікі Ігнацый Масціцкі (Mościcki).
Падчас Другой сусветнай вайны і ў 1944—1946 гадах у саборы праводзіліся набажэнствы. Пазней савецкія ўлады зрабілі ў ім склад. У 1950 годзе з даху сабора былі зняты і знішчаны статуі святых. З 1956 года ў саборы дзейнічала Карцінная галерэя Мастацкага музея. У галерэі па нядзелях праходзілі канцэрты арганнай музыкі. Першы канцэрт адбыўся 19 мая 1963 года ў капліцы Св. Казіміра, дзе стараннямі арганіста Леапольдаса Дыгрыса і дырэктара галерэі Вітаўтаса Печуры быў усталяваны невялікі арган-пазітыў вядомай нямецкай фірмы «Александэр Шуке». Затым канцэрты былі перанесены ў вялікую залу. З 1966 традыцыяй стала праводзіць стары год выкананнем 31 снежня «Развітальнай сімфоніі» Гайдна. Пасля рамонту аргана ў вялікай зале (самы вялікі ў той час арган у Літве), праведзенага спецыялістамі фірмы «Александэр Шуке», увосень 1969 адбыліся канцэрты адкрыцця аргана: 15 лістапада — прафесары Вольфганга Шэтэліха, 16 лістапада — Леапольдаса Дыгрыса. Сярод тых, хто выступаў у Карціннай галерэі — арганісты Літвы (Бернардас Васіляўскас, Конрадас Кавяцкас, Гядзімінас Квікліс, Гедрэ Лукшайтэ і іншыя), Расіі (Ісая Браўда, Наталля Гурэева, Сяргей Дыжур і іншыя), Францыі (Жан Гію і іншых краін)[1].
У 1985 годзе ўлады дазволілі штотыднёвыя набажэнствы ў саборы, які заставаўся Карціннай галерэяй. 5 лютага 1989 года адбылося асвячэнне вернутага цэрквы храма. 4 сакавіка 1989 у сабор былі ўрачыста перанесены мошчы Святога Казіміра, якія захоўваліся ў касцёле Святога Пятра і Паўла. У кастрычніку 1989 года храм быў урачыста адкрыты.
У 1993 годзе былі адноўлены скульптуры на фасадзе сабора (скульптар Станісловас Кузма). З 1993 годзе ва ўрачыстасцях інаўгурацыі прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі пасля прынясення прысягі ў Сейме і ваеннага парада ідзе ўрачыстае набажэнства з удзелам прэзідэнта, які ўступіў на пасаду, і яго світы і асвячэнне прэзідэнцкага штандара.
4 верасня 1993 года Папа Рымскі Ян Павел II малітвай у кафедральным саборы пачаў апостальскі візіт у Літву (4 верасня—8 верасня 1993).
Асобна ад сабора стаіць чатырох'ярусная званіца (XVI—XVIII стагоддзяў) вышынёй 57 м збудаваная на вежы Ніжняга замка.
У першай чвэрці XVI стагоддзя італьянскі архітэктар Анус (Annus) на абарончай круглай вежы надбудаваў два васьмівугольныя ярусы для званоў. Верхні ярус збудаваны ў канцы XVI стагоддзі і пазней прыстасаваны для гадзінніка. Ніжняя круглая частка адносіцца да готыкі, у двух сярэдніх ярусаў ёсць рысы барока, чацвёрты ярус выкананы ў стылі класіцызму.
У XVII—XIX стагоддзя званіца з-за пашкоджанняў у войнах і пажарах неаднаразова перабудоўвалася. Напачатку XIX яна была пакрыта бляхай і ўвянчана шпілем (8 м) з пазалочаным шарам і крыжам (5 м).
Вежавы гадзіннік выраблены ў канцы XVII стагоддзя. Механізм рэканструяваўся ў 1803 годзе. Чатыры цыферблаты (дыяметр 2 м) маюць толькі гадзіннікавую стрэлку. Вобад цыферблатаў, лічбы і стрэлка пазалочаныя.
Звон, які адбівае гадзіны, адліты ў 1673 годзе. Меншы звон, які адбівае чвэрці, адліты ў 1758 годзе.
Званіца рамантавалася ў 1965 годзе. У 1967 годзе на званіцы былі ўсталяваны 17 званоў рознай велічыні, на якіх вызвоньвалі мелодыі падчас святаў і паўдзённы сігнал літоўскага радыё.
У званіцы размяшчаўся дыспетчарскі пункт Вільнюскага бюро падарожжаў і экскурсій.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.