From Wikipedia, the free encyclopedia
«Капітан Амерыка: Грамадзянская вайна» (англ.: Captain America: Civil War) — супергеройскі баявік вытворчасці Marvel Studios і дыстрыбуцыі Walt Disney Studios Motion Pictures. Трэці фільм пра прыгоды персанажа коміксаў Marvel Капітана Амерыка, які з’яўляецца сіквелам фільма «Капітан Амерыка: Зімовы салдат» і трынаццатай па ліку карцінай кінематаграфічнага сусвету Marvel. Рэжысёрамі фільма выступілі браты Энтані і Джо Русо, а Крыстафер Маркус і Стывен Мак-Філі былі прызначаны за сцэнарыстаў. У галоўных ролях — Крыс Эванс, Роберт Даўні-малодшы, Скарлет Ёхансан, Себасціян Стэн, Энтані Макі, Эмілі Ванкэмп, Дон Чыдл, Джэрэмі Рэнер, Чэдвік Боўзман, Пол Бетані, Элізабет Олсен, Пол Рад, Фрэнк Грыла, Даніэль Бруль і Уільям Хёрт. У фільме «Капітан Амерыка: Грамадзянская вайна» Капітан Амерыка і яго Мсціўцы працягваюць абараняць свет, аднак пасля таго, як урад настаяў на законе аб рэгуляванні дзейнасці звышлюдзей, каманда падзялілася на два лагеры, адзін з якіх узначаліў Капітан Амерыка, а другі — Жалезны чалавек.
Праца над фільмам «Капітан Амерыка: Грамадзянская вайна» пачалася ў 2013 годзе, калі Маркус і Мак-Філі пачалі пісаць сцэнарый, абапіраючыся на абмежаваную серыю 2006 года Грамадзянская вайна аўтарства Марка Мілара і Стыва Мак-Нівена . Браты Русо былі запрошаны ўзначаліць праект пасля поспеху фільма «Капітан Амерыка: Зімовы салдат». Афіцыйную назву фільма абвясцілі ў кастрычніку 2014 года. Таго ж дня стала вядома пра ўдзел Даўні-малодшага, на працягу некалькіх месяцаў з’явілася інфармацыя пра рэшту акцёрскага складу. Асноўныя здымкі пачаліся ў красавіку 2015 года ў Атланце і завяршыліся ў жніўні 2015 года ў Германіі.
Фільм «Капітан Амерыка: Грамадзянская вайна» пачаў Трэцюю фазу КСМ. Сусветная прэм’ера адбылася ў Лос-Анджэлесе 12 красавіка 2016, фільм выйшаў на экраны 5 мая 2016 года ў фармаце 3D і IMAX 3D[21][22].
1991 год. «Гідра» ў Сібіры адраджае сяржанта Джэймса «Бакі» Барнса — Зімовага салдата — з крыягеннага стану, назваўшы сакрэтны код. Яму загадваюць перахапіць груз, і ён адпраўляецца за аўтамабілем. Падстроіўшы аварыю, ён забірае з багажніка пяць пакетаў з сіняй вадкасцю, якая, як аказалася, была аналагам сыроваткі доктара Эрскіна.
Нашы дні.
Прыблізна праз год пасля паражэння Альтрона ад рук Мсціўцаў каманда ў новым складзе, а менавіта: Капітан Амерыка, Чорная ўдава, Сокал і Пунсовая ведзьма спыняюць Кросбаўнса (Брок Рамлау, агент «Гідры», які працаваў у S.H.I.E.L.D.) у час выкрадання біялагічнай зброі з лабараторыі ў Лагасе. Падчас бою Кросбаўнс ператварае сябе на бомбу, хочучы падарваць усіх вакол, але выбух стрымлівае Ванда. Аднак яна не паспявае адкінуць падрыўніка на бяспечную адлегласць і выбух знішчае некалькі паверхаў бальніцы, дзе гінуць людзі, у тым ліку рабочыя Ваканды. Гэта ўзмацняе недавер міжнароднай супольнасці да дзейнасці Мсціўцаў.
Праз месяц у штаб-кватэры Мсціўцаў дзяржаўны сакратар Тадэус Рос нагадвае Мсціўцам пра катастрофы з іх удзелам: бітву за Нью-Ёрк, падзенне S.H.I.E.L.D., катастрофу ў Заковіі і выбух у Лагасе. Ён паведамляе, што ў ААН распрацаваны «Закавіянскі дагавор» — дакумент, які прадугледжвае рэгістрацыю звышлюдзей і кантроль іх дзейнасці. Каманда раздзяляецца: Тоні Старк падтрымлівае кантроль, таму што адчувае віну за стварэнне Альтрона і разбурэнне Заковіі, тым часам Роджэрс, не давяраючы дзяржаўнай праграме, лічыць, што Мсціўцы павінны заставацца свабоднымі. У разгар спрэчак Стыў сыходзіць, таму што прыйшло паведамленне, што яго каханая з мінулага, Пэгі Картэр, памерла, і ён ляціць у Лондан на пахаванне, дзе сустракае Шэран Картэр, пляменніцу Пэгі, якую тая натхніла на ўступленне ў S.H.I.E.L.D.
Капітан адмаўляецца падтрымаць акт, Наташа сведчыць пра ратыфікацыю пагадненняў у Вене, у час якога адбываецца тэрарыстычны акт. Ад магутнага выбуху гіне кароль Ваканды — Т’Чака. Сын Т’Чакі, прынц Т’Чала, прысягае спыніць забойцу, якім лічаць Джэймса Барнса. Нягледзячы на пярэчанні Удавы, Роджэрс і Уілсан накіроўваюцца да ўкрыцця Бакі ў Бухарэсце, і спрабуюць абараніць яго ад нямецкага спецпрызна і таямнічага воіна ў касцюме пантэры. Роджэрс, Уілсан, Барнс і Чорная Пантэра, якім аказаўся Т’Чала, захоплены.
Джэймса Барнса вызваляе палкоўнік Гельмут Зема, былы афіцэр закавіянскага спецпрызна. Выкарыстоўваючы сакрэтны код кантролю, ён дазнаецца ад яго пра місію ад 16 снежня 1991 года, а затым адпраўляе забіць Мсціўцаў. Але Роджэрс і Сокал прыводзяць Бакі ў нармальны стан і дапамагаюць яму ўцячы. Барнс тлумачыць, што Зема даведаўся пра «Эскадрон смерці», элітны атрад суперсалдатаў-забойцаў «Гідры», і адпраўляецца на іх сібірскую базу.
Роджэрс збірае каманду: Пунсовую Ведзьму, Сакалінае вока, Сокала і Чалавека-мурашку. Старк пераконвае Роса дазволіць яму затрымаць Роджэрса і Барнса. Для гэтага ён збірае Удаву, Пантэру, Ваяўніка і Віжэна, а таксама запрашае ў сваю каманду новага героя — маладога хлопца з Куінса Пітэра Паркера. Старк і яго каманда перахапілі каманду Роджэрса ў аэрапорце Лейпцыга, пачынаецца бітва, падчас якой Удава дапамагае Роджэрсу і Барнсу ўцячы. Скот ператвараецца ў Гіганта, але яго перамагаюць Жалезны чалавек, Ваяўнік і Чалавек-павук, у той час як Чорная пантэра перамагае Сакалінае вока. Рэшта каманды Роджэрса арыштавана, у той час як Ваяўніка замест Сокала выпадкова кідае Віжэн. Каманду Капітана садзяць у акіянскую турму Рафт. Параненаму Ваяўніку ставяць дыягназ: параліч усяго цела альбо ніжніх канечнасцей. Тоні высвятляе, што Бакі невінаваты і за ўсім стаяў Зема. Старк даведваецца ў Уілсана, куды накіраваўся Стыў, і ляціць туды. Т’Чала тайна ідзе за ім.
Старк сустракаецца з Роджэрсам і Бакі ў аб’екце «Гідры» ў Сібіры і пагаджаецца з імі. Яны бачаць, што «Эскадрон смерці» быў забіты. Зема заваблівае герояў на аб’ект, дзе паказвае відэазапіс з архіва «Гідры» ад 16 снежня 1991 года, калі Бакі захапіў сыроватку. На ёй добра відаць, як Барнс выцягвае і забівае спачатку Говарда, а затым і яго жонку, Марыю Старк. Тоні прыходзіць у лютасць, але спачатку патрабуе адказу ад Роджэрса, ці ведаў ён гэта. Атрымаўшы сцвярджальны адказ, Жалезны чалавек б’е Капітана і ў лютасці гоніцца за Бакі, вымушаючы Роджэрса абараняць жыццё сябра. Падчас бойкі Старк адстрэльвае Барнсу металічную руку. Але Роджэрс б’ецца і перамагае Старка, разбіўшы дугавы рэактар яго брані шчытом, а затым сыходзіць з параненым Бакі, кінуўшы свой шчыт, калі Тоні сказаў, што ён яго не варты, маючы на ўвазе, што Стыў з яго дапамогай абараняў забойцу Говарда, які і падарыў шчыт капітану ў мінулым. Тым часам Зема распавядае Т’Чалу, што імкнуўся знішчыць Мсціўцаў знутры, адпомсціўшы гэтым за смерць сваёй сям’і ў Заковіі. Ён шкадуе, што ад яго дзеянняў загінуў кароль Т’Чака і становіцца відавочна, што Зема гатовы прыняць смерць ад рук Чорнай пантэры, бо лічыць яго годным чалавекам. Аднак Пантэра заяўляе, што не стане помсціць і Гельмут спрабуе здзейсніць самагубства, але Т’Чала спыняе яго і захоплівае жыўцом.
У фінале Старк дае Роўдзі экзашкілет, каб той ізноў мог хадзіць. Роджэрс дасылае ліст Старку, дзе просіць прабачэння за тое, што не сказаў яму праўду і тлумачыць свае матывы, а таксама мабільны тэлефон, па якім Старк зможа звязацца са Стывам. Тым часам Тоні прыходзіць паведамленне пра ўцёкі Мсціўцаў з турмы, падстроеныя самім Капітанам.
У сцэне пасля тытраў Стыў са сваёй камандай хаваецца ў Вакандзе. Бакі, разумеючы, што занадта небяспечны, вырашае вярнуцца ў крыягенны сон, пакуль хто-небудзь не прыдумае, як вывесці з яго галавы код, запраграмаваны на забойствы. У гутарцы з Т’Чалам Стыў папярэджвае яго пра магчымую небяспеку, калі высвятліцца, што Бакі ў Вакандзе, на што Чорная Пантэра адказвае: «Няхай паспрабуюць». У другой сцэне Пітэр аднаўляецца пасля траўмы і тэстуе вэб-шутары, мадыфікаваныя Старкам. Яны выпускаюць галаграфічны сімвал Чалавека-павука.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.