Зорныя войны. Эпізод I: Уяўная пагроза
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Зорныя войны. Эпізод I: Уяўная пагроза» (англ.: Star Wars Episode I: The Phantom Menace) — амерыканскі эпічны навукова-фантастычны фільм 1999 года, які быў выпушчаны кампаніяй «Лукасфільм» і распаўсюджваўся кампаніяй «20th Century Fox». Аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам стаў Джордж Лукас. Гэта чацверты па ліку фільм кінасагі «Зорныя войны», галоўныя ролі ў якім згулялі Ліям Нісан, Юэн Мак-Грэгар, Наталі Портман, Джэйк Лойд, Рэй Парк, Іэн Мак-Даярмід, Энтані Дэніэлс, Кені Бэйкер, Перніла Аўгуст і Фрэнк Оз.
Падзеі карціны адбываюцца за 32 гады да арыгінальнага фільма. Асноўнымі персанажамі з’яўляюцца майстар джэдай Квай-Гон Джын і яго вучань Обі-Ван Кенобі, якія абараняюць каралеву Амідалу і спадзяюцца на мірнае завяршэнне маштабнай міжпланетнай гандлёвай спрэчкі. Разам з Энакінам Скайуокерам — маладым рабом з надзвычайна высокай канвергенцыяй Сілы — яны адначасова супрацьстаяць таямнічаму вяртанню сітхаў.
Лукас пачаў вытворчасць фільма, калі прыйшоў да высновы, што спецэфекты ў кінематографе прасунуліся да ўзроўню, які ён лічыў неабходным для чацвёртага фільма сагі. Здымкі пачаліся 26 чэрвеня 1997 года на кінастудыі ў Ліўздэне, у пустэльні Туніса і іншых месцах. Візуальныя эфекты стужкі ўключалі ў сябе шырокае выкарыстанне кампутарнай графікі: некаторыя з персанажаў былі цалкам кампутарызаваныя і не існавалі ў рэальным свеце. Фільм быў першай рэжысёрскай працай Джорджа Лукаса пасля 22-гадовага перапынку, калі ў 1977 годзе ён выпусціў першы фільм сагі «Зорныя войны».
Прэм’ера фільма адбылася 19 мая 1999 года, амаль праз 16 гадоў пасля прэмьеры папярэдняга фільма «Зорныя войны. Эпізод VI: Вяртанне джэдая». Яна шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі і была чаканай падзеяй з-за вялікай культурнай спадчыны арыгінальнай трылогіі фільмаў серыі. Нягледзячы на змешаныя водгукі крытыкаў, якія, як правіла, хвалілі візуальны складнік, але крытыкавалі сцэнарый, характары персанажаў і развіццё падзеяў, фільм сабраў больш за $924 мільёны ва ўсім свеце падчас прэм’ернага паказу[16], стаўшы другім касавым фільмам у гісторыі пасля карціны «Тытанік». Ён стаў самым касавым фільмам 1999 года і самым касавым фільмам кінасагі (да выхаду «Зорныя войны: Абуджэнне Сілы» ў 2015 годзе) і зараз уваходзіць у дваццатку самых касавых фільмаў у Паўночнай Амерыцы без уліку інфляцыі. 3D-перавыданне, дзякуючы якому фільм сабраў яшчэ больш за $100 мільёнаў і перасягнуў адзнаку ў $1 мільярд, было выпушчана ў лютым 2012 года. Фільм мае два сіквелы «Зорныя войны. Эпізод II: Атака клонаў», выпушчаны ў 2002 годзе, і «Зорныя войны. Эпізод III: Помста сітхаў», выпушчаны ў 2005 годзе, разам з якімі складае другую трылогію сагі.