From Wikipedia, the free encyclopedia
Дэвон (дэвонскі перыяд, дэвонская сістэма) — геалагічны перыяд палеазойскай эры. Пачаўся каля 416 млн, скончыўся 360 млн гадоў таму. Працягласць дэвона — 56 млн гадоў. Гэты перыяд багаты на біятычныя падзеі. Жыццё вірліва развівалася і асвойвала новыя экалагічныя нішы.
Дэваншыр, або Дэвон — графства ў паўднёва-заходняй Англіі, на тэрыторыі якога распаўсюджаны геалагічныя пароды гэтага перыяду. Хоць скальныя асновы, якія вызначаюць пачатак дэвонскага перыяду, даволі выразныя, дакладная іх датыроўка неадназначная. У адпаведнасці з International Commission on Stratigraphy (Ogg, 2004), Дэвон доўжыўся з канца сілура (416,0 ± 2,8 млн гадоў назад) да пачатку карбону (359,2 ± 2,5 млн гадоў назад).
Арганічны свет дэвонскага перыяду быў багаты і разнастайны.
Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэках панавалі бяссківічныя і рыбы. Росквіт панцырных рыб прыйшоўся на дэвон, аднак у яго канцы клас гэтых рыб цалкам вымер. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — палафіты. Некаторыя групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва утварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы).
Архептэрыксавая флора існавала ў познім дэвоне і змяніла ксілафітавую флору. Вылучана па знаходках у Еўразіі, Паўночнай Амерыцы, Аўстраліі. Складалася з папарацепадобных, дзеразовых і членістасцябловых, у канцы дэвону з’явіліся прымітыўныя голанасенныя (птэрыдаспермы) расліны. Развіваліся сумчатыя грыбы і нематафіты.
Найбольш важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фаўны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астрагалы, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).
Адклады дэвонскай сістэмы вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая частка сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.