Дарыйскае ўварванне
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Дарыйскае ўварванне — гістарычная канцэпцыя, згодна з якой у XII — X стст. да н. э. адбылося нашэсце дарыйцаў на цэнтральныя і паўднёвыя раёны Грэцыі, што абумовіла выцясненне ахейскага дыялекту старажытнагрэчаскай мовы дарыйскім, заняпад Мікенскай цывілізацыі і пачатак Цёмных стагоддзяў. У нашы дні канцэпцыя пераглядаецца гісторыкамі.
У класічны перыяд лічылася, што дарыйцы паходзяць з паўночнага захаду Грэцыі[1]. Іх перасяленне на Пелапанес тлумачылася міфамі аб вяртанні Гераклідаў[2]. Упершыню тэрмін «дарыйскае заваяванне» пры пераказе міфаў ужыў у 1821 г. брытанскі гісторык Вільям Мітфард. Прыхільнікам і папулярызатарам канцэпцыі гвалтоўнага дарыйскага ўварвання быў К. О. Мюлер. Распрацоўшчыкі канцэпцыі імкнуліся з яе дапамогай растлумачыць замену ахейскага дыялекту дарыйскім на поўдні Грэцыі на мяжы 2 і 1 тысячагоддзяў да н. э.
Пасля адкрыцця Генрыхам Шліманам Мікенскай цывілізацыі канцэпцыя набыла новае гучанне, паколькі стала выкарыстоўвацца для тлумачэння заняпаду ахейскіх дзяржаў і пачатку Цёмных стагоддзяў. Эдуард Меер нават звязваў нашэсце дарыйцаў з агульным рухам народаў мора і катастрофай бронзавага веку. Ён лічыў, што дарыйцы перасяліліся на поўдзень з тэрыторый па-за межамі Грэцыі. Пазней яго тэорыя была падтрымана філолагамі[3]. Такім чынам, вызначэнне «ўварванне» атрымала навуковае апраўданне.
У першай палове XX ст. прыхільнікі канцэпцыі дарыйскага ўварвання сабралі яго археалагічныя сведчанні: частковае разбурэнне мікенскіх палацаў і іх заняпад, з’яўленне протагеаметрычнай керамікі, фібул, больш дасканалай апрацоўкі жалеза, доўгіх мячоў, звычая трупаспалення і пахавання ў керамічных пасудзінах[3][4]. Выказвалася думка, што дарыйскае ўварванне магло ўяўляць сабою некалькі хваль[5]. Нягледзячы на тое, што сярод прыхільнікаў канцэпцыі назіраліся ўнутраныя спрэчкі, на некаторы час яна набыла шырокае распаўсюджванне, у тым ліку ў падручніках.
У другой палове XX ст. крытыкі канцэпцыі даказалі памылковасць археалагічных доказаў. З’явілася супрацьлеглае меркаванне, якое сцвярджае пелапанескае паходжанне дарыйцаў. У гэтых умовах гісторыкі, што працягваюць настойваць на міграцыі дарыйцаў з поўначы, вымушаны прызнаваць адсутнасць ясных археалагічных пацверджанняў[6], замяняюць вызначэнне «ўварванне» на «перасяленне». Існуюць і іншыя нейтральныя вызначэнні: «праблема дарыйскага паходжання», «дарыйская праблема»[5].
На ўсім працягу існавання канцэпцыі дарыйскага ўварвання вылучаліся і альтэрнатыўныя погляды. Нямецкі філолаг Э. Рыш стварыў канцэпцыю адзінай протагрэчаскай мовы, з якой паходзілі ўсе вядомыя дыялекты старажытнагрэчаскай мовы[7]. Яна супярэчыла гіпотэзе знешняга ўварвання, паколькі азначала, што этнічны склад насельніцтва Старажытнай Грэцыі на мяжы 2 і 1 тысячагоддзяў да н. э. істотна не мяняўся. У 1956 г. была апублікавана сумесная праца М. Вентрыса і Дж. Чэдвіка, прысвечаная расшыфроўцы лінейнага пісьма Б. Яна паказала, што ахейцы Мікенскага перыяда карысталіся архаічнай формай той жа мовы, што і дарыйцы.
На лінейных надпісах была знойдзена ўзгадка з імем, створаным ад назвы дарыйцаў. На гэтай падставе ў 1976 г. Дж. Чэдвік высунуў канцэпцыю пелапанескага паходжання дарыйцаў. На яго думку, дарыйцы суіснавалі з прадстаўнікамі Мікенскай цывілізацыі, але прадстаўлялі ніжэйшы пласт насельніцтва[4]. Пачатак Цёмных стагоддзяў і пашырэнне дарыйскага дыялекту маглі адбыцца ў выніку паўстання дарыйцаў або пашырэння арэала іх пасялення пасля ўварвання з поўначы іншых, больш моцных ворагаў. Міф пра вяртанне Гераклідаў і міфічная генеалогія дарыйцаў вядомы толькі з архаічнага перыяда[8], а таму не могуць быць пацверджаннем міграцыі дарыйскіх плямён.
З 1960-х гг. археалагічныя даследаванні ранніх этапаў развіцця Старажытнай Грэцыі былі пашыраны. Яны паказалі безгрунтоўнасць большасці ранейшых сведчанняў дарыйскага ўварвання. Высветлілася, што пахаванне праз трупаспаленне і выкарыстанне фібул былі вядомы ў Мікенскі перыяд, веды пра апрацоўку жалеза прыйшлі ў Грэцыю з Малой Азіі, з надыходам жалезнага веку грэкі карысталіся мікенскай формай мячоў, протагеаметрычны стыль узнік у Атыцы, населенай іанійцамі[9][10][11][12]. Такім чынам, было страчана атаясненне дарыйцаў з пэўнымі артэфактамі. Засталося толькі сведчанне ў выглядзе пацярпелых мікенскіх палацаў. У сучаснай гістарычнай літаратуры іх разбурэнне найчасцей не звязваецца з прыходам дарыйцаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.