From Wikipedia, the free encyclopedia
Дарфурскі канфлікт — ваенны канфлікт у рэгіёне Дарфур на захадзе Судана, які пачаўся ў лютым 2003 года, калі паўстанцкія групы пачалі барацьбу з урадам Судана, які яны абвінавацілі ва ўціску неарабскага насельніцтва[16][17]. Урад адказаў на атакі шляхам правядзення кампаніі этнічнай чысткі супраць дарфурскіх неарабаў. Гэта прывяло да гібелі сотняў тысяч мірных жыхароў і абвінавачванні прэзідэнта Судана Амара аль-Башыра ў генацыдзе, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці ў Міжнародным крымінальным судзе.[18]
Дарфурскі канфлікт | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Суданскія грамадзянскія войны | |||
Дата | 26 лютага 2003 — 31 жніўня 2020 | ||
Месца | Дарфур, Судан | ||
Вынік | Джубінскі мірны дагавор | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Адзін з бакоў канфлікту складаецца ў асноўным з узброеных сіл Судана, паліцыі і «Джанджавід», груп суданскага апалчэння, якія набіраюцца ў асноўным сярод арабізаваных карэнных афрыканцаў і невялікай колькасці бедуінаў паўночнага племя рызейгат; большасць іншых арабскіх груп у Дарфуры застаецца неўцягнутымі[19]. Іншы бок складаецца з паўстанцкіх груп, у прыватнасці ВРС і РСР, набраных у асноўным з неарабскіх мусульманскіх этнічных груп фур, загава і масаліт. Афрыканскі Саюз і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый таксама далучыліся да сумеснай місіі па падтрыманні міру ў рэгіёне, названай ЮНАМІД. Хоць урад Судана публічна адмаўляў, што падтрымліваў «Джанджавід», шматлікія звесткі пацвярджаюць сцвярджэнні, што ён забяспечыў фінансавую дапамогу і зброю, а таксама скаардынаваў сумесныя атакі[20][21].
Найбольш буйной народнасцю рэгіёну з’яўляюцца фора (фур). Частка гэтага этнасу з’яўляецца арабамоўнай, але большасць кажуць на ўласнай мове. Пражываюць таксама вялікі лік араба-суданцаў, нубійцаў і некалькі дзесяткаў больш дробных народнасцяў, у асноўным негрыцяне. Некаторыя з дарфурскіх народнасцяў арабізаваныя і страцілі свае мовы, але захавалі элементы традыцыйнай культуры.
Па ладзе жыцця насельніцтва Дарфура дзеліцца на жывёлагадоўцаў-качэўнікаў, сярод якіх пераважаюць араба-суданцы, і аселае земляробчае насельніцтва, прадстаўленае чорнасукрымі народнасцямі. У гарадах пражываюць прадстаўнікі ўсіх дарфурскіх народнасцяў.
Племяны фактар гуляе вялікую ролю ў жыцці мясцовага насельніцтва. Кожнае племя мае замацаваную за ім «дору» — тэрыторыю рассялення. У межах свайго ўчастка племя з’яўляецца практычна неабмежаваным уладальнікам земляў, пашы і водных крыніц.
У культурным плане большая частка насельніцтва рэгіёну значна бліжэй да суседняга Чаду, чым да астатняга Судану, размешчанага ў даліне Ніла. Таксама Дарфур лічыцца самым засушлівым і бедным раёнам краіны.
Канфлікт нарастаў даўно. З-за суровага клімату ішла зацятая канкурэнцыя за зямельныя і водныя рэсурсы паміж жывёлагадоўцамі і чарнаскурымі земляробамі, якая вылілася ў міжэтнічную барацьбу за выжыванне ў няпростым рэгіёне. Ускладненне адбылося ў канцы ХХ стагоддзя, калі пустыня стала паглынаць раней прыдатныя да пражывання зямлі, заселеныя арабамі-качэўнікамі, і тыя сталі міграваць на поўдзень. Нагодай да адкрытага ваеннага канфлікту стала пагадненне паміж Хартумам і паўстанцамі Поўдня аб падзеле прыбыткаў ад здабычы нафты. Чарнаскурае насельніцтва Дарфура лічыла, што ў дамове не былі ўлічаныя іх эканамічныя інтарэсы.
У 2003 годзе супраць урада Судана выступілі дзве ваенізаваныя групоўкі: «Фронт вызвалення Дарфура», пазней пераназваны ў Суданскі вызваленчы рух (SLM/СВР), і «Рух за справядлівасць і роўнасць» (JEM/РСР)[22].
25 лютага атрады СВР захапілі горад Гола паблізу мяжы з Чадам, а 4 сакавіка яго атрады паспрабавалі захапіць Эль-Фашэр, але былі адкінуты ўрадавымі войскамі[23]. 6 верасня ўрад і СВР пры пасярэдніцтве Чада падпісалі пагадненне аб спыненні агню, дамовіўшыся пачаць поўнамаштабныя перамовы па ўрэгуляванні канфлікту. Аднак неўзабаве кіраўніцтва баевікоў абвінаваціла ўрад у зрыве дамовы. Узрастанне і інтэнсіўнасць канфлікту вымусіла ўлады перакінуць у Дарфур буйныя ваенныя падмацаванні, больш шырока і актыўна стала падлучацца ваенная авіяцыя. Урад Судана задзейнічаў арганізаванае з мясцовых арабамоўных качэўнікаў апалчэнне «Джанджавід» («д’яблы/джыны на конях»), якія рэгулярна здзяйснялі напады на чарнаскурых фермераў, спальваючы пры гэтым цэлыя вёскі і здзяйсняючы іншыя віды гвалту. Апалчэнцы выганялі чорныя плямёны для вызвалення сельскагаспадарчых зямель. Аналагічныя мерапрыемствы праводзілі іх праціўнікі супраць араба-суданцаў[24].
У лютым 2004 годзе ўрад пасля захопу горада Ціне на мяжы з Чадам абвясціў аб сваёй перамозе над паўстанцамі, аднак баевікі захоўвалі кантроль над сельскімі раёнамі.
23 жніўня 2004 года ў сталіцы Нігерыі Абуджы пачаліся шматбаковыя перамовы па ўрэгуляванні дарфурскага крызісу з удзелам прадстаўнікоў паўстанцкіх груповак і суданскага ўрада. Сустрэча праходзіла пад эгідай Афрыканскага саюза пры ўдзеле Лігі арабскіх дзяржаў, а таксама Эрытрэі, Лівіі, Уганды, Чада і Малі. Перамовы практычных вынікаў не прынеслі.
18 кастрычніка ў Трыпалі (Лівія) адбыўся саміт з удзелам дэлегацый Лівіі, Судана, Чада, Егіпта і Нігерыі, а таксама прадстаўнікоў двух паўстанцкіх груповак Дарфура, дзе была зроблена спроба ўрэгуляваць крызіс сіламі саміх афрыканцаў. Судан выступіў тут з шэрагам ініцыятыў, напрыклад, правесці дэцэнтралізацыю ўлады ў правінцыі, стварыўшы органы мясцовага самакіравання. Урад таксама абвясціў аб згодзе значна павялічыць ваенны кантынгент Афрыканскага саюза ў Дарфуры — з 465 да 4,5 тыс. чалавек. На саміце ў Лівіі ўдзельнікі дамовіліся, што праблему Дарфура трэба вырашаць сваімі сіламі, без умяшання міжнароднай супольнасці.
5 мая 2006 года ў Абуджы (Нігерыя) паміж урадам Судана і СВР было падпісана першае мірнае пагадненне[25].
У лютым 2010 года ўрад Судана і РСР падпісалі пагадненне аб спыненні агню, з папярэднім пагадненнем імкнуцца да міру. РСР меў найбольшую выгаду ад перамоваў і мог імкнуцца да паўаўтаноміі гэтак жа, як Паўднёвы Судан[26]. Аднак перамовы былі сарваны абвінавачваннямі, што суданская армія пачала рэйды і паветраныя ўдары па вёсцы, дзе хаваліся баевікі, парушыўшы пагадненне па толу. РСР паабяцала байкот перамоў[27].
Увечары 29 верасня 2007 года больш за 1000 узброеных баевікоў суданскай вызваленчай арміі напалі на ваенную базу афрыканскіх міратворцаў у горадзе Хасканіта і пасля шматгадзіннага бою, захапіўшы на базе зброю, яны спалілі яе дашчэнту. У выніку гэтага нападу загінулі дзесяць міратворцаў, сем з якіх былі з Нігерыі. «Рух за роўнасць і справядлівасць», у сваю чаргу, абвінаваціў у інцыдэнце непасрэдна ўрадавыя войскі. Услед за гэтым суданская армія ўзяла Хасканіту, пасля чаго населены пункт быў цалкам спалены.
У ліпені 2020 года ў раёне гарадоў Кутум (14-га чысла), Абудос (24-га) і Мійстэры (з 25 па 26-га) адбыліся масавыя забойствы і сутыкненні. Кіраўніцтва Судана і сумесная місія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Афрыканскага саюза ў Дарфуры (ЮНАМІД) звязвалі масавыя забойствы з зямельнымі канфліктамі з-за правоў на занятак сельскай гаспадаркай, якія ўзніклі паміж неарабскімі племяннымі фермерамі-масалітамі і арабскімі плямёнамі бедуінаў[28], якіх урад лічыць адказнымі за напады[29].
31 жніўня 2020 года чатыры групоўкі (Рух за справядлівасць і роўнасць, Суданскі альянс, Збор сіл вызвалення Судана і адна фракцыя ВРС) падпісалі з новымі ўладамі (Суверэнны савет Судана) Джубінскае мірнае пагадненне. Яны прыпынілі антыўрадавую дзейнасць і далучыліся да працэсаў па дэмакратызацыі Судана[30].
У канцы красавіка 2023 года, на фоне супрацьстаяння паміж генераламі Бурханам і Дагала, канфлікт абвастрыўся: 28 красавіка ў рэгіёне адбыліся сутычкі арабаў з масалітамі[31].
Абодва бакі ў канфлікце абвінавачвалі адзін аднаго ў сур’ёзных парушэннях правоў чалавека, уключаючы масавыя забойствы, згвалтаванні і рабаванні мірных жыхароў. Крызіс прыняў міжнародныя маштабы, калі больш за сто тысяч бежанцаў, якія пераследваліся атрадамі «джанджавідаў», хлынулі ў суседні Чад, што прывяло да сутыкненняў паміж «джанджавідамі» і чадскімі памежнікамі. Былы дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл ахарактарызаваў сітуацыю як генацыд або акты генацыду.[32]
1 сакавіка 2012 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт міністра абароны Судана М. Хусейна па абвінавачванні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці ў Дарфуры ў 2003—2004 гадах[33].
У 2004 годзе ў краіну была накіравана група назіральнікаў ААН, якая паступова вырасла да міратворчага кантынгенту. Адной з галоўных прычын гэтага можна лічыць гіганцкі паток бежанцаў, якія лінулі ў суседнія краіны, асабліва ў Чад. Гуманітарны крызіс таксама турбаваў Францыю, былую метраполію Чада, якая не жадала хаосу ў сваёй былой калоніі. Між тым французскія кампаніі асцерагаліся страты сваіх радовішчаў у Дарфуры[34].
Згодна з штогоднікам SIRPI, з 2001 па 2007 год асноўным прыхільнікам суданскага ўрада з’яўляліся Расія і Кітай. Так, у 2004 годзе на долю Расіі прыйшлося 99% ад агульнага ліку ваенных закупак Судана — 297 мільёнаў долараў. Паводле тых жа даных, РФ было пастаўлена ў Судан ў 2006 годзе 41%, а ў 2007 годзе 96% зброі і боепрыпасаў, на агульную суму ў 54 мільёна долараў. Аднак Кітай і Расія гэтыя абвінавачванні ў парушэнні эмбарга ААН на продаж зброі ўдзельнікам дарфурскага канфлікту адхілілі. Прадстаўнік Судана ў ААН таксама назваў гэтыя абвінавачванні неабгрунтаванымі[35].
Пэўную падтрымку ўладам аказалі таксама Іран і Беларусь. Паведамлялася, што прададзеныя ў 2000-я апошняй Судану БТРы і верталёты Мі-24 выкарыстоўваліся ў баях супраць дарфурскіх баевікоў[36][37][38].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.