Вуліца Ві́льняўс, або Ві́льнюская вуліца[1] (традыцыйная беларуская назва — Ві́ленская[2]; літ.: Vilniaus gatvė, польск.: ulica Wileńska) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Горадзе. Звязвае Зялёны мост са скрыжаваннем вуліц Дамініканскай, Троцкай і Нямецкай.
Хуткія факты Вільняўс Вільнюс, Агульная інфармацыя ...
Вуліца атрымала назву ад ракі Віліі, куды яна вяла ад гістарычнага Рынка. У 1536 годзе цераз раку Вілію перакінулі першы мураваны мост, які пазней атрымаў назву Зялёнага.
У доме № 20 на рагу з Новай вуліцай (не захаваўся) у 1908—1910 гадах знаходзілася рэдакцыя газеты «Наша Ніва». Менавіта сюды прыйшоў у верасні 1908 года Іван Луцэвіч (Янка Купала), які стаў супрацоўнікам газеты на грамадскіх пачатках (з 1914 года заняў пасаду рэдактара)[3].
Пасля Другой сусветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя літоўскага паэта Людаса Гіры. У наш час вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
Даўжыня каля 1,2 км. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжавання з Жыгімонцкай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
Перасякаецца вуліцамі Альберта Гаштольда (налева) і Маставой (направа), праспектам Гедзіміна. З правага боку адыходзяць гістарычная Пясковая (цяпер Вінцэнта Кудзіркі), Дабрачынная, Людвісарская і Бенедыкцінская, з левага — Яўхіма Лялевеля, Ісландская, Паланская і Клайпедская вуліцы.
Паміж Зялёным мостам і праспектам Гедзіміна мае асфальтавую праезную частку, паміж праспектам Гедзіміна і вуліцамі Троцкай і Дамініканскай — брукаваную.
Няцотны бок
№ 21 — дом Янушэўскага, таксама вядомы як рэдакцыя газеты «Наша Доля». Дом збудавалі ў 1898 годзе паводле праекту архітэктара Юльяна Янушэўскага. З 14 верасня да 14 снежня 1906 года тут размяшчалася рэдакцыя газеты «Наша Доля»[4] (у гэты час дом меў адрас Віленская вуліца, 32[3]). У 1913 годзе яго набыў граф Сяргей Лапацінскі.
№ 41 — Малы палац Радзівілаў, таксама вядомы як Беларускі банк. З XVII ст. тут знаходзілася галоўная віленская рэзідэнцыя роду Радзівілаў. У канцы XVIII — першай палове XIX стагоддзяў палац выконваў функцыю гарадскага тэатра. У XX ст. у будынку працавалі некалькі беларускіх устаноў і арганізацый: Беларускі кааператыўны банк, якім кіраваў праваслаўны святар Аляксандр Коўш, Студэнцкі саюз, Беларускае кааператыўнае таварыства «Пчала», рэдакцыі дзіцячага часопіса «Заранка» і сельска-гаспадарчага «Саха». У другой палове 1920-х гадоў тут жыў ідэолаг беларускага адраджэння Антон Луцкевіч. У наш час тут размяшчаецца Літоўскі музей тэатру і кіно.
Цотны бок
№ 14 — дом, у якім у 1907—1908 гадах жыў беларускі паэт Янка Купала. У 1914—1915 гадах у гэты будынку размяшчалася рэдакцыя «Нашай Нівы» (тады дом меў адрас Віленская вуліца, 14). Пра гэта напамінае памятная дошка, усталяваная на фасадзе будынка ў 1980-х гг. Дошка была мела надпіс на дзвюх мовах, літоўскай і беларускай. 27 лютага 2013 года дошка была ўрачыста заменена на новую (скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай)[5]. Да другой паловы 1910-х гадоў у гэтым доме таксама размяшчаўся Беларускі клуб[3].
№ 22 (таксама Гарбарская вуліца, 3 і Людвісарская вуліца, 2) — палац Радзівілаў, збудаваны ў XVII ст.ваяводам віленскімЯнушам Радзівілам паводле праекту архітэктара Яна Ульрыха. У XIX ст.Радзівілы перадалі палац Віленскаму філантрапічнаму таварыству, якое валодала ім да 1940 года. З прычыны войнаў і пажараў на пачатак XX ст. будынак быў практычна разбураным. Па Першай сусветнай вайне ацалела толькі паўночнае крыло палаца. У 1967 годзе пачалася рэканструкцыя палаца, якая не завяршылася да нашага часу. З 1990 года ў будынку размяшчаецца філіял Літоўскага мастацкага музея[6].
№ 39 — Дом настаўніка. У 1913 годзе ў будынку адбылася прэм’ера спектакля «Паўлінка», на якой прысутнічаў і сам аўтар — Янка Купала. Гэта стала магчымым дзякуючы высілкам віленскага беларускага музычна-драматычнага гуртка, у які ўваходзіў шэраг вядомых беларускіх дзеячаў культуры. Акрамя гэтага, з беларускім музычна-драматычным гуртком стала супрацоўнічаў «патрыярх літоўскай незалежнасці» Ёнас Басанавічус[7].
Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову». Патэнцыянальна ў беларускай мове адтапанімічныя прыметнікі можна ўтварыць ад розных літоўскіх геаграфічных назваў, выражаных словазлучэннямі з наменклатурным тэрмінам у сваім складзе. Напрактыцы, за выключэннем назваў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, пераважна прымяняецца спосаб частковай транслітарацыі, пры якім анамастычная частка назвы транслітаруецца, а наменклатурны тэрмін перакладаецца.