Блужа (аграгарадок)
аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Блу́жа[1] (трансліт.: Bluža, руск.: Блужа) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Блужскага сельсавета. Месціцца за 12 км на паўднёвы ўсход ад Мар’інай Горкі, за 66 км ад Мінска, чыгуначны прыпынак Майскі, на рацэ Сіняўка.
Аграгарадок
Блужа
| ||||||||||||||||||||||||||
У канцы XIV стагоддзя палову Блужы атрымаў як выслугу князь Андрэй Васілевіч, які загінуў у бітве на Ворскле (1399), а пасля трымалі яго беспатомныя нашчадкі, другую палову Блужы трымаў пан Румбольд Валімунтавіч. Палова нашчадкаў князя Андрэя, як вымарачная адышла да вялікага князя Вітаўта, які 19 красавіка 1411 года перадаў яе Віленскаму капітулу ў абмен на іншыя маёнткі.[2] У 1567 годзе сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
У 1714 годзе блужскія землі належалі Лявону Замайскаму, а ў 1725 годзе ўладальнікамі былі Адам і Аўгусціна Троські.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Цэнтр праваслаўнага прыходу, у Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні.
У 1795 годзе землі Ігуменскага графства «былі наданы генерал-маёру Папову (які пасля быў дзейсным стацкім саветнікам) з колькасцю 1175 душ з усімі належалымі таму маёнтку землямі і ўгоддзямі 28 356 дзесяцін 1599 сажняў, у тым ліку вёска Блужа».
У 1832 годзе ў Блужы ўжо новыя ўладальнікі — Пётр і Тэафілія Завадскія. Пры Тэафіліі ў 1844 годзе на землях Беларусі праводзілі інвентарную рэформу, тады ж быў складзены інвентар маёнтка Блужа. Маёнтку Блужа належалі вёскі: Падосава — 22 двары, Берлеж — 32, Бабы — 12, Арэшкавічы — 16, Слабодка — 8, Суцін — 15, агулам 105 цяглых двароў. У маёнтку жылі дваровыя людзі — 10 сямей: Баешкі, Галавінчыкі, Кульбіцкія, Прановічы, Палазнікі, Міклушы, Кавалевічы, Шаўцовы.
У другой палове XIX стагоддзя маёнтак выкупіў Юльян Булгак[3]. У 1869 годзе адкрыта народнае вучылішча. У 1879 годзе праваслаўнай царкве належала 100 дзесяцін зямлі, прыход налічваў каля 1600 чалавек. Распаўсюджаны бандарныя, цяслярскія і перавозныя промыслы. У 1886 годзе ў народным вучылішчы займаліся 36 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак, настаўніцай працавала Ганна Дарафеева. У 1900 годзе — 45 вучняў (сярод іх 2 дзяўчынкі), іх вучыў настаўнік Васіль Макарэня.
У 1890 годзе пабудавана Успенская царква, будынак для школы. У 1897 годзе ў сяле (яно ж Падвосаў) было народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейны дом, царква, побач маёнтак (ён жа Гародна).
У 1917 годзе адбыліся хваляванні, сяляне захапілі сенажаці. Апошні ўладальнік маёнтка — Б. Булгак.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёмасць маёнтка нацыяналізаваная. На базе народнага вучылішча створана школа 1-й ступені, у якой 1922 годзе займаліся 54 вучні. З 20 жніўня 1924 года цэнтр сельсавета Пухавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У пачатку 1930-х праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Чырвоны кастрычнік», працавала кузня.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. У ваколіцах вёскі дзейнічала савецкае падполле.
У 1966 годзе да Блужы была далучана вёска Бабы. У 1970 годзе цэнтр калгаса «1 Мая». 29 студзеня 2010 года вёска ператворана ў аграгарадок[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.