Бернардзінцы — манахі г.зв. абзерванцкай галіны манаскага ордэна францысканцаў на Беларусі, у Літве і Польшчы. Бернардзінцы прытрымліваліся першапачатковага, больш строгага статута Францыска Асізскага. Патрабаванні аб вяртанні да гэтага статута з'явіліся у 13 ст. — пачатку 14 ст. У 1415 годзе францысканскі прапаведнік Бернард Сіенскі звярнуўся да Папы Рымскага Марціна V з просьбай пацвердзіць першапачатковы статут. Канстанцкі сабор 1415 задаволіў гэту просьбу. У 1430 г. на генеральным капітуле ордэна францысканцаў-абсервантаў, пазней на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і паўднёваславянскіх землях за імі замацавалася назва «бернардзінцы» (ад імя прапаведніка Бернарда Сіенскага). У 1431 годзе пры Папе Яўгену IV францысканцы-абсерванты атрымалі права ўвесці пасаду генеральнага вікарыя. Ім стаў Б. Сіенскі. Канчатковы разрыў бернардзінцаў з ордэнам францысканцаў адбыўся ў 1517 г. пры Папе Льву IX. Апраналіся бернардзінцы ў сутану цёмна-шэрага колеру з капюшонам, плашч, насілі пояс з белай воўны. На Беларусь бернардзінцы прыйшлі з Польшчы. Галоўнымі мэтамі якіх былі місіянерская праца сярод праваслаўнага насельніцтва і пастырская дзейнасць. У 1467 г. быў створаны польскі вікарыят, а на яго аснове ў 1517 г. — польская правінцыя, з якой у 1530 г. вылучалася Літоўская правінцыя (у 1570 годзе зноў яб'яднана з Польскай). У 1628 г. Польская правінцыя падзелена на Велікапольскую, Малапольскую, Рускую і Літоўскую, а ў 1630 г. Малапольская, Руская і Літоўская правінцыі аб'яднаны ў Польскую (Малапольска-Літоўскую) правінцыю. З апошняй у 1637 годзе вылучалася Руская, а ў 1731 — Літоўская.
Манашкі-бернардзінкі першапачаткова сяліліся пры мужчынскіх кляштарах ордэна і не прымалі абавязку сталага жыхарства пры кляштары (кляўзуру). У 1566 годзе Папа Пій V абавязаў іх прыняць кляўзуру і тры манаскія абавязкі.
Беларусь
На Беларусі дзейнічалі чатыры жаночыя кляштары бернардзінцаў: у Брэсце (1624—1831, фундатар Гелена Копцава з роду Дульскіх), Гродне (каля 1618—1853, фундатар Геранім Валовіч, староста жмудскі), Мінску (1630—1866, фундатар Аляксандр Служка), Слоніме (1645—1907, фундатар Канстанцыя Юдзіцкая-Салатыцкая). Мужчынскіх кляштароў бернардзінцаў было значна больш: у Беніцы, Беразіне, Будславе, Брэсце, Гродне, Віцебску, Валожыне, Глуску, Друі, Іўі, Магілёве, Мазыры, Мінску, Мікуліне, Мсціславе, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Полацку, Селішчы, Слоніме, Слуцку, Юрэвічах. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), бібліятэкі, часам аптэкі.
Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ўплыў ордэна паступова змяншаўся, амаль усе іх кляштары спынілі сваю дзейнасць у 1860-я гады.
Літаратура
- Zakony męskie w Polsce w 1772 roku. Lublin. 1972 (Materiały do Atlasu historycznego chrześcijaństwa w Polsce. T. 1);
- Kantak K. Bernardyni polscy. T. 1-2. Lwów, 1933.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Christianin. Віленскія бернардыны як прыхільнікі уніі (Пераклад Леаніда Лаўрэша) // Наша Слова. № 29 (1492), 15 ліпеня 2020. // на pawet.net
- Бернардыны ў Літве і Беларусі (Пераклад Леаніда Лаўрэша) // Наша слова.pdf № 40, 5 кастрычніка 2022.; № 41, 12 кастрычніка 2022.; № 42, 19 кастрычніка 2022.; № 43, 26 кастрычніка 2022. // на pawet.net
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.