Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), Партыя беларускіх эсэраў — палітычная партыя ў 1918—1924.
Пачала фарміравацца ў красавіку 1918. Ініцыятарам сгварэння БПС-Р была народніцкая група на чале з Т. Грыбам і П. Бадуновай, якая выступіла супраць правага крыла ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) за яго падтрымку германскай арыентацыі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і заявіла пра сваю аўтаномію ў рамках БСГ.
Прадстаўнікі групы выйшлі з Народнага сакратарыята БНР і ў маі 1918 заявілі аб стварэнні БПС-Р. Кіруючае ядро партыі склалі выхадцы з БСГ: М. Асвяцімскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Л. Заяц, А. Карач, Я. Ладноў, Я. Мамонька, А. Маркевіч, С. Некрашэвіч, М. Пашкевіч, У. Русак, Я. Трафімаў, Я. Чарапук, Ф. Шантыр, М. Шыла і інш. Пазней да іх прымкнулі В. Ластоўскі і А. Цвікевіч.
Друкаваныя органы — «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «3маганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губернскія камітэты БПС-Р. У ліпені 1920 налічвала больш за 20 тыс. членаў, у т. л. 5 тыс. партыйных функцыянераў. Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі» (10 тыс. членаў), «Сувязі беларускага сялянства» (20 тыс. членаў), кантралявала Усебеларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскую сялянскую раду.