Беларуская дыяспара
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская дыяспара — сталае, доўгатэрміновае ці часовае пражыванне значнай часткі беларускага народа (этнічнай супольнасці) па-за дзяржавай (гістарычнай тэрыторыяй) свайго паходжання. Фарміравалася ў выніку эміграцыі — выезду грамадзян са сваёй Бацькаўшчыны ў іншыя краіны на пастаяннае або доўгае пражыванне па палітычных, рэлігійных, эканамічных, этнічных ці іншых прычынах, а таксама ў выпадку сацыяльных (войны, рэвалюцыі) або прыродных катаклізмаў.
У канцы XIX ст. — 1980-я гг. дыяспара ахоплівала ад 1/6 да амаль 1/3 часткі беларускай нацыі[1]. У пачатку 1990-х гг. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў. Гэта лічба ўключае ў сябе нашчадкаў эканамічных эмігрантаў з Беларусі канца XIX стагоддзя і пачатку XX стагоддзя, эмігрантаў часоў Другой сусветнай вайны, а таксама эмігрантаў з хвалі, якая пачалася ў 1990-х гадах. Іншая група беларускай дыяспары — людзі, якія мігравалі ў СССР да 1991 года, а пасля яго распаду сталі жыхарамі постсавецкіх краін. Асобную групу складаюць карэнныя беларускія меншасці, якія пражываюць на межах Беларусі з Польшчай, Латвіяй, Літвой, Расіяй, Украінай.
Найбуйнейшыя і найбольш арганізаваныя беларускія дыяспары пражываюць у Расіі, Украіне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, краінах Балтыі. Існуе тэндэнцыя да скарачэння колькасці людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы паводле афіцыйных перапісаў.
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» з’яўляецца міжнароднай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае людзей беларускага паходжання з усяго свету. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні з 1919 года і дзейнічае ў якасці цэнтра кансалідацыі для многіх беларусаў за мяжой, асабліва ў Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе.