Анды
From Wikipedia, the free encyclopedia
А́нды, Андыйскія Кардыльеры, Кардыльера-дэ-лос-Андэс (ісп.: Andes; Cordillera de los Andes) — горная сістэма ў Паўднёвай Амерыцы. Даўжыня 9000 км. Найвышэйшы пункт — гара Аканкагуа.
Анды | |
---|---|
ісп.: Cordillera de los Andes | |
Краіны | |
Даўжыня | 9 000 км |
Шырыня | 500 км |
Найвышэйшая вяршыня | Аканкагуа |
Найвышэйшы пункт | 6962 м |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Анды з’яўляюцца самым працяглым горным ланцугом Зямлі. Горы цягнуцца ўздоўж заходняга ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі ад Венесуэлы праз Калумбію, Эквадор, Перу, Балівію, Аргенціну і Чылі. Складаюцца з двух, у асобных частках — з некалькіх паралельных галоўных храбтоў. У сваёй сярэдняй частцы (Перу, Балівія, Паўночны Чылі і Паўночная Аргенціна) горныя храбты ляжаць на вялікай адлегласці адзін ад другога і ўтвараюць цэнтральнае нагор’е Альтыплана, да якога адносіцца таксама і возера Тытыкака. Цэнтр імперыі інкаў, Куска, знаходзіўся паўночней гэтага нагор’я.
Анды — буйны міжакіянскі вадападзел; на ўсходзе ад Андаў цякуць рэкі басейна Атлантычнага акіяна (у Андах бяруць пачатак сама Амазонка і многія яе вялікія прытокі, а таксама прытокі Арынока, Парагвая, Параны, рэкі Патагоніі), на захадзе — басейна Ціхага акіяна (пераважна кароткія).
Анды служаць важнейшым у Паўднёвай Амерыцы кліматычным бар’ерам, які ізалюе тэрыторыі на захад ад Галоўнай Кардыльеры ад уплыву Атлантычнага Акіяна, а тэрыторыі на ўсходзе — ад уплыву Ціхага акіяна. Горы ляжаць у шасці кліматычных паясах (экватарыяльным, паўночным і паўднёвым субэкватарыяльным, паўднёвым трапічным, субтрапічным і ўмераным) і адрозніваюцца рэзкімі кантрастамі ва ўвільгатненні ўсходніх (падветраных) і заходніх (надветраных) схілаў.